Ад роднае зямлі збіраўся скарб

1705g

Адметным літаратурна-мастацкім святам стала правяденне на Стаўбцоўшчыне мерапрыемстваў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і з нагоды 50-годдзя адкрыцця філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея народнага песняра.

Філіял у Смольні быў урачыста адкрыты 8 чэрвеня 1967 года. І з гэтага часу ён стаў экскурсійным маршрутам, як і музейныя сядзібы ў Акінчыцах, Альбуці, Ластку. З усяго свету сюды, дзе сцежкі песняра, дзе жывілася яго ліра, прыязджаюць людзі. Шматгалоссем поўніліся коласаўскія мясціны і падчас згаданага свята. Сабраліся знакамітыя пісьменнікі, навукоўцы дый мясцовыя жыхары, вучні.

Першы паклон калысцы песняра. Традыцыйныя хлеб-соль – прывітанні гасцям, уваход у хату, дзе маленькі Кастусь упершыню ўбачыў свет. Гаспадыня музейнай сядзібы, старшы навуковы супрацоўнік філіялаў на Стаўбцоўшчыне, Софія Пятроўна Міцкевіч, як заўсёды, жыва, цікава апавядае, даносіць тыя ці іншыя моманты біяграфіі песняра, найперш звязаныя з ягоным дзяцінствам у родным куце. І кожная рэч сялянскага побыту стагадовай даўніны мае сваю гісторыю. Сядзіба лесніка-каморніка Міхала Міцкевіча была адноўлена да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. У гэтай справе прымаў непасрэдны ўдзел Георгій Ткацэвіч, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, які на той час працаваў дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Георгій Андрэевіч расказаў, як у адпаведнасці з архіўнымі дакументамі, а таксама паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў і родзічаў песняра вялося аднаўленне той хаткі, дзе нарадзіўся будучы пясняр.

Далейшы маршрут – да Альбуці, дзе ў адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах «Новай зямлі». Госці, большасць з якіх не ўпершыню наведваюць і гэтую, можна сказаць, Коласаву святліцу, адзначаюць і новае. Так, да экспазіцыі «Пчалярства і рыбалоўства», размешчанай у адной з гаспадарчых пабудоў, у другой на гэтай жа сядзібе дабавіўся музейны паказ некаторых (усіх жа не ахапіць!) узораў прыроды наднёманскага кутка Беларусі. Ці ж не такая паўнавартасная панарама наваколля дыхае радкамі «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі».

Доўжыцца «Шлях Коласа». Спыняецца аўтобус са сталічнымі гасцямі каля драўляных скульптур мастацка-мемарыяльнага комплексу пад такой назвай. Адзін з творцаў арыгінальнай кампазіцыі, створанай 25 гадоў таму назад, Сяргей Кляшчук расказвае, як ідзе паднаўленне і ўмацаванне асновы гэтых выяў, што ўвасабляюць вобразы герояў «Новай зямлі».

І вось праз Мікалаеўшчыну дарога скіроўвае да блізкага берага Нёмана, у Смольню. Менавіта тут паўстагоддзя таму прыняў першых наведвальнікаў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

І зноў на двары перад музейнай двухпавярхоўкай ажыўлена. Музычнымі акордамі, песнямі, вершамі, як і ў Альбуці, вітаюць гасцей мастацкія калектывы раёна.

Віншавальную грамату дырэктару Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідзе Камароўскай ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уручае галоўны спецыяліст аддзела Анжаліка Янкоўская. Віншаванне калектыву музея з нагоды юбілейнай даты ад Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта зачытвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель: «Музей – гэта памяць аб чалавеку, які праславіў нашу Стаўбцоўшчыну. Ваш калектыў ператварыў музей у сапраўдную скарбніцу жыццёвай і творчай спадчыны класіка айчыннай літаратуры. За гэтыя гады вамі быў пройдзены вялікі шлях ад аднаўлення сядзіб Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня да стварэння Коласаўскага мемарыяльнага заказніка, які аб’яднаў мясціны Стаўбцоўскага краю, звязаныя з імем паэта. Распрацаваны шэраг аглядных і тэматычных экскурсій па сядзібах філіяла, праводзяцца тэатралізаваныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, выставы, творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя святы. Папулярнасцю карыстаецца навуковая канферэнцыя «Каласавіны». Працуючы ў музеі з вялікай самааддачай, вы робіце ўдзячную справу, на працягу дзесяцігоддзяў беражліва збіраеце і захоўваеце ўсё, што звязана з жыццём і дзейнасцю паэта».

Свае віншаванні і словы шчырых пажаданняў перадаюць калектыву музея, усім, хто шануе і беражэ неацэнную творчую спадчыну Коласа, рупліўцам на ніве культуры і асветы Стаўбцоўшчыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, паэт, рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.

Творчыя стасункі заўсёды ў музея Якуба Коласа з Нацыянальным мастацкім музеем. І надаў вышэйшы рэйтынг юбілейнай сустрэчы ўдзел і выступленне дырэктара галоўнага музея краіны Уладзіміра Пракапцова. Як і дырэктара музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцера Яскевіча і старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» Рыгора Сітніцы.

Сёлета юбілейны год двух заснавальнікаў, дзвюх вяршынь беларускай літаратуры – Якуба Коласа і Янкі Купалы. І таму натуральным быў удзел у згаданым свяце прадстаўнікоў Купалаўскага музея і эмацыянальнае выступленне навуковага супрацоўніка Галіны Воранавай. 6 чэрвеня – дзень нараджэння Пушкіна. Пушкін жа і творчы настаўнік Коласа, аб чым такое сведчанне з ягоных успамінаў: «Тады ўжо, у гады маленства, прымяраў я да Пушкіна беларускае слова». Усхваляваным і натхнёным было слова на сустрэчы ў Смольні намесніка дырэктара Пушкінскага музея-запаведніка «Міхайлаўскае» Людмілы Ціханавай. У ліку паважаных гасцей і сябры музея Коласа з Літвы. Аб непарыўнай сувязі культур суседніх народаў гаварыла старшыня таварства «Спадчына» Валянціна Іваноўская.

Свае юбілейныя даты адзначылі за апошнія паўгода Мікола Маляўка, Яўген Хвалей, Алесь Камароўскі, Дзмітрый Дземідовіч. Трое з гэтай кагорты паэтаў-землякоў нарадзіліся ў Мікалаеўшчыне, Яўген Хвалей – у суседняй Белькаўшчыне. Сёння яны прызнаныя літаратары, лаўрэаты дзяржаўных прэмій. І іх прылюдна віншавалі. На жаль, па стане здароўя не змог прысутнічаць на сустрэчы Алесь Камароўскі.

Дарэчы, Алесь зрабіў свой унёсак і ў музейную справу, пэўны час працуючы экскурсаводам філіяла Смольні. Згадвалі словамі падзякі ўсіх, хто шчыруе і шчыраваў на гэтай творчай ніве, дзе патрэбны ініцыятыва, любоў да роднага слова і нацыянальных традыцый. У зберажэнні і папулярызацыі вялікага скарбу – творчай спадчыны Коласа – асабліва падкрэслівалася вялікая роля Зінаіды Мікалаеўны Камароўскай, якая ўжо трыццаць гадоў узначальвае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей народнага песняра.

У памяці імёны Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, сына Якуба Коласа, арганізатара літаратурна-мемарыяльнага музея народнага песняра, Уладзіміра Іванавіча і Іосіфа Канстанцінавіча Міцкевічаў, якія шчыравалі падчас адкрыцця філіяла ў Смольні, Анатоля Васільевіча Грэкава, загадчыка аддзела культуры райвыканкама, натхняльніка і арганізатара многіх важных ініцыятыў па папулярызацыі творчасці Коласа. Мінутай маўчання была ўшанавана памяць навуковага супрацоўніка філіялаў музея Георгія Міхайлавіча Міцкевіча, які нядаўна пайшоў з жыцця.

Падчас ускладання кветак да бюста Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне адзначым такі хвалюючы момант. Хлопчыкі і дзяўчынкі, вучні малодшчых класаў школы, якая носіць імя народнага песняра, дый выхаванцы садка хораша чыталі вершы Коласа. І як адзначыла раней у выступленні Алена Стэльмах, менавіта Колас, як падказаў конкурс «Жывое слова», самы запатрабаваны ў малых чытачоў.

Жыве і будзе жыць у пакаленнях слова Коласа!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>