Работа ў соцыуме

Filed under: Нумары,Соцыум |

1507c

ЯК ПРАЦУЮЦЬ З СЕМ’ЯМІ Ў ГОРКАХ

Раённая камісія па справах непаўналетніх правяла на базе ДУА «Горкаўская сярэдняя школа» выязное пасяджэнне, падчас якога былі заслуханы сацыяльна-педагагічная служба, дырэкцыя школы аб прафілактыцы правапарушэнняў, безнагляднасці непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў.  

Прафілактычная работа ў гэтым напрамку вядзецца не толькі школай, а і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, таму да ўдзелу ў выязным пасяджэнні былі запрошаны прадстаўнікі мясцовага соцыуму – Вішнявецкі сельвыканкам, ААТ «Жацерава», Горкаўскі дом культуры, участковы інспектар міліцыі, а таксама сем’і.

Са знаёмства з праблемнымі сем’ямі і пачалося пасяджэнне. Іх у Горкаўскай школы дзевяць. Усе яны абсалютна розныя, шматдзетныя і няпоўныя, але корань зла ва ўсіх адзін – алкаголь. Некаторыя бацькі не раз «кадзіраваліся», а потым ізноў зрываліся. Ад іх залежнасці ад алкаголю – нізкая санітарная культура ў дамах (прычым, многія жывуць у жыллі, прадастаўленым гаспадаркай) і на прысядзібных участках. Яны не імкнуцца зарабіць, нягледзячы на тое, што ў асобных утварылася запазычанасць за камунальныя плацяжы. Дарэчы, у наймальніка, ААТ «Жацерава», – свае прэтэнзіі да такіх работнікаў. У выніку, у пяці сем’ях становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Прэтэндэнтам, як стала відавочна падчас выязнога пасяджэння, з’яўляецца яшчэ адна нядобранадзейная сям’я з ліку тых, што былі запрошаны для разгляду. У абоіх бацькоў твары, прабачце, з «фіялетавым» адценнем, ад іх дыхнула перагарам і на членаў камісіі… Як высветлілася, бацька – беспрацоўны, з калгаса звольніўся, а матулю, якая дапускае прагулы, пакуль спрабуюць выхоўваць. Факты шакіруюць: напярэдадні ў іх доме была масавая п’янка, якая закончылася выклікам участковага інспектара міліцыі. Усё гэта адбывалася на вачах дзяцей, якія самі сабе прадастаўлены…

– Колькі мы гэтым бацькам ужо даравалі! – не можа стрымаць эмоцый прадстаўнік ААТ «Жацерава» Людміла Калішэвіч. – Калі прыехалі да нас, выдзелілі ім добраўпарадкаваны дом. У сям’і гадуецца трое дзетак.    

Першая і жорсткая ўмова, якая была пастаўлена гэтым і іншым бацькам згодна з Дэкрэтам № 18, – у самыя кароткія тэрміны звярнуцца да ўрача-нарколага. Пільная ўвага бацькоў цяпер, у канікулярны перыяд, павінна быць звернута на летнюю занятасць дзяцей. Як вядома, напрыканцы вучэбнага года васьмікласнік Горкаўскай школы ўжо трапіў у поле зроку міліцыі па факце ўчыненай бойкі, вядзецца следства. Можна і трэба аздараўліваць сваіх дзяцей у лагерах, працаўладкоўваць на сезонныя работы, тым больш, што гаспадарка ідзе насустрач сваім работнікам у аплаце пуцёвак, прадастаўленні рабочых месцаў. Маладой матулі, якая нядаўна з мужам і траіма малымі дзецьмі перабралася ў Горкі да бацькі, была зроблена заўвага адносна навядзення парадку ў кватэры, хутчэйшага ўладкавання дзяцей у дзіцячы сад.

– Абмеркаванне паказала, колькі вострых пытанняў яшчэ нявырашана, – падагуліў размову з сем’ямі старшыня раённай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і, звяртаючыся да дырэктара Горкаўскай школы Надзеі Ермаловіч, папрасіў спыніцца на аналізе ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі, перспектыўных накірунках працы з падлеткамі і сем’ямі.

Відавочна, што рэсурсам прафілактычнай работы з’яўляецца стварэнне і развіццё ў школе гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах. У Горках у іх задзейнічаны ўсе дзеці з праблемных сем’яў. Заахвочваюць іх і да ўдзелу ў грамадскім жыцці школы. У шосты школьны дзень ладзяцца сумесныя мерапрыемствы з вучнямі і бацькамі. У школе часта можна бачыць супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх. Вучням аказваецца індывідуальная сацыяльна арыентаваная дапамога. У вячэрні час выходзіць на дзяжурствы настаўніцка-бацькоўскі патруль. Бацькоў запрашаюць на бацькоўскія сходы, школьныя мерапрыемствы. Хацелася, каб былі больш актыўнымі бацькі старшакласнікаў. Педагогі наведваюць усе сем’і сваіх вучняў. Кожны тыдзень праводзіцца рэйд «Сям’я» – для адсочвання сітуацыі ў сем’ях, аператыўнага рэагавання на інфармацыю, якая паступае ў школу. Сем’ям, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, школа зрабіла падарунак – набыла батарэйкі для пажарных апавяшчальнікаў.

Пры тым, што ўсе ўмовы для вядзення прафілактычнай работы ў Горкаўскай школе створаны, выяўлены і недахопы. Як адзначыла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько, па выніках праверкі міжведамаснай групы прызнана не адпаведнай прад’яўленым патрабаванням заканадаўства арганізацыя ў школе выхаваўчай работы па прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Хоць сацыяльна-педагагічная служба прадстаўлена вопытным спецыялістам, у першую чаргу ўзніклі пытанні да афармлення дакументацыі. У прыватнасці, індывідуальныя планы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх былі састаўлены… без правядзення сацыяльнага расследавання, ход іх выканання не разглядаўся на савеце прафілактыкі. Інфармацыя аб рабоце настаўніцка-бацькоўскага патруля таксама не падвяргалася аналізу на савеце прафілактыкі, нарадзе пры дырэктары. У дакументах адсутнічаюць тэрміны выканання дадзеных даручэнняў і т. п. Установе адукацыі неабходна ўхіліць усе выяўленыя недахопы ў бліжэйшы час.

НА ЗДЫМКУ: маладой шматдзетнай сям’і, якая прыехала з іншага раёна, гатовы аказаць дапамогу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ    

 

ФРОНТ РАБОТ І ДЛЯ ЎЧАСТКОВАГА, І ДЛЯ СЕЛЬВЫКАНКАМА

У Вішнявецкім сельсавеце прайшоў выязны семінар-нарада для старшыняў саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку раёна па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення.

Семінар адкрыў намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік рабочай групы па каардынацыі дзейнасці саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку раёна Сяргей Шэсцель. Фактычна пачаўся семінар з пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Вішнявецкім сельвыканкаме. На яго былі запрошаны і разгледжаны каля двух дзясяткаў асоб, якія не без «умяшальніцтва» спіртных напіткаў дапускаюць сямейныя скандалы, парушэнні працоўнай дысцыпліны, назапашваюць запазычанасць у кампенсацыі дзяржаўных выдаткаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей і т. п.

Многія з гэтых людзей неаднойчы аступаліся, але ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Жацерава» пайшлі ім насустрач – у першую чаргу, прадаставілі работу. Большасць іх, трэба сказаць, прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці і сумленна выконвае свае працоўныя абавязкі. Аднак рэчаіснасць сведчыць, што нельга выпускаць з поля зроку гэтых людзей, аслабляць за імі кантроль. Да прыкладу, 39-гадовая жанчына-палявод, абавязаная асоба, запазычанасць якой перад дзяржавай дасягнула амаль 9 тысяч рублёў, у чэрвені двойчы не выйшла на працу без уважлівых прычын…

Усім запрошаным на пасяджэнне асобам былі вынесены афіцыйныя папярэджанні. Пасля знаёмства з 21-гадовым маладым чалавекам, раней судзімым, на даны момант – беспрацоўным, але ў якога ёсць спецыяльнасць будаўніка, Сяргей Шэсцель асабіста хадайнічаў перад дырэкцыяй ААТ «Вішнявецкі-агра» аб прыёме яго на пастаянную работу. Беспрацоўнаму 30-гадоваму маладому чалавеку, які з-за п’янкі застаўся без вадзіцельскага пасведчання і быў пастаўлены на прафілактычны ўлік, рэкамендавана звярнуцца да ўрача-нарколага. Відавочна, што без своечасовай медыцынскай дапамогі малады чалавек прападзе… Няпростая сітуацыя склалася ў сям’і, у якой гадуецца шасцёра дзяцей. Паляпшэнняў там, на жаль, не назіраецца, хоць сям’я і знаходзіцца на працягу апошніх паўтара года на ўліку. Канкрэтнае разбіральніцтва з бацькамі гэтых дзяцей перанесена на пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх.    

Старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч дала характарыстыку сем’ям, якія пастаўлены на ўлік, і звярнула ўвагу на ўклад у работу з імі і іншымі грамадзянамі кожнага з суб’ектаў прафілактыкі, ацаніла работу камісій па барацьбе з п’янствам у працоўных калектывах на тэрыторыі сельсавета. Ёсць станоўчая дынаміка, і акрэсліліся метады, якія прыносяць найбольшую карысць. Гэта правядзенне сумесных пасяджэнняў, практыка разгляду правапарушальнікаў непасрэдна ў тых падраздзяленнях, дзе яны працуюць, і т. п. Удзячнасць выказана ўрачу Вішнявецкай амбулаторыі – за работу, якая праводзіцца з тымі, хто ўжывае спіртное. Адметна і тое, што гаспадаркі прадастаўляюць аванс для праходжання антыалкагольнага лячэння.

Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава, якая зрабіла аналіз аператыўнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна з пачатку года, падкрэсліла эфектыўнасць такой меры, як прафілактычныя адпрацоўкі сельсаветаў, міжведамаснага ўзаемадзеяння і выступіла з прапановай:

– Для паўнаты разгляду на пасяджэнні савета трэба выклікаць абодва бакі сямейнага скандалу, канфлікту і т. п. І цікавіцца імі варта кожны месяц як катэгорыяй найбольш небяспечных у крымінальным плане грамадзян.

Пры павелічэнні колькасці злачынстваў па лініі ўсіх службаў міліцыі, росце рэцыдыўнай злачыннасці алкагалізм і барацьба з ім застаюцца для праваахоўных органаў праблемай. На даны момант заканадаўствам прадугледжаны больш жорсткія меры адказнасці за рэалізацыю і перавозку спіртаўтрымліваючай вадкасці, аднак важна валодаць інфармацыяй аб каналах пастаўкі нелегальнага спірту. Сельвыканкамы могуць аказаць міліцыі ў гэтым неацэнную дапамогу. Да асоб, якія злоўжываюць спіртным і ставяць сям’ю ў невыноснае становішча, трэба актыўней прымяняць такую меру, як пазбаўленне дзеяздольнасці. Да прыкладу, у пракуратуру раёна ўжо накіраваны тры такія матэрыялы. У маі былі ўзбуджаны тры крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці – з іх дапамогай, трэба меркаваць, папярэджаны больш цяжкія злачынствы. З пачатку года 25 жыхароў раёна ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, яшчэ тры аналагічныя матэрыялы знаходзяцца на разглядзе ў судзе. У міліцыі наладжана цеснае ўзаемадзеянне з наркалагічнай службай.

Урач-нарколаг Сяргей Карэлін на базе цэнтральнай раённай бальніцы ўкараніў свой метад лячэння ад алкагольнай залежнасці. У яго праходжанні ўрач падкрэсліў два прынцыповыя моманты: «Калі чалавек выказвае жаданне лячыцца ананімна, мы не ставім яго на ўлік і, адпаведна, у далейшым у яго не ўзнікае ніякіх перашкод, абмежаванняў пры праходжанні вадзіцельскай камісіі і т. п. Таму людзі і ідуць да нас. Другое – эфектыўнасць наркалагічнага лячэння. Яна дасягаецца толькі пры добраахвотным, асэнсаваным звароце. У адваротным выпадку практычна ў 100 працэнтах выпадкаў назіраецца рэцыдыў».    

Пасля ўбачанага і пачутага ўдзельнікамі выязнога семінара-нарады Сяргей Шэсцель выказаў агульную думку: «Відавочна, што ў сельсавеце яшчэ дастаткова работы і ўчастковаму інспектару, і сельвыканкаму».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>