Ён вызваляў Стоўбцы

107b

95 гадоў споўнілася Фёдару Каржанкову, аднаму са старэйшых жыхароў нашага раёна, які 2-га ліпеня 1944-га на танку ўехаў у Стоўбцы.

Фёдар Каржанкоў – легенда і гонар нашай зямлі. Ён адзіны на Стаўбцоўшчыне, хто яшчэ можа сказаць: «Я вызваляў Стоўбцы!» Мы дзякуем яму, вызваліцелю нашага горада, за падараваны мір і праяўлены гераізм, жадаем моцнага здароўя на доўгія гады, каб ён мог сказаць нашчадкам гэтыя запаветныя словы і ў свой 100-гадовы юбілей.

Віншаванні і пажаданні адрасавалі паважанаму Фёдару Ануфрыевічу і старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі і яго намеснік Уладзімір Пашковіч, якія завіталі да ветэрана дамоў. Ён, на шчасце, не адзінокі – заўсёды побач з ім дачка Ганна. А тут прыехалі на 95-годдзе бацькі і сын з унукам, якія жывуць у Таліне. У доме Фёдара Ануфрыевіча – не па-дамашняму ўрачыстая атмасфера. Гаспадар – чалавек сціплы, непрыкметны, але на гэты раз міжволі ў цэнтры ўвагі. Усе разам пагутарылі і пажартавалі, папілі чаю, сагрэўшыся цяплом гэтай гасціннай сям’і. А колькі яшчэ добрых слоў сказана Фёдару Ануфрыевічу ў сувязі з юбілейным днём нараджэння!

З 22 чэрвеня, акурат з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, бярэ адлік жыццё вызваліцеля Стоўбцаў. Нарадзіўся ён у вялікай сям’і ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. У вайну яго жыццё не раз вісела на валаску. Танкавая браня не заўсёды вытрымлівала варожую атаку, а ён – хоць бы што, гнаў немцаў з нашай зямлі бліжэй і бліжэй да мяжы. З танка практычна не вылазіў – на ім у Стоўбцы ўвайшоў, потым у Брэсце мяжу пераходзіў. «За вайну пакінуў на полі бою шэсць машын, – чарговы раз прыгадвае Фёдар Каржанкоў. – Немцы падбівалі іх, яны гарэлі, а я цудам заставаўся жывым…»

На грудзях гэтага адважнага танкіста – медаль «За адвагу», два ордэны Чырвонай Зоркі.      

Баявое хрышчэнне Фёдар Каржанкоў прыняў пехацінцам у снежні 1941-га пад Масквой. У баі пад Ржэвам быў паранены. Трапіў у эвакашпіталь ва Удмурцію. Праз чатыры з паловаю месяцы яго выпісалі з адкрытай ранай і заключэннем: «Годны да страявой службы».

Служба павярнулася так, што Фёдара Каржанкова накіравалі ў Казанскае танкавае вучылішча на васьмімесячныя курсы. Пасля іх праходжання атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў адпраўлены ў танкавую часць на 2-гі Украінскі фронт.

З баямі вызваляў Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію, Аўстрыю. Дзень Перамогі сустрэў за 30 кіламетраў ад Прагі. Ваяваў адразу камандзірам машыны, затым – камандзірам танкавага ўзвода. Быў накіраваны ў 151-шы асобны танкавы полк, які падпарадкоўваўся 9-й казачай кавалерыйскай дывізіі пад камандаваннем Пліева. З ёю прайшлі праз Стаўрапольскі край, Адэсу. Пасля іх пагрузілі на платформы і перакінулі для ўдзелу ў аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі.

З 4-га чэрвеня 1944-га іх корпус рушыў усцяж па палескіх балотах. Вызвалілі Слуцк, Узду. А роўна ў шэсць раніцы 2-га ліпеня фарсіравалі Нёман і выйшлі ў раён Старога Свержаня, каб працягваць фронт і рэзаць камунікацыі ворага аж да Міра. Прарваліся нечакана… Стоўбцы былі вызвалены 2-га ліпеня, на наступны дзень – сталіца нашай рэспублікі Мінск.    

Здаецца, лёс нездарма прывёў Фёдара Каржанкова на Стаўбцоўшчыну. Падчас вызваленчай аперацыі ён знайшоў у Грабёнаўшчыне сваё каханне – дзяўчыну Ганну, з якой пазней і стварыў моцную сям’ю. Сваё гняздо яны звілі ў Коласаве. Гаспадар быў майстравіты, усё ў доме зрабіў сваімі рукамі. Яго мірнае працоўнае жыццё прайшло ў воінскай часці. Быў машыністам лакамабіля. Вырасцілі з жонкай дваіх дзяцей. Пасля таго як застаўся ўдаўцом, пад сваю апеку ўзяла дачка. На ёй – хатнія клопаты, догляд бацькі. З ахвотай суправаджае яго на мерапрыемствы, якія праходзяць у ваенным гарадку.

Вось і на дзень нараджэння воінскай часці і пасёлка Наваколасава, куды Фёдара Каржанкова запрашаюць як ганаровага госця, яна абавязкова ідзе з бацькам. Яму даюць слова ля помніка загінуўшым воінам, яго абступаюць школьнікі. І, як бачна са здымка, падстаўляе сваё моцнае плячо раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў. У гэтым – знак бясконцай удзячнасці і воінскай пашаны вызваліцелю Стоўбцаў.

Жывіце доўга, шаноўны Фёдар Ануфрыевіч!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>