Футбол

Filed under: Нумары,Спорт |

ЯК ПАЛЕПШЫЦЬ НАСТРОЙ

Выязныя матчы ў Мікашэвічах, Гомелі і Мінску не папоўнілі ачковую скарбонку «Нёмана-Агра». Наша каманда апусцілася на апошняе месца ў турнірнай табліцы розыгрышу чэмпіянату рэспублікі ў першай лізе. І што далей?

У балельшчыкаў, якія запаўнялі трыбуны стадыёна «Юнацтва», усё ж адчуваўся аптымістычны настрой. Жыва аналізавалі апошнія спартыўныя падзеі: не аднымі ж навінамі раёна задавальняцца. «Смакавалі» гол-шэдэўр Паўла Савіцкага ў матчы адборачнага турніру на першынство свету. Прыгожы гол, які дапамог зборнай Беларусі адолець сапернікаў з Балгарыі, – 2:1. Прыгадвалі класную гульню Савіцкага ў мінулагоднім матчы на Кубак Беларусі ў нашым горадзе камандаў «Нёман-Агра» і «Нёман» (Гродна).

І вось пачынаецца матч камандаў «Нёман-Агра» і «Хімік» (Светлагорск). Першыя мінут пятнаццаць вялася як бы разведка магчымасцяў сапернікаў. Затым нашы футбалісты ўсё больш упэўнена бралі ініцыятыву. Усё ж на перапынак каманды пайшлі, калі на табло стадыёна значылася 0:0.

Другі тайм прайшоў з перавагай стаўбчан. Настойліва рваўся наперад наш нападаючы Аляксей Рудзянок. Але аднаму яму цяжка было адолець «заслон» абаронцаў сапернікаў. Трэнер нашай каманды па звыклай сваёй тактыцы робіць рад замен, на поле выходзяць, можна сказаць, карэнныя стаўбчане Аляксандр Паляшчук, Уладзіслаў Рубін, Дзмітрый Даўбейка. І чарговы востры момант заканчваецца дакладным ударам Аляксея Рудзянка – 1:0. Ішла 82-я мінута гульні. А перад фінальным свістком суддзі Аляксей з вострага вугла пасылае мяч у пакінутыя галкіперам светлагорцаў вароты. Апладысментамі дружна ўсе вітаюць перамогу нашай каманды з лікам 2:0. Сапраўды, паказалі футбалісты ўменне, праявілі волю і характар.

Поспех дазволіў стаўбчанам падняцца з канца турнірнай табліцы на дзве прыступкі, яны на чатырнаццатым месцы. А ўпэўнена лідзіруе каманда «Смалявічы-СТІ», на рахунку якой 25 ачкоў, у «Лакаматыва» – 19, у «Белшыны» і «Тарпеда» – па 15 ачкоў. Цяпер нашых чакае выпрабаванне з таксама няпростым сапернікам – ФК «Слонім-2017″, які займае пятае месца. Гульня адбудзецца ў наступную нядзелю на полі слонімцаў.

 

НА ДВА ФРАНТЫ

На слыху ў нашых аматараў футбола каманда «Нёман-Агра», якая вядзе барацьбу за дастойны вынік у першынстве Беларусі. І яшчэ адзін футбольны калектыў Стаўбцоўшчыны прадстаўлены на спартыўнай арэне. Гэта «Нёман-ДЮСШ». «Малодшыя нёманцы» выступаюць удала. Пасля чатырох праведзеных матчаў яны займаюць другое месца з дзевяццю набранымі ачкамі. Наперадзе толькі «Лівадзія-ЮНІ» з Дзяржынска – 12 ачкоў. Далей ідуць ФК «Фалько» (Дзяржынскі раён), «Колас» (Чэрвеньскі раён), «Хімік-Беларуськалій» (Салігорск), ДЮСШ-2 (Барысаўскі раён), ФК «Старыя Дарогі», ФК «Нясвіж», ФК «Лагойск», ФК «Беразіно».

З большасцю названых калектываў стаўбчане сапернічалі падчас выступлення ў абласным першынстве. Цяпер жа пайшлі на павышэнне, спадзяёмся, на працяглы перыяд. Адзначым, што сярод самых выніковых бамбардзіраў пакуль значыцца наш Дзмітрый Даўбейка. На яго рахунку пяць праведзеныз у вароты сапернікаў галоў. Заўважым, што Дзмітрый Даўбейка, як і Рудзянок і Сукала, з’яўляюцца таксама асноўнымі ігракамі каманды «Нёман-Агра».

Ф. ФЯДОТАЎ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>