Адсюль нашы карані…

Filed under: Нумары,Панямонь |

52d

3 ліпеня Рэспубліка Беларусь адзначыла День Незалежнасці і 73-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вайна прынесла гора ў кожную беларускую сям’ю. І кожнаму вядома, што разам жылі, змагаліся і гінулі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія насялялі нашы беларускія землі. Палітыка халакосту (у перакладзе – знішчэнне агнём) была накіравана перш за ўсе супраць яўрэйскага насельніцтва, якое складала амаль палову жыхароў Беларусі. Гэтая палітыка праводзілася фашыстамі і на Стаўбцоўшчыне. Ёсць на нашай зямлі месцы пахаванняў яўрэяў каля Стоўбцаў, Новага Свержаня і Рубяжэвічаў…

У якасці экскурсавода Стаўбцоўскага бюро падарожжаў, па запрашэнні гаспадароў аграсядзібы «Маёнтак «Млын» Алы і Леаніда Гальперыных, мне давялося папрацаваць з гасцямі з далёкай краіны Ізраіль, якія прыехалі да нас, каб знайсці свае карані. «Карані» – менавіта так называецца праграма, якую распрацавала і ўжо шмат гадоў ажыццяўляе Тамара Барадач, якая некалі жыла ў Беларусі, працавала ў школе, але ўжо 20 гадоў жыве ў Ізраілі. Яна дапамагае людям здзейсніць падарожжа на радзіму продкаў, каб убачыць, дзе жылі і пахаваны іх дзяды і прадзеды, успомніць іх пайменна. Госці з Ізраіля, а гэта сям’я Бэн Сасон, маці і бацька, а таксама іх дзве дачкі і стрыечныя сёстры Маер Рут і Ахарон Мірыям. З вялікім хваляваннем прайшлі яны па вуліцах Новага Свержаня, дакрануліся да камянёў разбуранай сінагогі, памаліліся каля помніка ахвярам генацыду і запалілі свечкі, на кожнай з якіх было напісана імя роднага чалавека, пахаванага менавіта тут. Пранікнёнымі словам Маер Рут гаварыла аб сваіх пачуццях, аб абяцанні сваёй маці пабываць на радзіме, у Беларусі, успомніць тых, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця. Яна лічыць, што кожны чалавек павінен памятаць аб той страшнай бядзе, якая ахапіла ўсе сем’і, і не важна, што адны маўчалі, а іншыя расказвалі аб перажытым услых, успомніць аб гэтым патрэбна зараз, каб такая трагедыя больш не паўтарылася. Па Новым Свержані правяла гасцей настаўніца гісторыі Навасвержанскай школы Т. Г. Богдан. Тыя ж эмоцыі захапілі нашых гасцей на месцы пахавання яўрэяў у Стоўбцах, дзе таксама гучалі словы малітвы і запалены свечкі. Не менш цікавым было падарожжа па вуліцах нашага горада, згадваліся старыя назвы нашых вуліц, якія чулі яны некалі ад сваіх бацькоў. Ім было цікава пачуць гісторыі, звязаныя з назваю горада Стоўбцы, паглядзець на старыя будынкі 20-30 гадоў ХХ стагоддзя.

Працягам падарожжа для нашых гасцей стала сустрэча з вучнямі школ Стаўбцоўскага раёна, якія адпачывалі ў аздараўленчым лагеры «Нёман». Дзеці распытвалі гасцей аб прыродзе і гісторыі Ізраіля, аб сістэме адукацыі. Не перашкаджала нават тое, што размаўляць прыйшлося з дапамогай перакладчыка. А кіраўнік групы Тамара Барадач прапанавала навучыць дзяцей за пяць хвілін гаварыць на незнаёмай і вельмі цікавай мове. А ў канцы сустрэчы і госці, і дзеці пелі добра вядомыя ўсім песні, напрыклад, «Кацюшу», на рускай мове і іўрыце. Падарожжа завяршылася паказам новых мікрараёнаў горада. Ад імя Стаўбцоўскага райвыканкама гасцям падаравалі гістарычную кнігу «Памяць. Стаўбцоўскі раён». А завяршыўся дзень цудоўнай музыкай, якой парадавалі гасцей навасвержанскія музыкі.

Хваляванні, смутак і слёзы радасці. Гэтыя эмоцыі змянялі адна адну на працягу дня. Наперадзе ў гасцей была сустрэча ў пасёлку Мір, дзе таксама засталіся карані продкаў.

Таццяна Татарынец,

настаўніца гісторыі гімназіі № 1 г. Стоўбцы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>