Умець любавацца радзімаю

2406e

Свята вёскі – гэта больш, чым урачыстасць. Гэта яднанне пакаленняў, дэманстрацыя нацыянальных традыцый, ушанаванне людзей і гісторыі, змацаваных духам паселішча.

Назва вёскі Кляцішча пайшла ад слова «клеці», у іх складваліся дровы для доменных печаў – у сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя тут працаваў ліцейны завод князя Льва Вітгенштэйна. Сыравінай для жалезаробных прадпрыемстваў служылі багатыя залежы мясцовай балотнай руды. Кляцішча славілася не толькі чыгунным ліццём, але і сваім лесам, які прадавалі ці здавалі ў арэнду віленскім купцам, і сенакосамі на прырэчных і балотных лугах – іх уладальнікі пушчы прадавалі на корані і здавалі ў арэнду. У Вялікую Айчынную вайну акупіраванае ворагам Кляцішча стала партызанскай зонай і так кавала Вялікую Перамогу.

Многія падзеі даўніны памятаюць старажылы вёскі – жыхары Аляксандра Ціхановіч і Ванда Судзенка, маці пяцярых дзяцей (на здымку ў першай калонцы), Эдвін Хмара, які мае статус вязня гітлераўскага лагера (на здымку ў трэцяй калонцы), і Вацлаў Кавалеўскі. На свяце яны былі пачэснымі гасцямі. На сучасны момант у Кляцішчы 99 жылых дамоў, дзе пражываюць 163 вяскоўцы. Некаторых з іх на зімовы перыяд забіраюць да сябе дзеці-гараджане. Яны і цяпер прыйшлі на дапамогу сваім бацькам. Да свята вёскі ўзялі на сябе клопат прыбраць сядзібы, дамы, падрыхтаваць святочныя сталы з вясковымі нацыянальнымі стравамі і нават зрэжысаваць канцэртную праграму, як Алена Чэрнік-Пісная і дзеці Марыі Ціхановіч. Сын Марыі Станіславаўны, сацыяльнага работніка, Сяргей, нявестка Анастасія і ўнукі Данііл і Арсеній падрыхтавалі касцюміраванае прадстаўленне – народныя таленты! Уся вёска была прыбрана ў тканыя коўдры, вышытыя ручнікі, вязаныя сурвэткі – гэта спадчына ад прабацькоў: яны ўжо ў вечнасці, а ў гэтых абрусах душою – разам з нашчадкамі.

– Я вельмі ўдзячны жыхарам Кляцішча, іх дзецям-гараджанам за такую актыўнасць, за вялікую працу, якую яны правялі па падрыхтоўцы свята вёскі, – дзеліцца сваім пазітыўным удзячным настроем старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч. – Загадзя мы правялі ў вёсцы тры сходы, вызначыліся, што будзем рабіць, размеркавалі абавязкі паміж людзьмі. Пакуль яны наводзілі парадак на сваіх падворках і вуліцах, мы ўзялі на сябе больш глабальныя задачы. З вялікай падтрымкай раённага выканаўчага камітэта заасфальтавалі ўчастак разбітай да гэтага, непраезджай дарогі ад Церабейнага да Кляцішча. Прыбралі сядзібы, якія псавалі выгляд і лічыліся нічыйнымі. Спілавалі 22 аварыйныя дрэвы, а ўзамен пасадзілі 120 новых. Заручыліся падтрымкай спонсараў – СЖК «Налібакі», Кляцішчанскага лясніцтва, а таксама прыватных фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. І вось атрымалася такое цудоўнае свята!

З душою, прыклаўшы старанні і ўменні, падрыхтавала праграму свята мастацкі кіраўнік Налібацкага дома культуры Наталля Давыдзенка.

Першай сустракала ўдзельнікаў урачыстасці сям’я Валянціны Кармільцавай ля Шубінска-Нёманскага канала. Падзяліць радасць з жыхарамі вёскі прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, калега Аляксандра Пілінкевіча на пасадзе старшыні сельвыканкама з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна Анатоль Пяцюшык (са сваімі артыстамі), сакратар райкама КПБ Ніна Дубовік. Зняць яркае відовішча ў каларытнай нацыянальнай афарбоўцы прыбылі тэлебачанне некалькіх каналаў, журналісты з рэспубліканскіх друкаваных выданняў на чале з прэс-сакратаром старшыні Мінскага аблвыканкама Галінай Трафіменка. У гэты дзень разам з вяскоўцамі былі свяшчэннаслужыцелі, якія акармляюць паселішча, маюць вялікі аўтарытэт у вяскоўцаў – ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань, настаяцель Налібацкага касцёла Небаўзяцця панны Марыі, і настаяцель Налібацкага Свята-Міхайлаўскага храма айцец Сергій Давыдзенка.

Пасля ўрачыстага шэсця па вуліцы з прыпынкамі ля вясковых сядзіб у суправаджэнні духавой музыкі ўзорнага духавога аркестра Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў і вакальнага гурта «Валошкі» Дзераўнянскага цэнтра культуры ўрачыстасць была прадоўжана на адкрытай сцэне. Тут былі ўшанаваны гаспадары лепшых вясковых падворкаў, юбіляры, ветэраны розных галін вытворчасці, выказаць павагу і ўдзячнасць якім прыехалі з падарункамі прадстаўнікі многіх арганізацый. Усе мясцовыя таленты – і дарослыя, і дзеці – маглі падняцца на сцэну, каб выканаць песні і іншыя сцэнічныя нумары. У гэты адметны дзень Кляцішча гасцінна сустракала і прафесійных артыстаў – вядомага беларускага спевака Уладзіміра Ухцінскага і артыста эстрады і кіно, аўтара-выканаўцу Георгія Волчака. Трыбуны паказалі, якое маладое Кляцішча ў асобах і тварах тых, чые карані адсюль. Вось такія святы, лепш чым што, вучаць нашчадкаў, як патрэбна ўмець любавацца сваёю радзімаю.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>