Навіны Стаўбцоўшчыны

1507b

У ПЕДАГОГАЎ – СВОЙ АТРАД

У ДУА «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна» завяршыў работу студэнцкі педагагічны атрад імя У. З. Царука.

Атрад, які носіць імя легендарнага партызанскага камбрыга, дзейнічаў на працягу другой лагернай змены. Усе члены атрада – маладыя педагогі нашага раёна. Камандзір Гражына Белановіч працуе ў сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы, выпускніцай якой і з’яўляецца, і, як заўважае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, вылучаецца грамадскай актыўнасцю яшчэ са школьных гадоў.

З удзелам педатрада імя У. З. Царука ў лагеры прайшоў адкрыты дыялог на актуальную тэму барацьбы са спайсамі, наркотыкамі. У ролі экспертаў на ім выступілі інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Ілья Рыбак, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская, супрацоўнік раённага камітэта БРСМ Марына Сапега, педагог Людміла Вайдзілевіч. Размова ішла аб наступствах ужывання наркатычнага зелля, адказнасці за гэта і ўвогуле пра правілы паводзін падчас летніх канікул. Падлеткі задалі шмат пытанняў.  

– Педатрад на базе лагера «Нёман» працуе не першы год, – адзначае Анастасія Калодзінская. – І сёлета быў заключаны адпаведны дагавор паміж раённым камітэтам БРСМ і кіраўніцтвам лагера «Нёман».

Для ўдзельнікаў студэнцкага атрада прадугледжаны бонус – з іх заробку не вылічваецца падаходны падатак (13 працэнтаў). На рукі застаецца сума падатку ў дзевяць працэнтаў, таму што, згодна з заканадаўствам, чатыры працэнты яго накіроўваюцца на развіццё студатрадаўскага руху.  

 

КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ

Раённая арганізацыя БРСМ прыняла ўдзел у абласным маладзёжным свяце «Беларусь маладая», які праходзіў у горадзе Салігорску. Ад Стаўбцоўшчыны яго ўпрыгожыў і напоўніў эксклюзівам узорны харэаграфічны ансамбль «Гарошынка» (кіраўнік – Наталля Захарава).

Сведчанне таму – перамога «Гарошынкі» адразу ў дзвюх намінацыях – «Шоу-праграма» і «Усходні танец», якія даюць калектыву права прадстаўляць моладзь Міншчыны ў рамках святкавання Дня моладзі на 26-м Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2017″.

Дарэчы, як падкрэсліла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, гэты ж калектыў у мінулым годзе выступаў на такім жа свяце і, адметна, у тых самых намінацыях таксама быў першым. Сёлета ў танцораў была абсалютна новая праграма. У журы конкурсу, акрамя прадстаўнікоў абласнога выканаўчага камітэта і абласнога камітэта БРСМ, уваходзілі эксперты са студыі сучаснага танца «СД», афіцыйнага прадстаўніка еўрапейскай танцавальнай лігі Рэспублікі Беларусь. У праграму сёлетняга конкурсу былі дабаўлены дзве новыя намінацыі – «Беларускі народны танец» і «Нацыянальны танец». А «Гарошынка» вітала гасцей выступленнем у арт-батле, у якім за паўтары мінуты прадставіла танцавальнае пупуры на аснове сваіх творчых дасягненняў.

На маладзёжным свяце спецыяліст Стаўбцоўскага раённага цэнтра народнай творчасці Таццяна Лазоўская стварыла куточак традыцыйнай беларускай культуры з уласных вышыванак, лялек-абярэгаў і т. п. Працягам беларускай тэмы ў рамках свята «Беларусь маладая» стаў «Адкрыты дыялог» – «Беларусь – крыніца натхнення». Стаўбчане задалі экспертам пытанне: ці можна быць патрыётам, не ведаючы беларускай мовы? І яно ўнесла ў аўдыторыю сапраўдную дыскусію.

 

НАПРАМУЮ З БМЗ

Стаўбцоўскі ўчастак Мінскага цэха ААТ «Белвторчермет» нарыхтаваў у першым паўгоддзі бягучага года лому чорных металаў на 250 тон больш, чым за адпаведны леташні перыяд.

І гэты факт асабліва прыемна канстатаваць напярэдадні прафесійнага свята металургаў, якое заўтра будуць адзначаць і ў калектыве стаўбцоўскага ўчастка.

– Сёлета актыўней сталі працаваць з насельніцтвам. У мінулым годзе адчувальнай была няхватка абаротных сродкаў, – тлумачыць становішча спраў начальнік участка Валерый Шастак. – Змены адбыліся і структурныя: з цэха мы пераўтвораны ва ўчастак. Задача ўчастка – нарыхтоўка, сарціроўка і адгрузка лому. Працэс яго перапрацоўкі перанесены на галаўное прадпрыемства, дзе і ажыццяўляецца механізаваным спосабам (на ўчастку пакуль застаўся нязначны від перапрацоўкі – драбленне чыгуну). У сувязі з гэтым у калектыве ўчастка прайшла аптымізацыя, вытворчыя планы скарэкціраваны на павелічэнне аб’ёмаў.

Стаўбцоўскаму ўчастку ў бягучым годзе неабходна нарыхтаваць 14,6 тысячы тон сыравіны для Беларускага металургічнага завода (у 2016 годзе – 13,5 тысячы тон).

– Паспрыяе гэтаму і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб адкрыцці спецрахункаў, які пачаў дзейнічаць з 16-га чэрвеня 2017 года, – упэўнены Валерый Шастак. – Цяпер грашовыя сродкі за здадзены лом будуць паступаць з БМЗ напрамую, мінуючы галаўное прадпрыемства «Белвторчермет». Такая мера павінна паслужыць максімальнаму ўцягванню ў вытворчасць айчыннага лому і, адпаведна, зніжэнню сабекошту выпушчанай прадукцыі прыкладна на 30 працэнтаў.

– Калектыў участка складаецца з 15-ці чалавек, – заўважае кіраўнік. – Старанна працуюць усе службы. Тэхніка не падводзіць. Яна ў нас сучасная (да прыкладу, аснашчаны механізмам фірмы «Катэрпілер»), па меры зношанасці будзем абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу.

Значныя аб’ёмы работ выконваюць вадзіцель пагрузчыка Юрый Буцько, вадзіцелі Генадзь Шастак і Леанід Пяткевіч, кантралёр Дзмітрый Дземідовіч і інш. Настрой ва ўсіх работнікаў стаўбцоўскага ўчастка напярэдадні прафесійнага свята – прыўзняты. Стымулам да добрай працы павінна стаць і павышэнне заробку на прадпрыемстве з ліпеня бягучага года на 15 працэнтаў.    

 

У СТАРОБІНСКІ ЛЯСГАС

Ужо больш за тыдзень дзве сучасныя лесанарыхтоўчыя машыны Стаўбцоўскага лясгаса працуюць у Старобінскім лясгасе.

Бяда, як кажуць, адна не ходзіць. Не паспелі лесаводы прывесці ў парадак лясны фонд пасля маштабнага ўрагану летам 2016 года, як нагадала пра сябе масавае ўсыханне сасновых насаджэнняў. У ліку найбольш пацярпелых значацца Любанскі, Старадарожскі, Старобінскі лясгасы. На дапамогу ім, па добрай традыцыі, прыйшлі ўсе лясгасы Міншчыны.

– Стаўбцоўскаму лясгасу неабходна правесці суцэльныя санітарныя высечкі на тэрыторыі Старобінскага лясгаса на плошчы 27 гектараў, – адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

 

ЛЕТНІ ПАТРУЛЬ

На працягу лета раённы камітэт БРСМ праводзіць сумесную акцыю «Летні патруль».

Актывісты БРСМ разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Стаўбцоўскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах і раённай арганізацыяй АСВОД выязджаюць у рэйды па месцах масавага адпачынку, у лясныя масівы, дзе ажыццяўляецца збор грыбоў і ягад. Асноўная задача – папярэдзіць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, аховы жыцця на вадзе. «На мінулым тыдні мы працавалі з прадстаўніком АСВОД у месцах купання», – расказала актывіст БРСМ Юлія Зуева.

Прафілактычная работа сярод наведвальнікаў пляжаў праводзіцца з уручэннем памятак, тэматычных каляндарыкаў і т. п.

 

НА ЧАРЗЕ – ТУЛЁНКА

ТАА «Стоўбцыгазбуд» прыступіла да выканання работ на другім пускавым комплексе па газіфікацыі вёсак Ячнае і Ячонка.

– Работы вядуцца згодна з графікам і будуць завершаны ў тэрмін, – адзначаюць у філіяле ВУ «Стоўбцыгаз», які выступае заказчыкам аб’екта.

Акрамя таго, філіялам аб’яўлены перамовы адносна выбару падраднай арганізацыі, якая будзе займацца праектаваннем газаразмеркавальных сетак яшчэ ў двух населеных пунктах раёна – вёсцы Тулёнка і аграгарадку Рочавічы.

 

НЕБЯСПЕЧНАЯ ГОСЦЯ

З пачатку года ў раёне занатаваны тры выпадкі захворвання жывёлы на шаленства. Апошні зафіксаваны напрыканцы чэрвеня. У двор гаспадара Мешыч завітала няпрошаная лясная госця. Лісу знішчылі, аналіз паказаў, што яна была хворай. У вёсцы праведзены ўсе мерапрыемствы па прафілактыцы згаданага захворвання, зроблены прышчэпкі дамашнім катам і сабакам.

 

ЗА ДЗЯРЖАЎНЫ КОШТ

Ветэран вайны Фёдар Каржанкоў і яго сям’я выказалі ўдзячнасць усім службам раёна, пры садзейнічанні якіх ажыццёўлена замена ў яго доме электраправодкі.  

– Рамонт і замена электраправодкі ў дамах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны праводзіцца згодна з дзяржаўнай праграмай «Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады». У гэтым годзе за дзяржаўны кошт заменена праводка ў дамах трох ветэранаў вайны. У доме аднаго з іх яшчэ неабходна зрабіць рамонт пячнога ацяплення. У бягучым годзе ў мясцовым бюджэце прадугледжана 6220 рублёў на выкананне работ па рамонце электраправодкі і пячнога ацяплення ў домаўладаннях, якія належаць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, – зазначае дырэктар ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко.

Для аказання дапамогі ў правядзенні розных відаў рамонтаў адзінокім і адзінокапражываючым састарэлым, інвалідам, шматдзетным сем’ям і іншым малаабароненым катэгорыям грамадзян дзейнічае фонд матэрыяльнай дапамогі. Асноўны крытэрый для яе выдзялення – наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі. Да кожнай заявы, як сцвярджае Святлана Блашко, – індывідуальны падыход. Тыя, хто мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, могуць звярнуцца і за адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогай.

 

АДКАЗНАСЦЬ ГАЗАВІКОЎ І АБАНЕНТАЎ

За летні перыяд філіял ВУ «Стоўбцыгаз» плануе ажыццявіць замену не менш чым 650 адзінак маральна састарэлага бытавога газавага абсталявання, якое ўстаноўлена ў жылых дамах жыхароў раёна.

Згодна з улікам, у бягучым годзе прыкладна такая колькасць газавых пліт, калонак і катлоў выслужыла свой нарматыўны тэрмін эксплуатацыі і, адпаведна, падлягае замене ў мэтах надзейнага і бяспечнага газазабеспячэння. Замена праводзіцца за сродкі ўласнікаў абсталявання і ўладальнікаў жылога фонду. Газавікі ідуць насустрач сваім абанентам пры набыцці газавых пліт – прадастаўляюць іх у растэрміноўку да шасці месяцаў.  

Стоўбцыгаз праводзіць замену і абсталявання, якое знаходзіцца на яго балансе і таксама ўжо выслужыла два дзясяткі гадоў і больш. Да ліку састарэлага адносіцца абсталяванне на шафавым газарэгулятарным пункце ў Задвор’і.

– За кошт сродкаў УП «Мінскаблгаз» распрацаваны праект і зроблены заказ на яго, – паведаміў дырэктар філіяла Іван Шпілеўскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>