Сэрца не любіць спакою

Filed under: Медыцына,Нумары |

Кожны чалавек разумее, што правільная работа сэрца – умова добрага самаадчування і выдатнай фізічнай формы. Правыя аддзелы сэрца пастаўляюць кроў у лёгкія і абагачаюць кіслародам, левыя – накіроўваюць яе да ўсіх унутраных органаў. Але як толькі сасуды пачынаюць працаваць з адхіленнямі, зладжаная работа сардэчна-сасудзістай сістэмы дае збой. Так з’яўляюцца болі, у аснове якіх ляжыць тэрмін «ішэмія міякарда».

Ішэмія – асноўны пастаўшчык усіх сур’ёзных сардэчна-сасудзістых катастроф (інфаркты, інсульты). Большая колькасць ішэмій звязана з закупоркай артэрый халестэрынавымі бляшкамі, што выклікае недастатковае паступленне кісларода да клетак. Тыя, у сваю чаргу, пазбаўляюцца неабходных спажыўных рэчываў і назапашваюць прадукты свайго распаду, якія зношваюць сасудзістую сценку. З цягам часу на такіх сасудзістых бляшках асядаюць тромбы, што і запускае працэс ішэміі.

Асноўныя клінічныя праяўленні яе – адчуванне сціскання пасярэдзіне грудной клеткі, якое ўзнікае пры любых нагрузках, фізічных ці эмацыянальных. Такі грозны сімптом пачатковага паражэння сардэчна-сасудзістай сістэмы атрымаў назву стэнакардыя.

Ворага патрэбна ведаць у твар. Можна сядзець дома і «назапашваць» хваробы. А можна схадзіць у паліклініку, прайсці абследаванне і своечасова выявіць захворванні на стадыі перадхваробы ці фактараў рызыкі, правільна мадыфікаваць усе сілы арганізму і захаваць сябе для важных спраў.

Асноўнымі фактарамі рызыкі хвароб сэрца і сасудаў з’яўляюцца павышэнне артэрыяльнага ціску, лішняя вага цела, павышаны ўзровень «шкоднага» халестэрыну і цукру ў крыві, злоўжыванне спіртнымі напоямі, курэнне, маларухомы лад жыцця, нізкая стрэсаўстойлівасць арганізму.

Сёння размова пойдзе аб сядзячым ладзе жыцця і яго «ўкладзе» ў хваробы сэрца.

Лішкі тлусту на жываце, недахоп паветра пры пад’ёме на трэці паверх, адышка пры невялікіх фізічных нагрузках – так пачынаецца заўчаснае старэнне арганізму. «Ржаўчына» на сасудах, абмежаванне рухаў у суставах таксама дапамагаюць, каб прыліпалі непатрэбныя хваробы. На жаль, у нашым грамадстве многія прывыклі да такога ўзроставага павароту і нават лічаць гэтыя змены своеасаблівымі праяўленнямі дабрабыту. Спыніцеся! Патрэбна павялічыць аб’ём фізічных нагрузак і час, выдзяляемы на іх, у адносінах да таго, якія вы здзяйснялі апошнія 10 гадоў.

Звернем увагу і на тое, што многія людзі штодзённа праводзяць свой час на рабоце, не ўстаючы з рабочага месца. Групы рызыкі – офісныя супрацоўнікі, вадзіцелі, прадстаўнікі іншых «сядзячых» прафесій. Каб зменшыць рызыку развіцця хранічных захворванняў, ім патрэбна праяўляць больш фізічнай актыўнасці.

Каб дасягнуць аптымальнага ўзроўню нагрузак, лепш уключыць на працягу тыдня ў сваё паўсядзённае жыццё розныя віды фізічных практыкаванняў: пад’ёмы па лесвіцы, работу ў садзе, бег у сярэднім тэмпе на працягу 20 мінут, хадзьбу хуткім крокам ці язду на веласіпедзе на працягу 25 мінут.

Чым больш вы сядзіце, тым менш часу ў вас застаецца для актыўнага паўнацэннага жыцця, а любыя страчаныя магчымасці зніжаюць вашы шанцы быць здаровым.

Ірына ЛУЦІК,

кардыёлаг паліклінікі

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>