Па тры аўтобусы ў дзень

Лета нельга ўявіць без турызму і адпачынку. Самыя даступныя і цікавыя маршруты пралягаюць не дзе-небудзь, а менавіта па роднай Беларусі. Таму ў філіяла «Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій» УП «Гасцінічны комплекс «Арбіта» цяпер – гарачая пара, сезон актыўнай дзейнасці.

– Сезон пачаўся ў маі, калі ў школьнікаў заканчваўся вучэбны год, і мы тады кожны дзень адпраўлялі ў рэйс па тры экскурсійныя аўтобусы, – адзначае дырэктар філіяла Леаніда ВЫСОЦКАЯ. – Экскурсіі для школьнікаў запатрабаваны тэматычныя, звязаныя, перш за ўсё, з прафарыентацыяй, будучай прафесіяй.

– Леаніда Генадзьеўна, вытворчы турызм сапраўды набірае абароты і б’е рэкорды. Адзін трактарны завод з яго «балетам» трактароў чаго варты!

– На Мінскім трактарным заводзе школьнікаў прымаюць з вялікім задавальненнем. Паказваюць ім увесь працэс вытворчасці, і гэта дае ўяўленне пра шэраг масавых прафесій, дэманструюць лінейку сваёй прадукцыі. Па папулярнасці экскурсіі сюды займаюць у нашым раёне першае месца. Вялікім попытам карыстаюцца экскурсіі ў музей авіяцыйнай тэхнікі ў Баравую, на шклозавод «Нёман» у Бярозаўку. На шклозаводзе прадугледжана знаёмства з вытворчасцю і музеем і, акрамя таго, кожнаму дастаецца на памяць сувенір з цэха, крышталёвая цукерніца. Дзяцей гэта прываблівае. Тое ж можна сказаць і пра «салодкую» фабрыку «Камунарка».  

Акрамя таго, многія школы раёна напрыканцы вучэбнага года пабывалі ў цэнтры экалагічнага турызму ў Станькаве, дэльфінарыі, аграсядзібе «Свет пчол» (Валожынскі раён), а ў перыяд работы школьных лагераў – наведалі сталічныя паркі. Кантакт з жывёламі, жывой прыродай – гэта якраз тое, да чаго цягнуцца дзеці і чаго ім нярэдка не хапае ў гарадскім асяроддзі. Экалагічныя экскурсіі дапоўнілі экскурсіі пазнаваўчыя, з білетамі на спектаклі і прадстаўленні ў тэатры, цырк.

Больш за ўсіх павандравалі вучні школы № 3 г. Стоўбцы. Прыемна тое, што і дзецям, і дарослым стаў цікавым Брэст. Праграма знаёмства з гэтым унікальным горадам вельмі насычаная, разлічаная на ўвесь дзень. А ўвогуле, мы актыўна распаўсюджваем свае паслугі і знаходзім на іх спажыўцоў.

– Што прапануеце ў гэтым сезоне працоўным калектывам, прафсаюзным камітэтам?

– Відавочна, што на большасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна ёсць жаданне падарожнічаць, і мы стараемся яго задаволіць. Запатрабаваны Мір, Нясвіж, Мінск, Брэст. Бясспрэчнае лідарства трымае Гродна і Аўгустоўскі канал. У чэрвені мы выконвалі заяўку на паломніцкі тур да мошчаў Мікалая Цудатворца ў Маскву. У паездках ужо пабывалі гэтым летам работнікі аб’яднання камунальных службаў, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ «Рочавічы», райветстанцыі, ПМК-233. Рыхтуюцца паехаць ваеннаслужачыя з воінскай часці ў Коласаве, работнікі ААТ «Радзіма Ф. Э. Дзяржынскага». Дарэчы, работнікі двух сельгаспрадпрыемстваў, «Радзіма Якуба Коласа» і «Вішнявецкі – агра», нядаўна вярнуліся з тура выхаднога дня ў Адэсу. У бліжэйшых планах – экскурсіі ў Магілёў, Гомель.    

– Хто з’яўляецца вашым партнёрам у аказанні турыстычных паслуг?

– Наладжана сумесная работа са Стаўбцоўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, а таксама з аб’яднаннямі прафсаюзаў Клецкага, Нясвіжскага, Капыльскага, Уздзенскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці. Самыя працяглыя і, адпаведна, адказныя рэйсы выконвае аўтапарк № 17, за што хочацца выказаць словы ўдзячнасці прафесійнаму вадзіцельскаму экіпажу ў складзе Юрыя Баршчова і Сяргея Маслоўскага. Будзем спадзявацца на плённае супрацоўніцтва і ў далейшым.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>