Інжынер – даследчык – прадпрымальнік

Filed under: Год навукі,Нумары |

Знаёмства з вынаходнікамі заўсёды абяцае цікавую гутарку, атмасферу творчасці, напоўненую дакладнымі ведамі і разважаннямі ўслых. А сёлета, у Год навукі, сустрэўся на Стаўбцоўшчыне прадстаўнік гэтай кагорты, аўтар інавацыйнага праекта, увасабленне якога ён не ўяўляе без узаемадзеяння са сферай індывідуальнага прадпрымальніцтва.

Такі эксперыментатар-наватар з пэўным жыццёвым досведам – Міхаіл Мінцель. Інжынер – даследчык – прадпрымальнік – гэта пра яго. І, бадай, яшчэ не ўсё, бо ён да таго ж і бард, злучыў фізіку з лірыкай.

Апошнія дзесяць гадоў Міхаіл займаецца прасоўваннем уласнага інтэлектуальнага прадукту, у цэнтры якога – пошук новых крыніц і спосабаў вытворчасці і задзейнічання энергіі, больш эфектыўнае выкарыстанне традыцыйных аднаўляемых крыніц энергіі (у прыватнасці энергіі малых рэк). Яго ідэя, як сцвярджае ён, можа легчы ў «тэарэтычны» падмурак выкарыстання аднаўляемых крыніц энергіі. На практыцы вырашаюцца такія праблемы, як рэзкія змены клімату, энергадэфіцыт і т. п., якія хвалююць усё грамадства.

Стаўбцоўскі даследчык марыць пра стварэнне прыватнай навукова-даследчай лабараторыі, без якой немагчыма праводзіць неабходныя даследаванні. Спецыфіка ў тым, што кожны прыбор – не серыйнай вытворчасці, штучны. Адпаведна, справа па стварэнні навукова-тэхнічнай базы запатрабуе інвестыцый. Міхаіл падрыхтаваў дакументы для рэгістрацыі такой лабараторыі. Прызнаецца, што працэс быў працаёмісты, але самае складанае – наперадзе, таму што неабходна юрыдычна зацвердзіць сваё даследчае прадпрыемства. Ініцыятыва Міхаіла Мінцеля мае асаблівую патрэбу ў падтрымцы, таму што прыватная навукова-даследчая лабараторыя ў нашай рэспубліцы пакуль не мае аналагаў. Міхаіл некалькі разоў за час нашай сустрэчы паўтарыў вядомы, грынаўскі, дэвіз: «Шукаць, знайсці і не здавацца!» Гэта і яго жыццёвы прынцып.

Сутнасць свайго праекта тэарэтык са Стаўбцоўшчыны выклаў на старонках беларускага часопіса «Изобретатель» (№ 5-6 за 2012 год). На прасцейшай прынцыповай схеме ён паказаў, як эксперыментальна праверыць магчымасці паскарэння радыёхваляў. Выкарыстоўваў вібратар Герца, прыёмны дыполь, адбівальнік радыёхваляў, дроселі, звяртаўся да розных фізічных паняццяў і велічыняў. У адказ атрымаў ацэнку аднаго з патэнтаведаў-экспертаў: «Пільную ўвагу прыцягвае прапанаваны аўтарам эксперымент для пацвярджэння яго гіпотэзы. Ідэя эксперымента простая і элегантная».

Міхаіл, трэба сказаць, са сваёй ідэяй звяртаўся і ў Акадэмію навук Беларусі. Навукоўцы, мякка кажучы, не ўспрынялі даследчыка-аматара ўсур’ёз. Па прафесіі ён інжынер-механік са спецыялізацыяй інжынера-даследчыка (быў такі спецвыпуск у Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце ў 1992 годзе). Міхаіл планаваў, што пасля заканчэння ўніверсітэта застанецца працаваць пры навукова-даследчым інстытуце. Але ў ліхія 90-я, калі навука аказалася незапатрабаванай і многія вучоныя, як і ўсе, кінуліся выжываць за кошт «купі-прадай», выбраў сферу практычнай дзейнасці. Працаваў у тэхнікуме, на сельгасвытворчасці. У 2000-х стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Усюды, дзе б ні рабіў, адпавядаў сваёй даследчыцка-вынаходніцкай спецыялізацыі. Да прыкладу, знаходзіў спосабы для «рэанімацыі» састарэлай тэхнікі. Даследчыцкая творчасць – гэта яго «канёк», без яго не ўяўляе сваё жыццё. Не шкадуе на яе часу, рызыкуе… Самастойна пералапаціў горы навуковай літаратуры. Сярод яго знаёмых ёсць людзі, таксама апантаныя навукай.

Напорысты даследчык прыгадвае цыкл тэлеперадач «100 людзей Беларусі». Адна з іх яму асабліва запала ў душу. Пра знакамітага Якуба Наркевіча-Ёдку, вынаходніка электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сігналаў. Зацікавіўся і даследаваннямі сусветна вядомага Міколы Тэслы, фактычнага заснавальніка электрамеханікі. «Загадкі заўсёды застаюцца. Некаторыя з’явы пакуль не маюць тэарэтычнага абгрунтавання», – парыруе даследчык, упэўнены ў тым, што ў навуцы ніколі нельга паставіць кропку.  

У гэтым плане вельмі важна, што бягучы год аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам навукі. Ёсць магчымасць звярнуць увагу і на даследчыкаў-аматараў, на іх творчыя пошукі і патэнцыяльныя магчымасці. Сусветны вопыт яскрава сведчыць, што нярэдка перадавыя тэхналогіі нараджаліся ў падвалах дамоў або ў дамашніх лабараторыях таленавітых аматараў-самавучак. Не выпадкова, што ў еўрапейскіх краінах сталі шырока развіваць прыватныя даследчыя цэнтры, здольныя гібка адгукацца на рынак ідэй. І нам, напэўна, неабходна ісці тым жа шляхам, каб не адстаць ад развітых краін. І памятаць, што фундаментальная навука – гэта не догма, яна таксама развіваецца разам з часам і людзьмі. У выпадку з Міхаілам Мінцелем эфектыўным было б апробаваць дзелавое ўзаемадзеянне паміж дзяржаўнымі навуковымі, адукацыйнымі ўстановамі і вынаходнікамі-рацыяналізатарамі сферы індывідуальнага прадпрымальніцтва.      

А сёлета даследчык зрабіў нестандартны ход – прапанаваў свой праект на тэлеконкурс «Мой бізнес», аб’яўлены на канале АНТ. «Тэлевізійшчыкі» ўхапіліся за яго, таму што, як сцярджае аўтар, у аснове ягонага праекта – крэатыўная ідэя. На даны момант ідзе падрыхтоўка да канцэрта-дыспута з прэзентацыяй бізнес-праекта, інтэрактыўнай размовай з залай, навінамі навукова-даследчай творчасці і т. п. Яго вядучым выступіць аўтар праекта, бард Міхаіл Мінцель.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>