Пад пакровам храма

2406c

У нашым невялікім горадзе ёсць людзі, якіх пазнаеш, таму што род іх дзейнасці, іх службовыя абавязкі – гэта пастаянны кантакт са стаўбчанамі. Такое можна сказаць пра Ганну Мікалаеўну Санько. Многія гады яна нясе паслушанне ў стаўбцоўскай царкве, апошнія 22 гады – казначэем у кафедральным саборы святой праведнай Ганны. Як бы чалавек ні ставіўся да пытанняў веры, у кожнага ў жыцці бываюць абставіны, калі ён прыводзіць сябе ў лона Царквы. А тым больш дарагім чалавекам стала добрая, клапатлівая, заўсёды ўважлівая Ганна Мікалаеўна для тых, хто з’яўляецца прыхаджанамі храма.

Прыход у царкву для яе самой быў абумоўлены адной сустрэчай. Мы ніколі не ведаем, якімі шляхамі дзейнічае Гасподзь. Ганна Мікалаеўна лячылася ў стацыянары ў Мінску. Трапіла ёй кніга, дзе вельмі зняважліва пісалася пра святую абіцель, пра манахаў. Суседка па палаце выказала сваю думку наконт гэтага і прапанавала ўзамен кнігу з праваслаўнай бібліятэкі. Ганна Мікалаеўна адчула, што гэты чалавек жыве з верай у Бога, яе кранула тое, што гэта была ўрач медустановы ўрада.

Пасля выпіскі дамоў Ганна Мікалаеўна папрасіла мужа завезці яе ў храм у Гарадзею, была Вербная нядзеля. Яна раптам адчула сябе некамфортна са сваёю непакрытаю галавою сярод набожных жанчын у святочных хусцінках, ёй адкрылася прыгажосць усяго, што так прамудра ўстроена ў храме Божым, – так пачалося яе ўвацаркаўленне.

Ганна Мікалаеўна ўспамінае, што 30 гадоў назад прыход да веры патрабаваў ад чалавека выбару – былі ганенні на веруючых. Аднак некаторыя стаўбчане, якія займалі розныя пасады на рабоце, нягледзячы ні на што, знаходзілі час для царквы, для клопату пра храм, які на той час меў вялікую патрэбу ў рамонтных работах – прыступкі былі раскрышаныя, больш чым векавая цэгла пад тынкоўкай знаходзілася пад пагрозай разбурэння, не было водаправода, ваду насілі вёдрамі з прыватных дамоў. Свае сэрцы ў вялікім клопаце па захаванні старадаўняй святыні на нашай зямлі прыклалі сем’і Мікалая і Софіі Пяткевіч, а таксама Дзмітрыя і Софіі Паўлоўскіх, якія ўдваіх збілі старую тынкоўку ўнутры храма і потым дапамагалі будаўнікам у аднаўленчых работах. Людміла Клімовіч, Таццяна Гарановіч, Ірына Радзіон, Таццяна Ігумнава, Зінаіда Сафонава, Яўгенія Горбач, Сяргей Мураўёў, Людміла Мураўёва, Тамара Траццяк, Ірына Вярцейка, Ніна Янчур, Лідзія Жук, Ганна Бондарава, Софія Калыхан, Софія Марцінкевіч, Ірына Курыла, Валянціна Рудзько, Аляксандра Саўко, Данута Аляшкевіч… – пералічвае Ганна Мікалаеўна гэтыя і іншыя прозвішчы стаўбчан, якія пастаянна дапамагаюць у храме. Успамінае малітвенна і тых, з кім разам збірала ахвяраванні на рэканструкцыю хрысцільнага храма. Ім, верным дзецям Царквы Хрыстовай, радасна, што за апошнія 20 гадоў у справах па захаванні святыні, добраўпарадкаванні тэрыторыі, пракладцы камунікацый і іншых рэстаўрацыйных і рамонтных работах зроблена столькі, колькі не было выканана за многія папярэднія дзесяцігоддзі. Вялікую любоў, невымерную ўдзячнасць, глыбокае прызнанне і шанаванне члены царкоўна-прыходскага савета і прыхаджане выказваюць айцу Аляксандру Марцінчыку, пад умелым кіраўніцтвам якога быў ажыццёўлены гэты неймаверна вялікі аб’ём работ. Вынік такіх старанняў – цяперашні найпрыгажэйшы, незямны выгляд нашага храма, якому без малога два стагоддзі. Сабор у колеры нябёс з’яўляецца сапраўднай скарбніцай нашага горада, яго ўпрыгажэннем, Божым пакровам.Так як і людзі, якія ўзносяць цёплую сардэчную саборную малітву аб міры, дабрабыце, спакоі на нашай роднай зямлі.

У сваім шаноўным узросце і па стане здароўя пасля перанесеных пяці складаных хірургічных аперацый пад агульным наркозам, служэнне Ганны Мікалаеўны ў царкве можна назваць самаахвярным. Прафесійны бухгалтар, якая ў свой час па выбранай спецыяльнасці працавала ў аддзеле культуры, райспажыўтаварыстве, граматна і бездакорна выконвае ўсю справаздачна-фінансавую дзейнасць у храме. Ганна Санько разам з мужам Уладзімірам Мікалаевічам і іншыя прыхаджане сабора гэтага пакалення, якія таксама збіраюць апошнія сілы, каб падняцца па высокіх прыступках да дома Божага, для ўсіх нас – прыклад цвёрдасці веры, хрысціянскага служэння і святасці жыцця, што ніколі не застанецца без асаблівага Божага благаславення.

Святлана ЖЫБУЛЬ,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>