У калектывах Стаўбцоўшчыны

2406a

НОВЫ ФІРМЕННЫ МАГАЗІН

На плошчах былога магазіна «Кнігі», дзе яшчэ нядаўна працаваў фірменны магазін «Світанак», райспажыўтаварыства адкрыла новы фірменны магазін Гомельскай трыкатажнай фабрыкі «8 Марта».

На ўрачыстым адкрыцці магазіна старшыня райспажыўтаварыства Віктар Галаўко адзначыў:

–             Мы прынялі своечасовае і, думаю, правільнае рашэнне аб адкрыцці новага фірменнага магазіна. З фабрыкай «8 Марта» мы працуем шмат гадоў. Прадукцыя з натуральнаай сыравіны, сучаснага дызайну карыстаецца попытам у пакупніка. Акрамя бялізнавага, спартыўнага трыкатажу на вітрынах шырока прадстаўлены шкарпэткавыя вырабы гэтай фабрыкі для ўсёй сям’і. Чакаем жыхароў раёна і гасцей горада за пакупкамі.

Вопытныя прадаўцы Вольга Церахава і Лідзія Тулейка з задавальненнем абслугоўваюць наведвальнікаў. Яны расказваюць, што гэтая трыкатажная фабрыка выпускае прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. Вось і нядаўна з радасцю зрабілі сабе пакупкі госці нашага горада – расіяне. Яны набылі майкі з беларускай сімволікай і для сябе, і для сваіх дзяцей.

У два выхадныя дні напярэдадні і ў дзень адкрыцця магазіна, 19 чэрвеня, на ўсю прадукцыю была 15-працэнтная скідка. Начальнік аддзела арганізацыі гандлю нехарчовых тавараў Лідзія Далідовіч робіць акцэнт на тым, што такія ж скідкі чакаюць пакупнікоў у Дзень Незалежнасці, 3 ліпеня, перад новым навучальным годам і г. д.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АДЛАДЗІЦЬ ДЗЕЯННІ НА ПАЛІГОНЕ

На палігоне філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» прайшлі спаборніцтвы аварыйных брыгад раённых службаў газазабеспячэння.

Спаборніцтвы ўнутры ўпраўлення арганізоўваюцца штогод і прызваны вызначыць мацнейшую аварыйную брыгаду для далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах УП «Мінскаблгаз».  

Сярод аварыйных брыгад са Стоўбцаў, Нясвіжа і Клецка найлепшы вынік паказалі стаўбцоўскія газавікі, а менавіта майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандр Кутас, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Аляксандр Шпакоўскі і вадзіцель 1-га класа Іван Якусік. Удзельнікам спаборніцтваў сваё прафесійнае майстэрства неабходна было пацвердзіць тэарэтычна і практычна, у прыватнасці пры ліквідацыі, згодна з заданнем, уцечкі газу на знешнім газаправодзе, і з’яўленні паху газу ў газаразмеркавальным пункце.

Майстэрства тых газавікоў, хто займаецца абслугоўваннем газаразмеркавальных пунктаў, ужо пацверджана конкурсам самага высокага ў рэспубліцы ўзроўню. Так, напрыканцы мая прайшоў абласны конкурс сярод брыгад па абслугоўванні ГРП, і брыгада вытворчага ўпраўлення «Стоўбцыгаз» стала першай ў Мінскай вобласці. 13–14 чэрвеня яна прадстаўляла газавікоў Міншчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе заняла прызавое трэцяе месца, а майстар Сяргей Несцер атрымаў званне «Лепшы майстар па абслугоўванні газаразмеркавальных пунктаў у Рэспубліцы Беларусь».

 

У ПАДАРУНАК МЕДЫКАМ

Работнікі Навасвержанскага дома культуры падрыхтавалі для супрацоўнікаў мясцовай урачэбнай амбулаторыі віншаванне з прафесійным святам. Акрамя канцэрта ў падарунак медыкам былі паднесены рамонкі, якія выраслі на культурным «полі» Новага Свержаня.

Святочная праграма праходзіла ў фае амбулаторыі, дзе медыкаў вітала вакальная група народнага хору народнай песні «Панямонь» у складзе Валянціны Рабацько, Алы Юшкевіч і Алы Янскай і з найлепшымі пажаданнямі звярнулася дырэктар дома культуры Вольга Капуцкая.

Першы пялёстак сімвалічнага рамонка разам з жартоўным сувенірам на памяць быў для загадчыцы амбулаторыі Рэгіны Шпіль. Яна ўсё жыццё шчыруе ў медыцыне, амаль увесь час – сярод новасвяржан, сваіх землякоў, і, як сямейны доктар, нясе вялікую адказнасць – за здароўе кожнай сям’і. Вялікую дапамогу аказвае ёй фельчар Ірына Качановіч – ёй па праву належыць другі пялёстак. Трэці, чацвёрты, пяты – для медсястры Аксаны Бохан, зубнога фельчара Руслана Мастоўскага, аптэкара Надзеі Крамсаевай. Шосты і сёмы пялёсткі адрасаваны тым, без чыёй рупнай працы ўстанова аховы здароўя не была б такой чыстай і ўтульнай, – тэхработніцы Раісе Сергіевіч, Таццяне Васіленка, якая падмяняе яе падчас водпуску.        

Канцэртна-гульнявую праграму аздобілі танцы і песні (адна з іх, даўняя руская народная песня «Ноч», прадстаўленая ў сучаснай апрацоўцы, аказалася адкрыццём, упершыню пачутым). Усхвалявала ўсіх школьніца Соня Ярашэвіч, якая песняй «Мама» павіншавала калектыў работнікаў амбулаторыі. Напрыканцы ў гонар медыкаў быў торт з феерверкам. А майстрыха Ала Юшкевіч падаравала сваю карціну «Кветкі з ракушак».

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>