Сын даваў шлюб

1207d

У першыя дні ліпеня, калі наша краіна святкуе Дзень Рэспублікі, адметнае свята прыйшло і ў невялікую вёсачку Варапаі, у сям’ю Антона і Алены Каспарэвічаў.

З’ехаліся ўсе родныя і блізкія і літаральна ўсёй вёскай адзначылі залатое вяселле сужэнцаў Каспарэвічаў. У рубяжэвіцкім касцёле святога Іосіфа для іх урачыста гучаў старадаўні арган, а шлюб даваў ксёндз Уладзімір, адзін з іх пяцярых дзяцей.

Ксёндз Уладзімір у апошнія гады служыць недалёка ад дома, у рубяжэвіцкім касцёле, які рупліва рамантуе і аднаўляе на славу Божую. І ў родных Варапаях ён у каплічцы праводзіць імшы для аднавяскоўцаў. Яго бацькі – заўсёды сярод парафіянаў, адданых вернікаў. Моляцца, каб жыць у духоўнай чысціні, гармоніі. Напэўна, як прызначэнне для выбраных – быць пакліканымі да святарства, так і асаблівая місія ад Усявышняга тым бацькам, якім выпадае выгадаваць пяцярых дзяцей, і сярод іх – будучага святара. У гэтым – вялікая адказнасць перад Богам і людзьмі.

Калі былі маладымі, Антон і Алена бралі шлюб, дзяцей хрысцілі, але, з улікам атэістычных часоў, не афішыравалі гэтую сваю радасць, трымалі яе глыбока ў сэрцах. Жылі на роднай зямлі і працягваюць жыць з асалодай, хоць у памяці засталіся колішнія ганенні на хутаран. Пабудавалі ўласнымі рукамі хату і напрыканцы 60-х гадоў засяліліся ў яе. Ніна, Жанна, Уладзімір, Анатоль, Іван – усе іх дзеці. Іх, бацькоўскі, гонар. «Звоняць нам з Мінска і Стоўбцаў па некалькі разоў на дзень», – падкрэслівае Алена Уладзіміраўна. І дадае: – Дружна мы жывём і з суседзямі. На вуліцы ведаем дзень нараджэння кожнага і разам адзначаем. А наша залатое вяселле два дні гулялі. Дзе мы яшчэ гэтак сустрэліся б?»

Антон Антонавіч слыў у колішнім калгасе «Шлях да камунізму» заслужаным работнікам. Круціў усё жыццё шафёрскую баранку. Надзейна, бяспечна гэта рабіў. Алена Уладзіміраўна, будучы шматдзетнай матуляй, даіла ў калгасе кароў, прыбірала ў канторы. Як і іншыя вясковыя сем’і, Каспарэвічы бралі дзялкі, хадзілі рваць лён. Трымалі ўласную вялікую гаспадарку. І сёння, дарэчы, у іх гектар зямлі ў апрацоўцы, пчол разводзяць, гадуюць свіней, трусоў, індыкоў, гусей. Гаспадыня пахвалілася, што ёсць і дзве казы, якія разам даюць малака не менш за карову. Гаспадары дружна ўпраўляюцца з усім. Працы, відавочна, яны не баяцца.

За звычнымі сялянскімі клопатамі Каспарэвічы не забыліся пра «залаты» дзень свайго вяселля. «Мы распісваліся 27 чэрвеня, – прыгадвае Алена Уладзіміраўна. – Сёлета гэта будны дзень, таму вырашылі святкаваць у бліжэйшы выхадны. Пасля дзед глянуў у каляндар і здзівіўся. Паглядзі, паклікаў мяне: «2-га ліпеня якраз ушаноўваюцца Галіна і Антон». Наш дзень, нібыта на заказ».

«Іхні» дзень атрымаўся сапраўды непаўторным. Касцёл сустракаў іх упрыгожаны ружамі. Як толькі адкрыліся дзверы, зайграў арган. Першымі ступілі ў храм «маладажоны», за імі – шматлікія госці. Некаторыя, хто ўпершыню пачуў арган, слухалі і плакалі. Ксёндз Уладзімір правёў у гонар сваіх бацькоў імшу. Падкрэсліў: «Не кожнай сужэнскай пары дадзена дажыць да залатога вяселля». Прыемна пачуць гэта ад сына. «А мы дажылі, – падказвае Антон Антонавіч, – бо любілі моцна адно аднаго».

Віншаванні «маладажонаў» працягнулі парафіяне рубяжоўскага касцёла. Падораныя букеты ледзьве змясціліся ў руках Алены Уладзіміраўны і Антона Антонавіча. Яны іх, з дазволу ксяндза, пакінулі ў храме для яго ўпрыгажэння. Калі выходзілі з касцёла, іх шлях усцілалі пялёсткі ружаў…

Далей свята працягнулася дома ў «маладажонаў» пад гармонікі і барабан. На гармоніках зайгралі сын-ксёндз і касцёльны арганіст Тадэвуш Сабалеўскі, а ў барабан застукала старэйшая дачка Ніна, якая і падрыхтавала так бы мовіць сцэнарый дамашняга свята. Гучала валынка, польскія песні. Усе падпявалі, танцавалі.

Пляменнікі віншавалі «маладажонаў» трохпавярховым караваем. Унукі пастараліся, каб у бабулі і дзядулі з’явіліся «залатыя» медалі – «Залатая бабуля»,»Залаты дзядуля». Унуку, які год таму жаніўся, бабуля нагадвае: «Буслы ў мяне жывуць на хаце. Калі ўжо парадуеш праўнукамі?»

Антон Антонавіч прызнаецца, што напярэдадні не спаў ноччу. Хваляваўся, перажываў, як усё будзе. Цяпер – спакойны і шчаслівы. Засталося ў душы столькі яркіх эмоцый! Няхай спраўджваюцца ўсе пажаданні, адрасаваныя сужэнцам Каспарэвічам, і адно з іх – дажыць да брыльянтавага вяселля.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>