З лаўрэацкімі дыпломамі

Вучні духавога аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення Аляксандра Нічыпаровіча і выкладчыка Уладзіміра Татарыцкага здзейснілі паездку за мяжу ў польскі горад Лобез і з 23 па 25 чэрвеня паўдзельнічалі ў ХХІ Міжнародным конкурсе аркестраў і біг-бэндаў і ў ІV Міжнародным конкурсе інструменталістаў.

У Лобез з’ехалася каля 600 удзельнікаў з дзевяці краін. Майстэрства выканаўцаў ацэньвалі аўтарытэты ў свеце музыкі з розных краін пад старшынством прафесара музыкі Маскоўскага інстытута ваенных дэрыжораў Алега Лебядзінскага. Гэтая паездка яшчэ больш падняла прэстыж духавога аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў – усе дзесяць юных выканаўцаў вярнуліся з конкурсу з лаўрэацкімі дыпломамі. Прафесар музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Карацееў даў высокую ацэнку падрыхтоўцы вучняў і працы выкладчыкаў, назваўшы аддзяленне духавой музыкі Стаўбцоўскай школы мастацтваў адным з самых моцных у краіне.

Нашым юным выканаўцам давялося вытрымаць конкурс сярод 42 інструменталістаў з Польшчы, Германіі, Беларусі, Расіі, Сербіі, Малдовы. Лаўрэацкія дыпломы І ступені атрымалі трубачы Павел Ажгірэвіч і Арцём Маскаленчык (выкладчык А. А. Нічыпаровіч), Ілля Янюк (эуфоніум) – выкладчык У. М. Татарыцкі, лаўрэацкія дыпломы ІІ ступені – валтарніст Глеб Жыбуль (выкладчык Р. В. Бець), Мацвей Пракаповіч (эуфоніум), трубач Назар Папкоўскі (выкладчык А. А. Нічыпаровіч), саксафаністкі Ганна Булаш і Мілана Гаптар (выкладчык У. М. Татарыцкі). Лаўрэацкіх дыпломаў ІІІ ступені ўдастоены барытаніст Ян Пракаповіч (выкладчык А. А. Нічыпаровіч) і саксафаніст Мацвей Кобрык (выкладчык У. М. Татарыцкі). Усім дзесяці музыкантам прафесіянальна дапамагла выканаць конкурсныя праграмы канцэртмайстр Наталля Сінягуб, якая лічыцца адным з лепшых спецыялістаў сваёй справы ў вобласці.

Конкурс быў выдатна арганізаваны. Да яго была прыўрочана выстава рарытэтных аўтамабіляў, што сабрала ўвесь горад. Рамеснікі з Германіі прывезлі свае сувеніры. Дзеці змаглі паглядзець еўрапейскі размах конкурсу, паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме, пачаставацца рознымі ласункамі.

Арганізатары конкурсу пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Польшчы Дарыуша Ледзіона аргнізавалі цёплы прыём дэлегацыі са Стоўбцаў, што сведчыць аб аўтарытэце кіраўніка аддзялення духавой музыкі і дырыжора заслужанага духавога аркестра «Віціны» Аляксандра Нічыпаровіча. Дзяцей і выкладчыкаў размясцілі на аграсядзібе, уладальнікам якой з’яўляецца эмігрант з Беларусі, з-пад Івянца. Дзецям было забяспечана бясплатнае пражыванне і харчаванне, а таксама культурная праграма з адпачынкам і катаннем на водным транспарце.

Гэтая паездка на міжнародны конкурс дала штуршок для наладжвання новых кантактаў і праектаў. Члены журы прызналі не толькі высокае выканаўчае майстэрства вучняў духавога аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў, але і адметны рэпертуар. Член журы прафесар Шчэцінскага ўніверсітэта Багдан Матлаўскі адзначыў, што ў выканаўцаў са Стоўбцаў ёсць свой стыль, віталася, што выконваюцца творы нацыянальных кампазітараў, што гучыць беларуская музыка. Член журы, дацэнт, загадчык кафедры Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў Юрый Цупікаў падзяліўся з Аляксандрам Нічыпаровічам нотамі. Гэта вельмі каштоўны набытак, асабліва партытуры для плац- канцэртаў. Намечаны яшчэ адзін сумесны міжнародны праект на наступны год з наведваннем конкурсу ў Германіі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>