22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

2106a

МЫ ПАМЯТАЕМ ЦЯБЕ, НАШ САЛДАТ

На электроннуюпошту Стаўбцоўскага патрыятычнага сайта «Голас ветэранаў» прыйшло пісьмо з Расіі, з уральскага горада Чалябінск.

«Добры дзень. Я займаюся пошукам пахавання свайго дзеда Гусеўскага Барыса Парменавіча, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Афіцыйна ён лічыцца прапаўшым без вестак, але было атрымана пісьмо, датаванае 18.03.1945, з Беларусі, ад жанчыны, якая пражывала на той момант па адрасе: Стаўбцоўскі раён, Залужскі сельсавет, в. Залужжа. Яна паведаміла, што дзед быў забіты немцамі 30 чэрвеня 1941 года.

Ёсць інфармацыя, што за 10 метраў ад дарогі Залужжа – Стоўбцы была брацкая магіла воінаў Чырвонай Арміі і цэментны помнік вышынёй 1,5 метра, абнесены жалезнай агароджай. Хацелася б даведацца, ці ёсць у вас інфармацыя аб пахаванні. З павагай Гусеўскі Іван».

Так завязалася перапіска па электроннай пошце. Паступова выявіліся неабходныя падрабязнасці…

«…Магу расказаць, што ведаю са слоў старэйшага пакалення. Дзеда прызвалі 13 кастрычніка 1940 года і накіравалі ў ваенную школу, у г. Замброў Беластоцкай вобласці вучыцца на малодшага лейтэнанта. Ён павінен быў атрымаць званне якраз у чэрвені 1941 года. Мясцовая жыхарка пісала, што гітлераўцы былі лютымі забойцамі. Яны разам з іншымі жыхарамі вёскі мёртвых байцоў хавалі ў адной вялікай брацкай магіле. Адрас яна ўзяла з пісьма, якое было ў забітага, а пры пераносе байца ў магілу яно выпала з кішэні. Жыхарку звалі Снітко Любоў Сямёнаўна».

Падчас вайны і ў пасляваенныя гады Маскоўскае ўпраўленне кадраў Чырвонай Арміі арганізоўвала пошук без вестак прапаўшых воінаў праз ваенкаматы прызыву.

Страты Чырвонай Армі ў 1941 і 1942 гадах былі вельмі вялікімі. Тысячы чырвонаармейцаў апынуліся ў палоне, параненыя хаваліся і далечваліся ў мясцовых жыхароў, прыходзілі ў партызанскія атрады.

У 1946 годзе маці Барыса Гусеўскага падавала дакументы ў Маскву для вышуку праз бюро ваенных страт, але адказ прыйшоў – прапаў без вестак. Пісьмо ж ад жыхаркі Беларусі паступіла на адрас роднай сястры маці прапаўшага салдата. Сястра, не жадаючы роспачы маці пры вестцы аб гібелі сына, схавала яго. І аддала толькі ў 1949 годзе, калі атрымалі запрашэнне ад ваенкама. Прад’яўленае пісьмо з Залужжа было ваенкаматам прынята ў якасці паказання сведкаў, і ў анкеце было запісана, што салдат загінуў у баі 30 чэрвеня 1941 года.

Над апошнім пісьмом ад сына, атрыманым перад пачаткам вайны, 19 чэрвеня, Вера Іванаўна Гусеўская плакала і берагла яго як памяць. Яна памерла, так і не даведаўшыся, дзе дакладна пахаваны яе сын. Потым нарадзіўся і падрос унук. Пісьмо, захаванае бабуляй, трывожна стукала ў яго сэрца.

Школьны музей Залужскай сярэдняй школы, дзякуючы педагагічнай мудрасці яе кіраўніцтва, вельмі дапамог у пошуку месца пахавання байца Барыса Гусеўскага.

У Стаўбцоўскім раёне з многіх крыніц вядома месца бою чырвонаармейцаў каля Залужжа. На стэндах школьнага музея ёсць фатаграфіі адкрыцця помніка на брацкай магіле ў 1949 годзе, ускладання кветак і вянкоў. Ляжаць у брацкай магіле байцы, якія былі прызнаны без вестак прапаўшымі.

У Падольскі ваенны архіў Міністэрства абароны Расіі, аддзел уліку персанальных страт сяржантаў Савецкай Арміі паступіла пісьмо ад 15 лютага 1967 года са Стаўбцоўскага райваенкамата, за подпісам райваенкама падпалкоўніка Я. І. Кажамячанкі. Паведамлялася, што ў 1966 годзе пры перазахаванні астанкаў воінаў, якія загінулі ў баі каля вёскі Залужжа, былі знойдзены асабістыя рэчы некаторых воінаў. У выніку іх аналізу судова-медыцынскай экспертызай удалося ўстанавіць прозвішчы воінаў, якія раней лічыліся без вестак прапаўшымі. Гэта радавыя Сарычаў Фёдар Давыдавіч, 1921 года нараджэння, Грыцэнка Іван Данілавіч, 1912 г. н., Мірсалікаў Мірсадык, 1920 г. н. Месца перазахавання, як паведамляў райваенкам, – горад Стоўбцы, плошча Бессмяротнасці.

Аднак жа на мармуровай пліце прозвішча радавога І. Д. Грыцэнкі выбіта, а прозвішчаў М. Мірсалікава і Ф. Д. Сарычава – не было.

У музеі Залужскай школы ёсць фатаграфіі бацькі і брата Мірсалікава Мірсадыка, якія прыязджалі на магілу байца ў студзені 1969 года. Да таго часу помнік на месцы брацкай магілы не захаваўся.

Госці, якія прыехалі з далёкага Узбекістана, набралі надмагільнай зямлі і пакінулі для школьнага музея фатаграфію Мірсадыка з яго баявымі сябрамі, зробленую перад самай вайной. У памяць аб загінуўшым чырвонаармейцы піянерскі атрад 5-га класа назвалі яго імем.

Міласэрнасць і стойкасць беларускіх жанчын – гэта шматвекавая традыцыя. І такія якасці характару нашых суайчынніц праяўляюцца і ў наш час.

Простая сялянка з залужскіх хутароў Любоў Сямёнаўна Снітко пахавала з іншымі аднавяскоўцамі ў тым крывавым 1941 годзе ў брацкую магілу загінуўшых салдатаў. Падняла з зямлі і захавала салдацкае пісьмо. Так яна стала сведкай гібелі і Барыса Гусеўскага.

Магчыма, не адразу прыйшла да Любові Снітко думка паведаміць сям’і аб гібелі сына, брата ці мужа ў тую далёкую Сібір. Але ў яе падрастаў адзіны сын, Косцік…

У рэальным пошуку месца гібелі і пахавання курсанта-салдата Б. П. Гусеўскага мне дапамаглі дырэктар Залужскай школы М. Р. Кандраціна, старшыня Старасвержанскага сельвыканкама М. А. Таяноўская і педагог-арганізатар школы М. В. Пукач. Разам з Марынай Вячаславаўнай піянеры-краязнаўцы адшукалі ў Залужжы на вуліцы Новай дом, у якім жыла і памерла ў 1986 годзе Л. С. Снітко. Ужо няма і яе сына Канстанціна, рэальнага сведкі падзей чэрвеня 1941 года. Так бяжыць час.

І тым не менш, знаходзіць той, хто шукае. Па званку М. В. Пукач я зноў прыехаў у Залужжа. У цёплым, прасторным і ўтульным пакоі нас сустрэла невысокая пажылая гаспадыня з прыемным добрым тварам. Слухаем усхваляваны аповед Ядвігі Сцяпанаўны Жыгалавай.

«Мне было сем гадоў, калі пачалася гэтая вайна. Мы тады жылі ў Зарэччы, вёсачцы з васьмі дамоў. Хата майго дзеда, у якім бацька жыў з сям’ёй, стаяла на водшыбе. З нашых вокнаў добра была відаць дарога з Залужжа ў Стоўбцы, па якой ужо некалькі дзён рухаліся калоны машын з немцамі, везлі тэхніку, цягнулі гарматы. Бацькі забаранілі нам выходзіць з двара. Днём і ноччу дзесьці далей мы чулі страляніну.

У той дзень калоны ішлі амаль бесперапынна і вечарам спыніліся. На мне быў клопат прыглядваць за малодшай сястрычкай. Ужо спалі, калі на дарозе, на самым скрыжаванні, пачалася моцная стральба. Раптам з нашага сада хтосьці стаў страляць у бок дарогі. І ў наш дом заляталі кулі. Мама падняла нас і схавала ў падпечку. Кулямі былі разбіты ўсе вокны і дзверы…»

Марыя Вячаславаўна і я бачылі, якія пакуты ад горкіх успамінаў адчувае Ядвіга Сцяпанаўна. Часам, каб адцягнуць ад тых думак, я пытаўся ў яе пра бацькоў.

Сям’я Крыжаноўскіх Сцяпана Сцяпанавіча і Юзэфы Канстанцінаўны была дружнай, працавітай. Сцяпан умеў іграць на многіх музычных інструментах і нават стварыў сямейны струнны ансамбль.

«…Прыкладна праз гадзіну стральба спынілася. Тады маці загадала бегчы нам у склеп суседа, якога звалі Рыгор Фёдаравіч Каробка. Нас у склепе сабралася восем дзяцей – чацвёра нашых і чацвёра з сям’і Каробкаў. Да дзвярэй знутры прывязалі вяроўку. Мы трымалі яе, каб дзверы не адчыняліся.

Ужо пасвятлела, калі дзверы хтосьці стаў моцна турзаць. Я ўбачыла ў праёме дзвярэй фашыста з выскаленымі зубамі. Ён кінуў у люк склепа, дзе сядзелі малыя, пакет з хвосцікам, які шыпеў, а затым – гранату. Мы з сястрой не паспелі спусціцца ў яму, як ірванула. Загарэўся дах склепа. Мы ўсе сталі вылазіць, і я, і сястра Марыя былі ў крыві. Сляды ад асколкаў засталіся ў Марыі на ўсё жыццё.

Калі вылезлі, убачылі, што гараць наша хата і дом Каробкі. Наш бацька ляжаў на зямлі, увесь у крыві, маці плакала над ім. Фашысты сагналі да нашага двара ўсіх жыхароў дамоў Зарэчча. Потым з расказу бацькоў я даведалася, што гітлераўцы хацелі гнаць людзей у царкву ў Залужжа і там спаліць. За Зарэччам стаяў хутар, у якім жыла сям’я Зыгмунда Рудольфа. Усе клікалі яго Рудэк. Ён добра ведаў нямецкую мову, і хоць немцы не дайшлі да ягонага хутара, ён сам прыйшоў, не пабаяўся, і стаў гаварыць з немцамі. Паказаў ім на праваслаўныя крыжыкі і пераканаў, што гэтыя людзі не вінаватыя ў перастрэлцы на дарозе…»

Так чэх Рудэк выратаваў жыхароў Зарэчча ад немінучай гібелі. І пра гэты самаахвярны ўчынак таксама варта памятаць.

Ядвізе Сцяпанаўне споўнілася 82 гады. Яна сама прызналася: можа забыць, што было ўчора, але падзеі 75-гадовай даўніны памятае да драбніц. Закончыўшы сем класаў Залужскай школы, Ядвіга Сцяпанаўна паступіла ў Мінскі бібліятэчны тэхнікум і сорак гадоў працавала загадчыцай Залужскай сельскай бібліятэкі.

Слухаем яе расказ далей: «Пасля той страшнай ночы, з 29 на 30 чэрвеня 1941 года, мы засталіся ў адных кашулях і босыя. Наш дом згарэў. Дзякуй людзям, якія дапамаглі нам.

Выявілася, што немцы азвярэлі па прычыне гібелі ў перастрэлцы з чырвонаармейцамі шасцярых сваіх салдатаў. Добра памятаю, як з жыта, з боку нашага сада, мужчыны на насілках неслі забітага афіцэра ў кіцелі. Вось тады я пайшла ўслед да самай дарогі. Па другі яе бок, у напрамку Залоззя, ляжала шмат забітых салдатаў. На высокім беразе ручая мужчыны капалі вялікую магілу і паўтаралі, што забітых салдацікаў было 47 чалавек. Гэта ўсё я буду памятаць да апошняга…»

Немагчыма перадаць тыя перажыванні, якія зведала Ядвіга Сцяпанаўна, успамінаючы свае горкія дзіцячыя гады. Потым мы пайшлі на месца, дзе ў магіле ляжаць чырвонаармейцы, якія пакуль лічацца прапаўшымі без вестак…

Не павінна гэтае месца зарастаць травой забыцця.

Аляксей ПАЛЯНСКІ, в. Новы Свержань

Фота з інтэрнэту

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>