Жыві, цудоўная вёсачка Падгорная, жыві!

0807e

На Стаўбцоўшчыне склалася добрая традыцыя – праводзіць святы вёсак. Па добрай народнай звычцы, гаспадыня, перш чым запрасіць гасцей, наводзіць парадак у хаце. Так і тут. Перш чым правесці свята, патрэбна навесці парадак у вёсцы і навокал: добраўпарадкаваць дарогі, прыбраць на фермах, на мехдвары, абкасіць вакол дамоў і прысядзібных участкаў… Цяпер можна і святкаваць.

На гэты раз гасцей сустракала вёска Падгорная. Нездарма гавораць: «Самая лёгкая дарога – да бацькоўскага парога». Тут першы крок. Тут першы жыццёвы ўрок. Тут першае каханне. Тут і сонца свеціць ярчэй і дыхаецца лягчэй. А якая ж тут прыгажосць! Роўненькай стужкай праз усю вёску прабягае асфальтаваная дарога. Дамы дагледжаны. Нават у вёсцы растуць елкі-прыгажуні, стагадовыя хвоі… А возера! Сапраўдная падгоранская жамчужына. І, безумоўна, людзі тут жывуць і працуюць таксама прыгожыя. На сучасны момант у вёсцы 15 жылых дамоў, у якіх пражываюць 24 чалавекі. Вёска невялікая, але раскінулася на кіламетры два-тры. У даваенны час вёска налічвала 130 дамоў і пражывалі ў ёй 495 чалавек. Вёска называлася Супаросная Слабада. У 1943 годзе яе спалілі, а пасля перайменавалі ў вёску Падгорная.

З хлебам-соллю вяскоўцы сустракалі ганаровых гасцей свята на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аркадзем Казякоўскім. Грамада з гармонікам і песнямі дружна рушыла па ўпрыгожанай цэнтральнай вуліцы Падгорнай. Гаспадары гасцінна запрашалі да сваіх сядзіб, частавалі каўбасой і блінамі, сырам і мёдам, духмянымі трускалкамі, якія якраз паспелі да свята, і іншымі прысмакамі. Сталы прыбіралі суседзі разам. Назіраючы, як частуюцца госці (а іх сапраўды на свята завітала шмат – жыхары суседніх Шашкоў, Ругайца, дачнікі, дзеці, унукі, блізкія і родныя падгоранцаў), я зразумела, што свята ўдалося, што тут жывуць сапраўдныя кулінары, майстры сваёй справы, людзі шчырыя і гасцінныя.

У самым пачатку вёскі жыве цудоўная сям’я Пяткевічаў. Сустракалі гасцей Зоя Францаўна і Аляксандр Іванавіч у беларускіх народных строях, у беларускіх вышыванках. Сёлета гэтая сямейная пара адзначае 45-годдзе сумеснага жыцця. Яны выгадавалі дзяцей, цяпер дапамагаюць даглядаць унукаў, прывіваюць любоў дзецям і ўнукам да свайго роднага дома. А калі палілася песня-віншаванне з вуснаў калектыву народнага фальклорнага ансамбля «Гарэзы», Зоя Іванаўна не стрымала слёз – у мінулым яна таксама была работнікам культуры.

Не забыліся прадэманстраваць жыхары Падгорнай і сваё майстэрства. Тут быў і жывапіс, і вышыванкі. Можна было палюбавацца і мясцовым возерам, і лесам, і навакольнай прыродай. Кожная хата была па-свойму прыбрана, а гаспадары гасцінна запрашалі не прайсці міма, завітаць у госці.

Падтрымаць аднавяскоўцаў і павіншаваць са святам выйшла і сям’я з Таджыкістана. Нацыянальныя стравы Таджыкістана «пайшлі на ўра».

Святочнае шэсце спынілася і каля падворка дырэктара торфабрыкетнага завода «Нёман» Міхаіла Францавіча Камейшы. Гэта іх спадчына – бацькоўскі дом, у які сям’я Камейшаў пастаянна прыязджае, і адчуваюць тут яны сябе як карэнныя жыхары. А тут і нагода павесяліцца і падзяліцца сваёй радасцю з землякамі: 30 гадоў поруч ідуць па жыцці Міхаіл і Алена Камейшы, а яшчэ – якраз і ўнучак нарадзіўся. Сапраўднае чалавечае шчасце!

Вясковае свята ўдала, па-майстэрску аздаблялі артысты Шашкоўскага СДК – калектыў «Гарэзы» пад умелым кіраўніцтвам Алены Явід, неацэнную дапамогу ў музычным агучванні-афармленні аказаў дырэктар Старасвержанскага цэнтра культуры Валерый Пугач, а спонсарскую дапамогу аказалі падгоранцам ТАА «Рудзьмянская гаспадарка», ТАА «Сабук». Старынскае лясніцтва дапамагло падрыхтаваць вёску да ўрачыстасці.

На свята завіталі прадстаўнікі мясцовага ААТ «Шашкі», ПМК-74, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзела культуры, пошты, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, торфабрыкетнага завода «Нёман», ГА «Белая Русь», Старынскага лясніцтва, каб павіншаваць са святам, працоўнымі і жыццёвымі ўрачыстасцямі сваіх калег. А хтосьці прыехаў палюбавацца наваколлем, прыгожымі цудоўнымі людзьмі, павучыцца, пераняць вопыт.

Многім у гэты дзень уручылі падзячныя пісьмы і сувеніры. А стаўбчанка Эма Фралова прысвяціла свае вершы ўсім жыхарам Падгорнай і выказала ўдзячнасць сваім землякам за жыццёвую навуку, падтрымку і дабрыню.

Весялілася, спявала і танцавала ўся вёска. А падарункам для ўсіх стаў шыкоўны канцэрт вядомага спевака, кампазітара і народнага любімца – Сяргея Славянскага.

Жыві, цудоўная вёсачка Падгорная, жыві!

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>