«Мясны двор» прывабіў і дзяцей

1507d

Не так даўно магазін «Мясны двор» (фірменны магазін ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат») пераехаў на вуліцу Магістральную ў Стоўбцах. Яго рэкламная «знешнасць» красамоўна нагадвае пра асаблівасці гэтага магазіна. У ім можна набыць шашлык, свежае мяса. Завітаўшы туды, разумееш, што гэта не проста новае арандаванае памяшканне «Мяснога двара», а асаблівы магазін.

Гандлёвая зала магазіна мае значна большую плошчу, што дазволіла значна пашырыць асартымент тавару і, нягледзячы на нядаўняе наваселле, спрацаваць з прыбыткам, павялічыць тавараабарот у тры разы.

– Дырэкцыя камбіната заклапочана лёсам усіх дзевяці фірменных магазінаў на тэрыторыі раёна (сямі – у Стоўбцах, двух – у Наваколасаве і Старым Свержані), таму дырэктар Рамуальда Бурдукевіч і ініцыявала пераезд «Мяснога двара». Доўга вагаліся, хваляваліся: «А чым прывабім пакупнікоў на новым месцы?» – тлумачыць спецыяліст фірменнага гандлю мясакансервавага камбіната Марына Крупец. – Першыя месяцы работы паказалі, што рашэнне было правільнае.

У «Мясным двары» цяпер значна большы выбар дзіцячага харчавання (і яно хутка разбіраецца), малочных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў. Дабавіліся дзіцячыя цацкі, шкляны і пластмасавы посуд, іншыя неабходныя ў дамашняй гаспадарцы рэчы.

І яшчэ адна цікавая навінка, надзвычай папулярная ў гэтую пару, – вагавое марожанае ў вафельным ражку. З хрумсткім ражком-ласункам нібыта ўсё зразумела, а вось з выбарам «шарыкаў» марожанага – насамрэч губляешся, таму што яго прапануецца больш чым два дзясяткі (!) відаў.

– Марожанае ў ражку любяць і дзеці, і дарослыя, – канстатуе загадчыца «Мяснога двара» Марына Баўдзей. – За тыдзень наш магазін рэалізуе марожанага 50 і больш кілаграмаў.

Вытворца марожанага, фірма «Марозпрадукт», прадаставіла свае маразільныя скрыні і спраўна пастаўляе вагавое марожанае згодна з заяўкай. Рэалізацыя яго была апробавана фірменнай гандлёвай сеткай мясакансервавага камбіната ў мінулым годзе на прыкладзе магазіна «Кумпячок», самага, бадай, запатрабаванага на новай стаўбцоўскай вуліцы – вуліцы Міру.

А ў цэлым у камбіната заключана больш за 100 дагавораў з вытворцамі рознай прадукцыі, якія забяспечваюць фірменную гандлёвую сетку. З большасцю яны працуюць напрамую, што робіць таннейшай прадукцыю і скарачае яе шлях да спажыўца. Намеснік дырэктара камбіната па камерцыйных пытаннях Аляксандр Макарэвіч і яго калегі імкнуцца трымаць руку на пульсе, робяць перспектыўныя крокі ў мэтах павелічэння пакупніцкага попыту і папулярызацыі іміджу сваіх фірменных магазінаў.  

Скажу як гаспадыня, што ў «Мясным двары» ў першую чаргу не застаюцца без увагі вітрыны і халадзільныя ўстаноўкі з уласнай прадукцыяй камбіната – ахалоджанай мясной прадукцыяй, паўфабрыкатамі, мяснымі кансервамі, каўбаснымі вырабамі. Ахалоджаная мясная прадукцыя дастаўляецца кожны дзень і, нядзіўна, карыстаецца павышаным попытам. Пакупнікам магазіна (сярод іх нямала і немясцовых, «транзітных», што зварочваюць з аўтадарогі) падабаецца прынцып самаабслугоўвання. Сустракае іх ветлівы маладзёжны калектыў прадаўцоў – Вольга Злобіна, Яўгенія Бандаровіч, Вольга Ждановіч, Марына Жырневіч. Кожная з іх імкнецца не проста абслужыць пакупніка, а задаволіць яго пажаданні.

– Добра разыходзяцца свежае мяса, шашлыкі, каўбаскі для грылю, мясныя кансервы, –адзначаюць Вольга Злобіна і Яўгенія Бандаровіч, якія акурат заступілі на дзённую змену. Наперадзе для іх – напружаны рабочы дзень, а ў многіх пакупнікоў – сезон пікнікоў, адпачынку на прыродзе, турыстычных маршрутаў. Кожны разлічваецца як яму зручна – наяўнымі грашамі, банкаўскай карткай. Магазін з улікам наплыву пакупнікоў працуе да 21 гадзіны.

– Умовамі працы, заробкам задаволены, – гавораць Вольга і Яўгенія і ўвіхаюцца паміж справай на фасоўцы, выкладцы тавару.

Марына Крупец таксама выказвае задаволенасць работай гэтага калектыву, характарызуе яго так: «Малады, нелянівы, адказны. Узначальвае яго вопытная загадчыца. Усе – людзі невыпадковыя, надзейныя, падабраны з ліку работнікаў фірменнага гандлю камбіната. Мне лёгка з імі працаваць».

Зайдзіце зрабіць пакупкі ў «Мясны двор» і самі пераканайцеся ў гэтым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>