Да мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца

0807d

Каля 100 стаўбчан і прыхаджан іншых храмаў Стаўбцоўскага благачыння пры духоўным акармленні іерэя Сергія Давыдзенкі ў мінулыя выхадныя адправіліся двума аўтобусамі ў Маскву – на пакланенне мошчам свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Упершыню за 930 гадоў частка мошчаў вялікага святога, які ўшаноўваецца ўсім хрысціянскім светам, пакінула італьянскі горад Бары. Па дамоўленасці свяшчэннаначальства святыя мошчы былі дастаўлены 22 мая ў Маскву на пакланенне веруючым і будуць знаходзіцца ў храме Хрыста Збавіцеля да 12 ліпеня, потым святыню будуць сустракаць у Санкт-Пецярбурзе – у Аляксандра-Неўскай Лаўры.

За месяц знаходжання святыні ў храме Хрыста Збавіцеля мошчам дарагога святога пакланіліся больш за мільён веруючых з усіх куткоў Расійскай Федэрацыі і суседніх краін. Бесперапынны паток людзей сцякаецца да святыні. Нашай групе давялося адстаяць у чарзе восем гадзін. Усе малітвенна рыхтаваліся да сустрэчы са святыняю. Кожны нёс да святога свае просьбы з вераю, што свяціцель Мікалай Цудатворац адгукнецца на сардэчную малітву. У кожнага ёсць свой вопыт веры, і кожны можа расказаць выпадкі хуткай дапамогі святога Мікалая Цудатворца ў розных жыццёвых сітуацыях, калі да яго малітвенна звярталіся з вераю і любоўю.

Дапамагаюць шматлікім паломнікам здзейсніць гэты подзвіг веры з многімі выпрабаванямі праваслаўныя валанцёры, якія з любоўю прапаноўваюць ваду, любую іншую дапамогу, медыцынскія брыгады хуткай дапамогі і супрацоўнікі праваахоўных органаў Масквы. Доступ да святыні бездакорна арганізаваны, пануе парадак і патрэбная дысцыпліна, якой усе са згодай падпарадкоўваюцца. Тут усе на роўных правах і ўмовах. Наш шлях да храма Хрыста Збавіцеля праходзіў па набярэжнай Масквы-ракі, якая носіць прыгожую старадаўнюю назву – Прачысценская. Мы маглі палюбавацца на ўнікальнай архітэктуры Андрэеўскі і Крымскі масты, на цеплаходы і катары, на якіх у гэтыя летнія дні здзяйсняюцца рачныя прагулкі для адпачываючых, на мірных белых чаек над серабрыстай у промнях сонцах гладдзю вады.

Шматгадзіннае стаянне пад адкрытым небам, два начныя пераезды ў аўтобусе і іншыя выпрабаванні ў дальняй паездцы – такі шлях веры патрэбна было прайсці паломнікам. Аднак радасць і благадаць пры сустрэчы са святыняй, малітвенныя даверлівыя зносіны са свяціцелем Мікалаем Цудатворцам з надзеяй на яго дапамогу ў нашых просьбах да Бога пакрылі ўсе цяжкасці, якія паломнікам давялося перацярпець у дарозе. Прыліў сіл, светлы благадатны настрой – гэта таксама цуд Божы, які кожны адчуў на сабе ва ўмацаванні сваёй веры.

На зваротным шляху Гасподзь спадобіў паломнікаў дакрануцца да яшчэ адной святыні – быў ажыццёўлены заезд на магілку святой блажэннай Валянціны Мінскай у Дзяржынскім раёне. Мясцовыя вернікі з вялікай любоўю даглядаюць гэтае святое месца. Усіх прыемна ўразіла цяперашняе ўбранства магілы, крыжа і дарогі да магілкі – сплецены вянкі з палявых валошак, каласкоў, усюды – букеты з рамонкаў. Пры сваім жыцці матушка Валянціна, якая была прыкавана да пасцелі фізічнай немаччу, адпраўляла ў дарогу ўсіх, хто да яе прыязджаў па духоўную і жыццёвую параду, кветкамі, якія яна майстравала. І цяпер паломнікі бяруць з сабою яе благаславенне разам з пялёсткамі кветак з магілкі.

Для жадаючых адправіцца на пакланенне да мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца па благаславенні благачыннага прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэя Аляксандра Марцінчыка ад кафедральнага сабора святой праведнай Ганны ў бліжэйшыя выхадныя арганізавана яшчэ адна аўтобусная паломніцкая паездка ў Маскву.

Свяціцелю ойча Міколае, малі Бога за нас!

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>