Пчаляры супрацьстаяць надвор’ю

54b

Стаўбцоўскі лясгас гасцінна прыняў сваіх калег – галоўных інжынераў і пчаляроў лясгасаў Мінскай вобласці на семінар, дзе разглядваліся пытанні развіцця пчалярства.

На пасецы самага аддаленага ў Стаўбцоўскім лясгасе Кляцішчанскага лясніцтва ў Налібацкай пушчы калег сустракалі старшы пчаляр Міхаіл Каўгарэня і сям’я пчаляроў Васіль і Валянціна Парашчук (на здымку), якія не адно дзесяцігоддзе працуюць на гэтым працаёмкім і адказным участку. На правах аднаго з самых дасведчаных і аўтарытэтных пчаляроў вобласці з 35-гадовым стажам работы Міхаіл Каўгарэня расказаў калегам аб поспехах і цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся пчаляры ў гэтым сезоне. Па прычыне непрадбачаных экстрэмальных умоў надвор’я пчолы з цяжкасцю выйшлі з зімоўкі. Аднак, пчалярам ніхто не робіць скідак і не здымае адказнасці за выкананне напружаных планаў. Згодна з даведзенай праграмай, ад адной пчоласям’і ў Стаўбцоўскім лясгасе чакаюць прыносу 26 кілаграмаў мёду ў сезон.

– Такія семінары праводзяцца ў нас штогод, – расказвае галоўны інжынер Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Бацян. – Яны дазваляюць пазнаёміць пчаляроў з развіццём пчальнікаў у іншых лясгасах і, самае галоўнае, — даюць магчымасць зносін, таму што праграма па развіцці пчалярства ў Міністэрстве лясной гаспадаркі вельмі сур’ёзная, і над ёю патрэбна ўсім працаваць. На гэты год нашаму аб’яднанню даведзена заданне сабраць 56 тон мёду і плюс тое, што не дабралі ў мінулым сезоне. І калі мы не будзем паказваць новае, перадавое, гэтыя планы будзе складана выканаць. Халодны некамфортны чэрвень паказаў, што надвор’е не ў падтрымку пчалярам. Першая адкатка мёду дала сігнал, што можа быць недабор прадукцыі. Таму вельмі важна паслухаць вопытных пчаляроў вобласці, як працаваць у такіх умовах. Прафесіяналізм і навыкі работы могуць супрацьстаяць непрадбачаным умовам. Вось Міхаіл Антонавіч сказаў, што ўсе 300 пчоласем’яў ў Стаўбцоўскім лясгасе выйшлі з зімоўкі. У нашым аб’яднанні ў Стаўбцоўскім і Любанскім лясгасах самыя вялікія пчальнікі, а ў сярэднім у лясных гаспадарках па 100-120 пчоласем’яў. Плануючы семінары, мы імкнёмся пабываць у кожным лясгасе.

Важная роля ў пчалярстве адводзіцца качаванню. Удзельнікі семінару пабывалі ў Прудскім лясніцтве. Вуллі вывезены да меданосаў –лясных маліны і крушыны, а таксама канюшыны, якая пышна цвіце на полі ААТ «Налібакі Агра».

Асаблівую цікавасць ва ўсіх выклікаў домік пчаляра на Кляцішчанскім пчальніку. Яго можна лічыць паказальным. Пчаляры абмеркавалі пытанні набыцця інвентару, падзяліліся адрасамі. Пчалярства – адказны, працаёмкі занятак, патрабуецца паўнацэнная аснашчанасць.

Занепакоенасць пчаляроў выклікае паўсюднае выкарыстанне хімікатаў, руплівіцам-меданосам з кожным годам усё цяжэй і цяжэй становіцца выконваць сваю клапатлівую справу. Рэдка дзе цяпер можна ўбачыць валошкавыя паясы на жытнім полі, якія так прыцягваюць пчол. Размова ішла і аб якасці медыкаментаў, сярод якіх сустракаюцца падробкі. У цэнтры прафесійнай увагі пчаляроў былі пытанні абнаўлення пчоласем’яў, развядзення парод з незласлівым норавам, высокай меданоснасцю і моцным імунітэтам.

Далей маршрут удзельнікаў семінару пралёг у Акінчыцкае лясніцтва. Тут гаспадары прэзентавалі музей мёду. У арыгінальным збудаванні з брусу сабраны цікавыя экспанаты – інвентар даваеннага часу, якім карысталіся папярэднікі. Ганаровае месца ў музеі займае матэрыял аб сямейных дынастыях, для каго пчалярства стала спадчыннай справай. Сярод іх старэйшы пчаляр лясгаса з хутара Чорны Мікалай Іосіфавіч Ляцко і яго сын – пчаляр Мікалай Ляцко.

Як зрабіў акцэнт намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа, музей мёду ўваходзіць у турыстычны маршрут, які пралягае па мемарыяльных сядзібах Якуба Коласа. Акрамя задавальнення пазнавальнага інтарэсу турысты змогуць набыць тут мёд.

Для пчаляроў вобласці экскурсія па Коласавых мясцінах была ў працяг тэмы семінару – лесніком у Радзівілаў у мясцовых лясах служыў бацька Якуба Коласа, а раздзел паэмы «Новая зямля» «Падгляд пчол» застаецца непераўзыдзеным шэдэўрам у апісанні будняў пчаляра.

Сваімі ўражаннямі, асабістым вопытам, напрацоўкамі, праблемамі ўдзельнікі семінару маглі падзяліцца на выніковым пасяджэнні.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>