На службе здароўя

1705c

ЭЛЕКТРАВЕЛАСІПЕД – СЕЛЬСКАМУ МЕДЫКУ

Мархачоўшчынскі фельчарска-акушэрскі пункт Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2016 год.

Загадчыца ФАПа Ірына Краўчанка не адзін раз ужо сёлета змагла адчуць прыемнасць перамогі. Мархачоўшчынскі ФАП спачатку быў прызнаны пераможцам у раёне. Да дыплома па ініцыятыве кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы загадчыцы ФАПа быў уручаны электравеласіпед. Да такога новага віду тэхнікі з педалямі мелі інтарэс усе працаўнікі медыцынскай установы. Ірына Краўчанка ўжо асвоіла транспарт і выказвае вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву за такі падарунак – гэта найлепшае, што можна было прыдумаць. Яна абслугоўвае жыхароў трох вёсак радыусам не менш за пяць кіламетраў. На электравеласіпедзе, які шаноўна эканоміць сілы веласіпедыста, яна паспявае аб’ехаць усіх сваіх падапечных. Ды і на працу ў Мархачоўшчыну медык прыязджае з суседняй вёскі Вішнявец, дзе жыве. Менавіта тут Ірына Краўчанка пасля заканчэння Мінскага медыцынскага вучылішча пачынала працоўную дзейнасць медыцынскай сястрой працэдурнага кабінета і масажысткай ва ўчастковай бальніцы. Потым медустанова была рэарганізавана ва ўрачэбную амбулаторыю, дзе Ірына Краўчанка прыступіла да работы медыцынскай сястрой ва ўрачэбным кабінеце на паліклінічным прыёме. Яе вопыт і ўменні былі запатрабаваны і ў дзённым стацыянары. І вось ужо тры гады, як яна паспрабавала сябе на новай пасадзе – загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем Вішнявецкай амбулаторыі. Для медыцынскай сястры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гэтая работа стала настолькі «пад’ёмнай» па яе сілах, што Мархачоўшчынскі ФАП пастаянна ў лідарах. За высокае выкананне прафесійных абавязкаў фота Ірыны Краўчанка было занесена на раённую Дошку гонару, яе ўзнагароджвалі падзячным пісьмом старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама.

На ўсіх сваіх рабочых месцах ёй даводзілася абслугоўваць мясцовых жыхароў, якіх яна добра ведае. А цяпер дык і наогул яна стала ім родным чалавекам. На абслугоўванні значную частку насельніцтва складаюць людзі пажылога ўзросту. Ірына Пятроўна расказвае, што яе падапечныя давяраюць ёй не толькі сваё здароўе, але і радасці, сакрэты. Яна ведае, хто з іх дзяцей абзавёўся новай машынай, хто адсвяткаваў наваселле, чые ўнукі паступілі, чые – пажаніліся.

Такая даверлівая абстаноўка вельмі дапамагае і ў паўсядзённых службовых абавязках. Апошнім часам у цэнтральнай раённай бальніцы праводзіцца міэтанакіраваная работа па абследаванні ўсяго насельніцтва раёна для ранняга выяўлення і карэкцыі фактараў рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі, анкалагічных захворванняў, курэння, лішняй вагі цела. Кожны ФАП мае задачу абследаваць усіх жыхароў населеных пунктаў, якія знаходзяцца на медыцынскім абслугоўванні.

–             Прапаганда здаровага ладу жыцця – вельмі патрэбная справа, – расказвае Ірына Пятроўна. – Я заўважаю, што жанчыны больш дысцыплінаваныя. Прафілактычным аглядам у нас ахоплена 98,7 працэнта жанчын. А вось каб абследаваць мужчын, даводзіцца шукаць розныя формы. Маю цесны кантакт з кіраўніцтвам ААТ «Вішнявецкі-агра», іншых арганізацый, дзе яны працуюць. Кіраўнікі садзейнічаюць накіраванню на медагляд сваіх працаўнікоў. Але найбольшую дапамогу аказваюць жонкі. Праводжу сярод жанчын асветніцкую работу, расказваю, чым небяспечныя захворванні, як іх можна пазбегнуць, як атрымаць лячэнне, калі своечасова выяўлены адхіленні. Гэта вельмі спрацоўвае: жанчыны хочуць бачыць сваіх мужоў здаровымі і адпраўляюць іх на абследаванне.

У выніку такой актыўнасці на ўчастку Мархачоўшчынскага ФАПа ў 80-ці працэнтаў мужчын ва ўзросце 40-60 гадоў ужо абследавана прастата, 100 працэнтам мужчын праведзена абследаванне сістэмы кровазвароту.

Наладжана дакладная сістэма пераемнасці ФАПа з аддзяленнем хуткай дапамогі, стацыянарнымі аддзяленнямі, райпаліклінікай. Кожны чацвер арганізаваны выезды на фельчарска-акушэрскі пункт урача агульнай практыкі, акушэркі і фельчара-лабаранта Вішнявецкай амбулаторыі. Пацыенты, якія не могуць наведаць фельчарска-акушэрскі пункт, абследуюцца дома.

У мінулым годзе на ФАПе зарэгістравана 4920 наведванняў, з іх чацвёртая частка – надомныя наведванні. Медыкам праведзена 337 патранажаў інвалідаў, адзінокіх, пацыентаў з цяжкімі хранічнымі захворваннямі з мэтай кантролю за іх станам і своечасовай шпіталізацыі. Ірына Краўчанка праводзіць патранаж і дзяцей, у спісе жыхароў – 47 дзяцей, падлеткаў і маладых людзей ва ўзросце да 18 гадоў.

Безумоўна, вельмі важны крытэрый – выкананне даведзеных паказчыкаў. Аднак не менш важны і аўтарытэт медработніка, адносіны да яго пацыентаў і ўсіх, хто знаходзіцца на медыцынскім абслугоўванні. У Ірыны Краўчанка склаліся вельмі добрыя, даверлівыя, дружалюбныя адносіны з жыхарамі ўсіх вёсак, якія прымацаваны да Мархачоўшчынскага ФАПа. І для яе гэта асноватворны момант, каб сказаць, што яна вельмі любіць сваю работу, для якой не шкадуе аддаць сілы, прафесіяналізм, і мае інтарэс і жаданне пастаянна ўдасканальвацца ў прафесіі. Медыцына робіць імклівыя крокі ў развіцці, таму ў век высокіх тэхналогій медык ніколі не можа сказаць, што ён усё ведае. Менавіта з такім раскладам і імкнецца працаваць Ірына Краўчанка.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

МЕДЫЦЫНА – ПРАФІЛАКТЫЧНАЯ

Здароўе насельніцтва і працягласць жыцця з’яўляюцца асноўнымі складнікамі дэмаграфічнай бяспекі і ў многім вызначаюцца якасцю і даступнасцю медыцынскай і фармацэўтычнай дапамогі, а таксама санітарна-эпідэміялагічным дабрабытам.  

Устойлівая і кіруемая эпідэмічная сітуацыя, якая склалася ў раёне на працягу апошніх гадоў, у значнай ступені вызначаецца комплексам прафілактычных мерапрыемстваў, што праводзяць медыцынскія работнікі санітарнай службы раёна сумесна з лячэбнай сеткай і ведамствамі.  

Дзякуючы сумеснай паўсядзённай працы ўсіх работнікаў – ад санітаркі да ўрача – забяспечваецца санітарна-эпідэміялагічная бяспека жыхароў Стаўбцоўскага раёна. Санітарная служба працуе па шмат якіх накірунках, – усе яны запатрабаваны людзьмі і часам. За іх выкананне мы нясём адказнасць, памятаем пра медыцынскі і грамадзянскі доўг. Прафесійнае свята – гэта яшчэ і добрая нагода ўважліва, непрадузята і крытычна ацаніць сваю работу і сказаць словы ўдзячнасці тым, хто аддае сябе любімай прафесіі да канца.

А я ўпэўнены, што менавіта такія людзі працуюць у сістэме прафілактычнай аховы здароўя Стаўбцоўшчыны. Людзі, якім уласцівыя гуманізм, самааддача, бескарыслівасць і высокая адказнасць.

Сярод іх – урачы Алена Лойка, Наталля Рык, Ірына Пятровіч, Кацярына Бонда, памочнікі ўрачоў – Галіна Лябедзька, Таццяна Пархімовіч, Ала Шыдлоўская, Галіна Кузняцова, Ганна Францкевіч, Ларыса Садоўская, Таццяна Лапеха, інструктар-дэзынфектар Ірына Сахар, лабаранты – Валянціна Сяргеева, Ядвіга Лапко, дэзынфектары – Ганна Тарвіс, Наталля Пісаная, Алена Кавальчук, санітарка Людміла Казацкая і іншыя.

У сувязі з Днём медыцынскага работніка жадаю кожнаму супрацоўніку раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ветэранам санітарнай службы невычэрпнага аптымізму, надзеі і веры, здароўя, дабрабыту, міру і ўпэўненасці ў будучым!

Ігар КУНЦЭВІЧ,галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна      

 

ДАПАМАГЧЫ ЖЫЦЬ У ГРАМАДСТВЕ

У нашай газеце мы паведамлялі аб ажыццяўленні ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце праекта «Беларусь на шляху дэінстытуцыяналізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей (18+) з інтэлектуальнай немаччу». Гэтая ініцыятыва ажыццяўляецца ў 46 псіханеўралагічных інтэрнатах Рэспублікі Беларусь. Як рэальна рэалізоўваецца даны праект у Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, мы просім расказаць дырэктара гэтай установы Юрыя Каласоўскага:

–             У нашым доме-інтэрнаце, – расказвае Юрый Іосіфавіч, – сфарміравана група з 12 чалавек для навучання. Ажыццяўленне гэтага праекта стала магчымым пры падтрымцы міжнароднай грамадскай арганізацыі «Голас сэрца» з арганізатарскімі здольнасцямі Святланы Блай. Пры фінансавай дапамозе гэтай дабрачыннай арганізацыі вучэбны клас нашага дома-інтэрната ўкамплектаваны ўсім неабходным: мэбляй, вучэбнымі прыладамі, літаратурай, нагляднымі матэрыяламі, камп’ютарам. А самае галоўнае – былі распрацаваны і выдадзены спецыяльныя падручнікі – «Эмацыянальны свет чалавека», «Практычная матэматыка», «Азбука для дарослых», «Чалавек і свет» і практычны дапаможнік «Утульны дом». Спецыяльныя падручнікі дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі засвоіць навыкі чытання, пісьма і развіцця зносін, элементы практычнай матэматыкі і асновы камп’ютарнай граматнасці, мастацка-творчай дзейнасці. Навучанне ўключае трэнінгі па апрацоўцы навыкаў адэкватных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях і бытавой самастойнасці. Адразу навучэнцы ўспомнілі азы – яны не толькі вучыліся пісаць, лічыць, але і асвойвалі бытавыя навыкі, вывучалі эмацыянальны свет. Далей спатрэбілася больш практыкі, таму што калі людзі жывуць у інтэрнаце не адзін год, большасць бытавых і сацыяльных навыкаў у іх знікае з ужытку.

–             Такім чынам, гэтая праграма прадугледжвае не толькі навучанне, але і іх сацыяльную інтэграцыю ў грамадства?

–             Так, навучыцца чытаць, пісаць, лічыць – недастаткова. Людзі, якія шмат гадоў, а то і ўсё жыццё пражылі ў інтэрнатных сценах, не маюць многіх сацыяльна важных і бытавых ведаў. Іх важна навучыць выконваць якую-небудзь работу. Некаторыя з тых, хто пражывае ў доме-інтэрнаце, асвоілі навыкі пафарбоўкі, тынкоўкі, шпаклёўкі. Цяпер яны могуць хоць як наладзіць свой быт. Хтосьці асвойвае садаводства, розныя творчыя ўменні. Пасля навучання па гэтай дабрачыннай праграме жыльцы нашага інтэрната навучыліся гатаваць ежу, карыстацца грамадскім транспартам, пісаць пісьмы, тэлефанаваць, выкарыстоўваць базавыя камп’ютарныя веды. Тэарэтычна яны маглі б ужо жыць па-за сценамі інтэрната ў суправаджэнні спецыялістаў.

–             Наколькі доўгатэрміновы такі праект?

–             На гэтым этапе навучанне не спыняецца, будзе прадоўжана. Ёсць яшчэ ў нашым інтэрнаце людзі, якіх можна прыцягнуць да гэтай адукацыйнай праграмы.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>