Дух казацтва – гэта вера праваслаўная і абарона Айчыны

Filed under: Нумары,Панямонь |

52c

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускае казацтва» пад эгідай сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні з казацтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускай патрыятычнай партыі ў перыяд з 4 па 9 ліпеня праводзіла конны паход «Барысаў – Мір», прымеркаваны да 205-годдзя слаўнай перамогі данскіх казакаў атамана Платава над польскімі ўланамі пад Мірам, якая ўвайшла ў гісторыю Айчыннай вайны 1812 года як «Справа казакаў Платава ля мястэчка Мір».

Маршрут коннага паходу праходзіў і па тэрыторыі нашага раёна. Казакі пад кіраўніцтвам атамана Мінскай абласной казачай акругі, вайсковага старшыні Аляксандра Ганчарова два дні знаходзіліся на тэрыторыі Старасвержанскага сельсавета.

– Мы накіроўваемся на Міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «Мір – 2017″, дзе згодна з праграмай мерапрыемства, прымем удзел у рэканструкцыі фрагмента кавалерыйскага бою, які адбыўся там у ліпені 1812 года, – сказаў Аляксандр Георгіевіч. – Мэта паходу – папулярызацыя здаровага ладу жыцця, выхаванне ў нашай моладзі патрыятызму, любові да Радзімы. І адначасова паказаць, што ўяўляе сабою Беларускае казацтва. Пакажам выступленне па вальтыжыроўцы – гэта гімнастычныя і акрабатычныя практыкаванні на конях. На кароткі адпачынак мы размясціліся ў Залужжы. Тут навокал раскінуліся прыгожыя мясціны і жывуць дабразычлівыя людзі. Нас гасцінна прынялі кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі» і дырэкцыя Залужскай сярэдняй школы. Вельмі ўдзячны ўсім за аказаную дапамогу.

Варта дадаць, што Аляксандр Ганчароў адначасова ўзначальвае і грамадскае ваенна-гістарычнае аб’яднанне «Беразіна – 1812″, якое існуе шаснаццаты год. Ён былы афіцэр, майстар спорту па сучаснаму пяцібор’ю. Мець уласных пародзістых коней марыў з дзяцінства і ажыццявіў сваю мару пасля выхаду ў адстаўку. Купіў дом у вёсцы, дзе пабудаваў канюшню. Атаман расказвае, што гэта не першы паход – восем гадоў назад здзейснілі двухтыднёвы да Масквы. А пазалетась падчас паходу Масква – Парыж беларускае казацтва ў Гомелі далучылася да расійскага і ўсе разам ішлі да нашай мяжы.

У конным паходзе «Барысаў – Мір» прымалі ўдзел казакі з Барысава, Жодзіна, Віцебска. У іх складзе дзве жанчыны. Казак Усевялікага войска Данскога, сотнік станіцы Гатчынская Аляксандр Папоў прыехаў з Ленінградскай вобласці.

– У такім мерапрыемстве ўдзельнічаю ўпершыню. У нас пад Гатчынай праводзіцца рэканструкцыя бітвы пад Клясціцамі, тады рускія войскі ўпершыню перамаглі армію Напалеона, – кажа Аляксандр Юр’евіч. – Мая жонка родам з Беларусі і мы часта прыязджаем ў Мінск. Пазнаёміўся тут з беларускімі казакамі – мы ўсе браты. Сяброў становіцца больш.

Конны паход выклікаў цікавасць не толькі ў мясцовай дзятвы, а і ў дарослых жыхароў вёскі Залужжа, якія атрымалі змястоўныя адказы на свае пытанні і зрабілі фотаздымкі на памяць.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: 1. Беларускія казакі – удзельнікі ваенна-гістарычнага фестывалю ў Міры; 2. Крайні злева атаман Мінскай абласной казачай акругі, вайсковы старшыня Аляксандр Ганчароў; 3. Сотнік станіцы Гатчынская Аляксандр Папоў.              

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>