Песню на шчасце прыміце

107

Народны хор «Нёман» Старасвержанскага цэнтра культуры адсвяткаваў свой чарговы вялікі і значны юбілей – 90-годдзе.

Не кожны творчы калектыў Беларусі можа пахваліцца такой багатай гісторыяй. Канкрэтную дату стварэння сёння цяжка назваць, але на працягу многіх гадоў ёй лічыцца 6 студзеня 1927 года. Тады ж, паводле даследаванняў Рыгора Шырмы, і адбылося першае выступленне Старасвержанскага хору. Гукі беларускай песні каціліся ва ўсе бакі, развучваліся і ставіліся п’есы. Вялікая роля ў згуртаванні вяскоўцаў належыць простаму селяніну Міхасю Гарановічу. Ён добра валодаў роднай мовай, цаніў беларускую культуру, меў багаты музычны слых, адкрыў людзям хараство беларускай песні.

Пасля вайны ўся самадзейнасць вялася сіламі школы. Пачалі арганізоўвацца калгасы. Іван Балашоў – тагачасны старшыня калгаса – выказаў меркаванне: «Каб моладзь пайшла працаваць у калгасы, павінна быць мастацкая самадзейнасць». І на адкрыцці Ператоцкага клуба, які быў пабудаваны з гумнаў у 1959 годзе, хор, сабраны вялікай аматаркай песні, жанчынай з цудоўным, каларытным голасам – Людмілай Далідовіч, заспяваў. Сцэнічныя касцюмы жанчыны пашылі самі. Спявалі беларускія, рускія, украінскія песні.

У 1962 годзе на грамадскіх пачатках хорам кіраваў выкладчык Стаўбцоўскай музычнай школы Яўген Лапцеў. У падрыхтоўцы да другой дэкады беларускага мастацтва на сельскім, раённым і абласным аглядах харавы калектыў атрымаў добрую адзнаку. Расла і пашыралася слава харавога калектыву. Даніну павагі трэба аддаць Яўгену Драбышэўскаму, Вользе і Анатолю Шалькевічам, якія працавалі з хорам у канцы 60-дзясятых – пачатку 70-дзясятых гадоў. Харавы калектыў тады налічваў 50 чалавек.

У 1975 годзе кіраўніком хору стаў надзвычай творчы, музычна адораны чалавек Віктар Бабачкін. З кожнай рэпетыцыяй, з кожным выступленнем расло майстэрства калектыву. За дасягнуты высокі творчы ўзровень, за актыўную прапаганду беларускай песні ў 1978 годзе хору калгаса «Нёман» было прысвоена ганаровае званне «народны». Калектыў становіцца лаўрэатам І Усесаюзнага фестывалю мастацкай творчасці ў гонар 40-годдзя Перамогі. Зняты дакументальны фільм «Наш Нёман» (1986 год). У той час хор выконваў шасцігалосыя творы.

Калі ўспамінаем гісторыю хору, да нас вяртаецца нешта незабыўнае, хвалюючае. Колькі добрых слоў можна сказаць пра ветэранаў! Колькі душы, самадзейнага таленту, самабытнай народнай мудрасці ўкладвалі яны ў кожнае выступленне!

90 гадоў – вялікі адрэзак у гісторыі хору, але традыцыі, якія былі закладзены, свята захоўваюцца сённяшнімі ўдзельнікамі гэтага знакамітага калектыву. Акрамя вышэйназваных кіраўнікамі хору былі Анатоль Шалькевіч, Марыя Печурэвіч, Іна Пугач. Усе гэтыя людзі ўносілі свае адценні ў росквіт калектыву. Трэба адзначыць, што ганаровае званне народны хор «Нёман» пацвярджае заўсёды.

З 2009 года калектывам кіруе Вольга Шыбко. Шчыры і сардэчны, таленавіты і надзвычай музычны чалавек, яна па-сучаснаму падыходзіць да рэпертуару. Ад статычных шматгалосых твораў, якія гучалі ў 70 – 90-х гадах, усё часцей у праграму ўключаюцца вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, якія з задавальненнем прымаюцца гледачамі.

Поспехі народнага хору можна пералічваць бясконца. Калектыў – шматразовы ўдзельнік Рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва «Пеўчае поле» ў Мядзелі, абласных і раённых святаў і фестываляў. Пашыраецца геаграфія творчых гастроляў. На Міжнародным конкурсе-фестывалі «Самародкі -2013″ у Севастопалі харавы калектыў стаў уладальнікам дыплома лаўрэата І ступені , такі ж дыплом атрымаў на адкрытым музычным конкурсе «Новы рух – 2014″ (у Мінску). Вакальная група хору прымала ўдзел у XVII Усерасійскім фестывалі фальклорных калектываў «Кубанскі казачок» (дыплом лаўрэата ІІІ ступені). Калектыў абараняў гонар раёна на свяце песеннай творчасці «Напеў зямлі маёй» у Мар’інай Горцы (дыплом лаўрэата ІІІ ступені) , выступіў на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2016″ у Лагойску.

І ў дзень юбілею са сцэны ў Старасвержанскім цэнтры культуры гучалі чароўныя песні ў выкананні народнага хору «Нёман». Апладысменты не змаўкалі.

З падарункамі і віншаваннямі на свята завіталі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення культуры, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага Цэнтра культуры, ААТ «Агранёманскі», ДУА «Старасвержанская СШ», абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Стаўбцоўскай і Старасвержанскай дзіцячых школ мастацтваў і іншыя. Прыехалі падтрымаць і павіншаваць сваіх калег народны ансамбль народных інструментаў «Кругліца», дуэт «Пяшчота» Вішнявецкага СДК, народны вакальны ансамбль «Дольніца» Горкаўскага СДК, народны фальклорны ансамбль «Коласавы землякі», а таксама госці з суседняга Нясвіжскага раёна: узорны ансамбль танца «Узорыца» (кіраўнік Н. Сабіч) і народны вакальны ансамбль «Забавы» (кіраўнік В. Александровіч).

Гледачы віталі хор «Нёман» стоячы, неаднаразова гучала: «Біс!».

Магутным «Нёманам» заявіў народны хор аб сабе. І можна з упэўненасцю сказаць: «І дзе на свеце ёсць такі, як «Нёман», хор наш дарагі…» У гэтым творчым калектыве сабраліся сапраўдныя таленты, апантаныя, улюбёныя ў сваю справу, сардэчныя, шчырыя людзі.

Дык будзь жа, шаноўны народны хор «Нёман», бессмяротным! Няхай шырока і раздольна льюцца твае песні над абшарамі нашай Радзімы. З юбілеем!

НА ЗДЫМКУ: удзельнікі народнага хору «Нёман».

Н. ЛЕАНІДАВА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>