Родная вёсачка, любы куток…

1507

Гэтая беларуская вёсачка адразу зачароўвае сваёй прыгажосцю. Шырокія залатыя палі, пашы, невысокія хаты ўздоўж вуліцы… Цудоўны край з цікавай гісторыяй.

Спачатку мясцовасць пад назвай Гавязна ўваходзіла ў склад Слуцкага княства, затым была перададзена нясвіжскаму манастыру бенедыктынак. Хочацца заўважыць, што ў пісьмовых крыніцах ХVII стагоддзя Гавязна згадваецца як мястэчка пад крыжам. Мясцовы святар – айцец Генадзь – сказаў так пра гiсторыю Гавязны i гавязнянцаў:

– Заўсёды радуюся, калі чую: гавязнянцы зрабілі, гавязнянцы паўдзельнічалі… Нездарма нашы продкі назвалі вёску Гавязна. Гавенне – гэта асаблівае становiшча чалавека, калі ён рыхтуецца да святога прычасця. Людзі гэтай вёскі маюць моцную веру ў Бога. Жадаю, каб гэтая вера ніколі не гасла ў вашых сэрцах, каб вашы дамы заўсёды напаўнялi дабро, любоў, мір, супакой, каб у вашых сэрцах заўсёды была іскра любові Божай.

Жыхары вёскі з даўніх часоў не толькi былі сапраўднымі хрысціянамі, але i славіліся сваімі ўменнямі. Асаблівага поспеху яны дасягнулі ў рамесніцтве. У ХХ стагоддзі тут дзейнічалі водны млын, суконная фабрыка, магазін, дзве лаўкi, карчма. Пасля стварэння ў 1949 годзе першага калгаса, у вёсцы актыўна развіваецца сельская гаспадарка. Да 1964 года існавалі два паселішчы пад назвай Гавязна, потым яны былі перайменаваны ў Вішнявец і Навапольцы.

Доўгая вуліца, каля паўтара кіламетра… Свята пачыналася. На лаўцы сядзела бабуля, у яе мы і вырашылі ўзяць інтэрв’ю. Як аказалася, жанчына пражыла ў вёсцы ўсё сваё жыццё. Пра гісторыю і заслугі гэтага краю яна не казала, затое з радасцю падзялілася сваёй радасцю: да яе з Мінска прыехалі ўнукі. Было кранальна назіраць за шчасцем, якое блiснула ў бабуліных вачах, калі ўнукі прыселі да яе на лаўку. Так пачалося свята вёскі для нас, будучых карэспандэнтаў, ну а для жыхароў вёскі яно пачалося наступным чынам…

Вясёлыя песні, выкананыя вакальным ансамблем «Пяшчота» і дуэтам «Раніца», сустракалі гасцей і адразу задалі тон будучага свята. Песні, танцы, радасць на тварах мясцовых жыхароў і артыстаў… Хочацца адзначыць, што адметны ўклад у правядзенне свята быў зроблены гаспадыняй свята, старшынёй Вішнявецкага сельвыканкама Нінай Гурыновіч, а таксама Іванам Краўчуком, намеснікам дырэктара таварыства.

Шэсце па галоўнай вуліцы вёскі было сапраўды дзіўным відовішчам. Артысты з гасцямі прыходзілі ў хаты да ганаровых прадстаўнікоў вёскі, таленавітых і працавітых людзей, якія зрабілі ўсё для таго, каб годна прадставіць на свяце сваю сям’ю, свой дом і сваю радзіму. Багата накрытыя сталы, прыгожыя вырабы, ветлівыя ўсмешкі гаспадароў, песні, вершы…

Хочацца расказаць пра знакамітых жыхароў вёскі. Зінаіда Рамановіч узнагароджана граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і медалём «За працоўную доблесць». Аляксандр Маеўскі за сваю добрасумленную працу на ўборцы ўраджаю быў двойчы ўзнагароджаны на рэспубліканскім свяце «Дажынкі» каштоўнымі падарункамі: маразільнай камерай і аўтамабілем, ключы ад якога ён атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі. Валянціна Літвін 38 гадоў адпрацавала ў аптэцы, за сваю працу ўзнагароджана медалём. Софія Протас шмат гадоў прыносіла жыхарам вёскі тэлеграмы, лісты, газеты, і людзі любяць, шануюць яе. На ўрачыстым канцэрце, які праходзіў пасля шэсця, была адзначана праца Вольгі Баран, якая шмат гадоў працавала ў калгасе і ў гэтым годзе адсвяткавала свой дзевяноста чацвёрты дзень нараджэння.

Навапольцы ганарацца людзьмі, якія на сваім прыкладзе даказваюць, што самае лепшае і прыгожае ў жыцці – гэта каханне. Ніна і Іван Кійко на Пакровы адзначаць залатое вяселле. На канцэрце яны выканалі кранальны танец, што ўразіла ўсіх прысутных. Каханне, а таксама яго плады – дзеткі – з’яўляюцца гонарам вёскі. На свяце віталі самага маленькага жыхара Навапольцаў – Івана Каменку.

Вёсцы пашчасціла слухаць словы знакамітага беларускага навукоўца, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Генадзя Макавецкага, які прыехаў на свята роднай вёскі. Ён казаў пра тое, што вельмі крануты гэтым запрашэннем, гаварыў аб радзіме і аб выпрабаваннях, якія ёй давялося перажыць: «Гэта наш родный кут: тут мы нарадзіліся, тут прайшло наша дзяцінства. На жаль, многае азмрочыла ў нашым жыцці вайна. Але мы выстаялі…» Ён выказаў падзяку маці і бацьку, свайму дзядулю, настаўнікам і многім іншым. Ён казаў аб сучасным пакаленні, аб тым, што ставіцца да яго паважліва і спадзяецца, што маладыя людзі будуць вартыя сваiх продкаў. Сваю прамову Генадзь Іосіфавіч скончыў словамі, якімі хацелася б закончыць і гэты артыкул:

– Здароўя вам, шчасця, дабрабыту. Памятайце, што шчасце заключаецца ў самых простых рэчах. Рабіце дабро і будзеце шчаслівымі. Усяго вам добрага, дарагія землякі!

Кацярына IГНАТОВIЧ

Фота Ксенii РУБIН

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>