Сельскія навіны

1705d

ЗГУРТАВАЛА КАЛЕКТЫЎ

Працаўнікі МТФ «Церабейнае» ТАА «СЖК «Налібакі» займаюць трэцяе месца ў спаборніцтве сярод фермаў раёна. Зладжаны калектыў мае ўсе шанцы выбіцца ў лідары. Высокага паказчыка ў малочных справах аператары машыннага даення дасягаюць дзякуючы не толькі сваёй рупнасці, а і дакладнай арганізацыі працы, належнаму кармленню жывёлы. Згуртавала людзей і кіруе калектывам на працягу чатырох апошніх гадоў брыгадзір Алена Шапялевіч. Алена Аляксееўна працуе добрасумленна, з павагай ставіцца да сваіх падначаленых. Яна дакладна ведае работу жывёлавода, бо сама спачатку рупілася ў таварыстве даяркай, затым жывёлаводам, тэхнікам-асемянатарам. Пятнаццаць гадоў налічвае яе працоўны стаж у гаспадарцы. Прыехала Алена Аляксееўна на Стаўбцоўшчыну з Малдовы і засталася жыць у маляўнічым налібацкім краі. Разам з жонкай шчыруе на ферме слесарам і муж Сяргей Іванавіч.

 

КІЛАГРАМОВЫЯ ПРЫВАГІ

На МТФ «Ператокі» ААТ «Агранёманскі» ўтрымліваецца звыш 1345 галоў буйной рагатай жывёлы. У рэканструяваных па сучасных тэхналогіях жывёлагадоўчых памяшканнях стаяць пераважна бычкі на адкорме. Работнікі вытворчага падраздзялення, пад кіраўніцтвам вопытнага і ўмелага брыгадзіра Людмілы Жарко, працуюць сумленна і дасягаюць высокіх паказчыкаў. З пачатку года тут вырашчана 160,4 тоны мяса, што на 48 тон больш, чым за адпаведны перыяд летась. Сярэднясутачныя прыбаўленні жывёлы на адкорме склалі 813 грамаў, што на 38 вышэй мінулага года. Самыя высокія паказчыкі ў жывёлаводаў Міхаіла Батуры і Васілія Мазура, бычкі ў групе, якую яны даглядаюць, прыбываюць штодзень па кілаграму. Шчыра рупяцца і маюць вынікі вышэй за 800 грамаў Аляксандр Навіцкі, Тадэвуш Цвірка, Іван і Святлана Чытры, Юрый Гарадко, Аліна Пяцінкіна, Юрый Сачук і Андрэй Лейчык. Даглядае маленькіх цялят Зінаіда Шашко, яе гадаванцы растуць здаровыя і добра прыбаўляюць у вазе.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІЎ МАІ

За май на малочнатаварных фермах раёна надоена 8207,1 тоны малака, што складае 100,5 працэнта да леташняга выніку. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 494 кілаграмы малака, што на дзесяць кілаграмаў менш, чым за адпаведны перыяд летась. Знізілі паказчык дзевяць гаспадарак. Найбольшы мінус «дасягнуты» ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 106 кілаграмаў. Гэтае прадпрыемства ў рэйтынгавай табліцы з шостай прыступкі апусцілася на восьмую. Па-ранейшаму прыбаўляюць у вытворчасці малака велікадворскія і вішнявецкія жывёлаводы. Стабільнасцю вылучаюцца бясспрэчныя лідары – налібаччане. Вырашчана 607 тон мяса ялавічыны, вытворчасць яе застаецца практычна на ўзроўні мінулых месяцаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>