Вада – «гарачая» паслуга

Filed under: Нумары,Соцыум |

Лета толькі наступіла, а ўжо заявіў пра сябе сезонны дэфіцыт вады. Днём з крана цячэ слабая струйка або ўвогуле ні кроплі, толькі шыпенне. У некага цурчыць мутная вада, па сутнасці непрыдатная нават для гаспадарчых патрэб. Сігналы аб гэтым паступаюць ад жыхароў райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў падчас прамых тэлефонных ліній з кіраўніцтвам раёна, у рэдакцыю газеты.

Паліваць – вады не бачыць

– Водазабеспячэнне ў летні перыяд – гэта праблема. Як вырашыць яе? – звяртаемся да намесніка дырэктара па водаканалізацыйнай гаспадарцы Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Андрэя СУДНІКА.  

– У горадзе падаецца дастатковы аб’ём вады, – адзначае Андрэй Суднік. – Дзейнічае шэсць артсвідравін. Створаны двайны рэзерв помпаў для падачы вады. Ціск вады ў трубах кантралюецца ў аўтаматычным рэжыме. Спецыялісты водаканала нясуць дзяжурства кругласутачна. У суткі спажыванне стаўбчанамі вады складае ў сярэднім 3,5 тысячы м3, у перыяд пікавай нагрузкі, а менавіта пры паліве агародаў, яно ўзрастае ў чатыры разы. Вялікі адначасовы разбор і выклікае дэфіцыт вады ў водаправодзе. Кожнаму спажыўцу неабходна думаць не толькі пра сябе.

– Андрэй Станіслававіч, некалькі дзён таму ў водаправодзе з’явілася мутная вада. Пайшлі чуткі, што гэта «тэхнічная» вада.

– Мы ведаем пра гэтую праблему. У вадзе, як вядома, ўтрымліваецца жалеза, якому ўласціва акісляцца і асядаць на сценках труб. Пры адначасовым і рэзкім разборы вады гэтыя «ападкі» адрываюцца і іх гоніць па ўсёй трасе. Адбываецца замутненне вады. На даны момант праводзяцца пазапланавыя прамыўкі труб цэнтральных водаправодаў. На многіх вуліцах горада трубы ўжо прамыты. На адной з такіх вуліц, дзе адсутнічалі сеткі водаадвядзення, нам прыйшлося пусціць водны паток непасрэдна па вуліцы. Імгненнай была рэакцыя гараджан: нам паведамілі пра магчымы парыў водаправода. Пільнасць людзей для нас – неацэнная дапамога.

– Вернемся да палівання. На многіх агародах ляжыць шланг. Вада льецца, распыляецца фантанамі… Якія дзейнічаюць правілы паліву агародаў?

– Дзейнічае рашэнне райвыканкама, згодна з якім катэгарычна забаронены паліў без прыбораў уліку вады, а ў сезон, калі разбор вады ўзрастае ў некалькі разоў, паліў і напаўненне ёмістасцяў, басейнаў (пры наяўнасці прыбораў уліку) дазволены ў інтэрвале часу з 23.00 да 05.00. Забаронена выкарыстанне шлангаў, распыляльнікаў для паліву прысядзібных участкаў, град, газонаў пры адсутнасці прыбораў уліку вады. Адна з мер уздзеяння – адключэнне карыстальніка ад сетак.

Згодна з правіламі, усе спажыўцы вады, у тым ліку і дачнікі, абавязаны арганізаваць уліковае спажыванне вады незалежна ад перыяду пражывання ў доме. Акрамя таго, спажыўцы нясуць адказнасць не толькі за водаправодную сетку ўнутры дома, але і за ўвод ад цэнтральнага водаправода. Яго рамонт і аднаўленне, а таксама страты вады ў выпадку парыву на ўводзе – за кошт спажыўца.  

Дойдзем да кожнага двара

– Акрэсліваюцца дзве злабадзённыя праблемы, звязаныя з вадой: сезонная – дэфіцыт з-за адначасовага разбору пры паліве агародаў; пастаянная – безуліковае спажыванне.

– На даны момант безулікова спажываецца шмат вады, – упэўнены Андрэй Суднік. – З красавіка кантралёры водаканала сумесна з інжынернымі работнікамі ажыццяўляюць маніторынг і праверку домаўладанняў на безуліковае спажыванне вады, функцыянаванне прыбораў уліку вады. Карціна – не вельмі прывабная. На працягу мая складзена больш за 30 актаў аб безуліковым спажыванні вады ў адносінах да жыхароў Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў. Выдадзена больш за 200 прадпісанняў для ўстаноўкі лічыльнікаў вады. Работа гэтая працягваецца. Практыкуем паўторныя праверкі. Дойдзем да кожнага двара.

– Людзі адэкватна рэагуюць на прыход у двор кантралёраў водаканала?

– Далёка не ўсе. У першую чаргу нагадваем пра Правілы карыстання цэнтральнымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення ў населеных пунктах, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 788 ад 30верасня 2016 года. Гэты дакумент абавязвае ўладальніка водаправода прадастаўляць доступ работнікам водаканалізацыйнай гаспадаркі для агляду ўсіх водаправодных сетак і вузлоў уліку. Пры непрадастаўленні доступу мы маем права весці налічэнні за ваду з разліку сячэння трубы ўводу (пры сячэнні трубы 15 мм за 24 гадзіны на працягу 30 дзён «нацякае» каля 760 рублёў). Папярэджваем аб гэтым незгаворлівых домаўладальнікаў і, як правіла, гэтага дастаткова.

У ходзе агляду высвятляецца, што асобныя карыстальнікі, каб не плаціць за ваду, умудраюцца падключацца ад пустых дамоў, робяць «левыя» ўводы. Выяўлены выпадкі, калі домаўладальнікі карыстаюцца вадой без заключэння дагавору, калі абанент дае паказанні, а лічыльнік у яго не круціцца. У такім выпадку таксама можа быць складзены акт. Няспраўны лічыльнік трэба мяняць і рэгістраваць новы. І лепш не чакаць прыходу нашых інспектараў, а зрабіць гэта па сваёй ініцыятыве. Тое ж датычыць і юрыдычных асоб.  

– Вада – у ліку сацыяльна значных жыллёва-камунальных паслуг, і цана на яе фіксуецца дзяржавай. Няўжо ёсць сэнс мець падобныя непрыемнасці?

– У сярэднім у месяц на сям’ю з трох чалавек прадастаўляецца па фіксаванай цане 12 м3 вады. Як сведчыць аналіз, гэтай нормы фактычна хапае. Абанентам неабходна ў тэрмін, з 20 чысла і да канца месяца, падаць паказанні (тэл. 7-91-12, 7-91-17).

Трэба звярнуць увагу і на свае прыборы ўліку вады. Прыборы, якія былі ўстаноўлены пяць і больш гадоў, падлягаюць паверцы. Мы будзем фарміраваць падменны фонд лічыльнікаў, і на перыяд паверкі яго будзе чым замяніць. Устанавіць лічыльнік вады можна самастойна. Абавязковая паслуга – па яго тэхпрыёмцы (каштуе 5,61 рубля). На працягу мая водаканалам устаноўлена больш за 50 лічыльнікаў вады. І кожны дзень ідуць абаненты.

Вада для аграгарадкоў

– Пытанні сезоннага дэфіцыту вады ўзнімалі, у прыватнасці, жыхары Старога Свержаня. Якая сітуацыя на сетках водазабеспячэння ў аграгарадках?    

– Сеткі водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці – адно з праблемных пытанняў, – падкрэслівае Андрэй Суднік. – Раней яны належалі гаспадаркам і былі перададзены АКС па фактычным стане. Па меры магчымасці праводзім на іх прафілактычныя, рамонтна-аднаўленчыя работы. Прыводзім у парадак аўтаматычныя сістэмы вежаў і артсвідравін (іх на балансе АКС 36 і 75 адпаведна), мяняем помпы. Значнае месца займае ліквідацыя аварыйных сітуацый на водаправодах. За апошні час – парывы ў Залужжы, Вішняўцы, Тонаве… Дзякуй кіраўніцтву гаспадарак – з імі мы працуем па прынцыпе ўзаемадапамогі. Яшчэ адна праблема – пасля зімы «выстрэльваюць» прарывамі вады пустыя дамы і дачы, уводы да якіх не былі ўцеплены.

– Якая перспектыва ў водазабеспячэнні вяскоўцаў?

– Выраблены праект (ён праходзіць экспертызу) на капрамонт артсвідравіны ў Старым Свержані, што павялічыць аб’ём вады для спажывання насельніцтва. Акрамя таго, займаемся вырабам уласнай сістэмы для прамывання свідравін і, адпаведна, павелічэння іх дэбіту. Выраблены праекты для будаўніцтва артсвідравін у Вішняўцы і Мікалаеўшчыне. Рэалізаваць іх мы зможам пры наяўнасці фінансавання. Нагадаю, што год таму за кошт дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада» быў рэалізаваны буйны праект для жыхароў Заямнага – пабудавана станцыя абезжалезвання. Вада цячэ якасная, ачышчаная і нельга забываць пра яе рацыянальнае выкарыстанне.    

– Аднак частыя парывы на сетках гавораць пра іх зношанасць. Як будзе ісці іх абнаўленне?

– Калі водаправод моцна зношаны і неабходна яго замена, выйсце – у долевым удзеле грамадзян. Яны набываюць за свой кошт матэрыялы (трубы), а мы бяром на сябе выкананне работ. Такім чынам мы абмяркоўваем пытанне, напрыклад, з жыхарамі Залужжа, жыльцамі мікрараёна Акінчыцы.          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>