Абняць у сваім сэрцы

Filed under: Нумары,Сям'я |

55f

За апошнія тры гады ў нашым раёне ніводнае з 27 дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, не былі накіраваны ў інтэрнатную ўстанову – усе яны прыняты ў замяшчаючыя сем’і. За гэты перыяд 17 дзяцей рашэннем суда Стаўбцоўскага раёна ўсыноўлены, пяць з іх – у бягучым годзе.

Гэтая статыстыка – яскравая ацэнка работы службы аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у складзе якой вядучы спецыяліст Алена Гамза і метадыст Антаніна Сідарэня. Яны маюць неабыякавыя адносіны да справы, якую выконваюць па абавязку службы, умеюць заручыцца падтрымкай стаўбчан і жыхароў раёна, каб тыя прынялі адказнае рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі і ўзяць клопат пра дзяцей сіроцкай катэгорыі. У нашым раёне на сучасны момант 15 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца 24 дзіцяці, што засталіся без апекі бацькоў, 32 апякунскія сям’і, якія прынялі 41 такое дзіця, восем хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі прытулак у дзіцячым доме сямейнага тыпу Васільевых.

Мы з удзячнасцю прымаем прапанову Алены Станіславаўны пазнаёміцца з яшчэ адной прыёмнай сям’ёю і едзем на ўскраіну Стоўбцаў, дзе раён індывідуальных новабудоўляў. Менавіта тут справілі паўтара года назад наваселле ва ўласным доме, пабудаваным сваімі рукамі, Віктар і Ларыса Сергіевічы. У іх трое сваіх дзетак, якім веруючыя бацькі далі біблейскія імёны – сямігадовая Руфіна, пяцігадовы Давід і двухгадовая Авігея.

Яшчэ жывучы на кватэры ў Стоўбцах, гэтая маладая сям’я да нараджэння Авігеі прыняла да сябе хлопчыка. Калі прыехалі ўсынавіцелі, ён так спадабаўся ім, што яго адразу ж забралі. Для Ларысы Уладзіміраўны і Віктара Іванавіча было вельмі цяжка расстацца з хлопчыкам, таму што яны таксама паспелі яго палюбіць. Калі нарадзілася Авігея, працягвалі цікавіцца дзяцьмі, якіх напаткала бяда быць забранымі са сваіх праблемных сем’яў. У выхадныя дні ездзілі ўсёй сям’ёю, а, бывала, і з сем’ямі сваіх сяброў у дзіцячы прытулак, вазілі дзецям гасцінцы, праводзілі з імі час. Аднак не спяшаліся зноў узяць каго-небудзь да сябе, таму што нялёгка перанеслі развітанне з прыёмным хлопчыкам.

Цесны кантакт са службай аховы дзяцінства не губляўся, і Сергіевічы пайшлі насустрач просьбам Алены Гамзы прыняць у сваю сям’ю прыёмных дзяцей. Так Віктар Іванавіч стаў адзіным прыёмным бацькам сярод аформленых на гэтую працу 14 жанчын. Сергіевічы прынялі да сябе брата і сястрычку, якія хутка пайшлі жыць да сваёй бабулі, – у створаную апякунскую сям’ю. Затым прыбылі адразу трое хлопчыкаў, родных братоў 13-ці, 12-ці і 10-ці гадоў. Старэйшаму Андрэю прыёмныя бацькі дапамаглі ажыццявіць запаветную мару –паступіць у кадэцкае вучылішча. Яны на прыватнай машыне не адзін раз вазілі яго туды для здачы экзаменаў, і іншых арганізацыйных момантаў, падтрымлівалі юнака. І якой радасцю для іх было, што Андрэй лепш за ўсіх з 50 абітурыентаў здаў спартыўныя нарматывы, паспяхова вытрымаў іншыя экзамены і залічаны на вучобу. Ён з’яўляецца членам раённай футбольнай каманды, паспяхова займаецца іншымі відамі спорту, добра вучыцца і ўсіх падкупіць сваёй абаяльнасцю. Мы гэта адчулі на сабе. Першага верасня ён ужо паедзе на вучобу ў Слуцк. Яго вочы свецяцца шчасцем.

За два тыдні да нашага прыезду Сергіевічы ўзялі да сябе маленькую дзяўчынку, якой адзін год і дзевяць месяцаў. Яна будзе знаходзіцца ў іх да рашэння камісіі па справах непаўналетніх.  Маці гэтай дзяўчынкі 25 гадоў, яна ўжо пазбаўлена правоў у адносінах да чатырох дзяцей. Гэтае маленькае дзіця ніколі не бачыла сцен роднага дома: нарадзілася ў турме, а затым жыла з маці ў крызісным пакоі раённага тэрытарыяльнага цэнтра. Дзяўчынка ўжо асвоілася ў прыёмнай сям’і, усе лічаць яе сваёй. У доме Сергіевічаў заўсёды шумна, весела, пахне пірагамі. Як расказвае Ларыса Уладзіміраўна, у гэтым мікрараёне – новабудоўлі, засяліліся маладыя сем’і. Дзеці суседзяў вельмі любяць бавіць час у Сергіевічаў, іх тут гасцінна прымаюць. Так што заўсёды тут, як у дзіцячым садзе. Школьнікі разам ездзяць на аўтобусе ў сярэднюю школу № 2, дзе яны ўсе вучацца. Ларыса Іванаўна не прамінае добрым словам сказаць пра Аксану Лось, дырэктара навучальнай установы. У гэтай гарадской школе вучыцца найбольш дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Дзякуючы Аксане Міхайлаўне і педагогам, тут створана для іх вельмі спрыяльная добразычлівая атмасфера, дзеці паспяхова займаюцца, да іх беражлівыя адносіны.

У працяг гэтай тэмы выказаўся і Віктар Іванавіч, які адзначыў, што ім неаднаразова даводзілася цярпець неразуменне людзей, маўляў, навошта вам гэтыя дзеці чужыя, для іх дзяржава пабудавала інтэрнаты?

–             Хіба можа, нават самы лепшы інтэрнат, замяніць сямейны ачаг? – падтрымлівае мужа Ларыса Уладзіміраўна. – Хацелася б бачыць наша грамадства больш цярпімым, больш успрымальным да чужога гора. Многія гатовы ўсё аддаць за пародзістага сабачку, будуць яго даглядаць, ахвяраваць сваім часам, сродкамі, а дзяцей такіх адкінуць на апошні план.

–             У нашай сям’і дзеці на роўных, нікому няма ніякіх прывілей,  чаму вучым сваіх, таму – і прыёмных, для ўсіх адны нормы і правілы, – працягвае гутарку Віктар Іванавіч. – І ў навучальных установах, і ў грамадстве не павінна быць раздзялення, каб яны не адчувалі сябе другасортнымі людзьмі. Невядома, на якім месцы яны ў Бога, як Ён глядзіць на іх, хто вышэй у Яго вачах. Мы лічым сваёй галоўнай задачай накіраваць іх жыццё па шляху Божаму. Атмасфера ў сям’і выхоўвае больш, чым славесныя павучанні. Таму маем абавязак навучаць іх прыкладам свайго жыцця. Максімальна стараемся паспець прышчапіць ім усё добрае, што дапаможа ў фарміраванні іх асобы.

Ларыса Уладзіміраўна – нястомная падарожніца. Ёй, пакуль муж на рабоце на машыне, заўсёды даводзілася з дзецьмі хадзіць пехатой. Яна вадзіла іх у школу мастацтваў. Руфіна іграе на цымбалах і піяніна, Давід – на баяне. Прыёмныя хлопчыкі таксама ў свой час ігралі на баяне. З  кіраўніцтвам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў ужо праведзены перамовы, і хлопчыкам прадаставяць магчымасць прадаўжаць вучобу на баянным аддзяленні.

Ларыса Уладзіміраўна ўсіх дзяўчынак апранула ў аднолькавыя ўборы – абновы купіла ў фірменным магазіне «Марк Фармэль». Якой радасцю для ўсіх дзяцей было паехаць на электрапоездзе ў Мінск, у аквапарк! Прыхапілі з сабою і суседскіх дзяцей – толькі сваімі ніколі не абыходзіцца.

У доме гэтым гасцінна прымаюць сяброў, якія прыязджаюць са сваёй дзятвой, і часта могуць заначаваць. Знайшоў тут цёплы прыём і яшчэ адзін чалавек. Гэта сябар прыёмных хлопчыкаў. Сам ён ад нараджэння пражыў у інтэрнатных установах, цяпер працуе поварам у дзіцячым сацыяльным прытулку. Калі там знаходзіліся хлопчыкі, ён любіў гуляць з імі у футбол, праводзіць час. Віктар і Ларыса Сергіевічы сказалі яму, што ён можа наведваць сваіх сяброў у іх дома. Так з’явіўся яшчэ адзін член сям’і. Ён даверліва расказвае Сергіевічам, як распараджаецца сваім бюджэтам, як аплочвае камунальныя паслугі ў сваёй кватэры, якая прадастаўлена яму ў сацыяльным доме. Так што не толькі ў свой гасцінны, светлы, прасторны дом, але і ў свае сэрцы прынялі Сергіевічы  гэтага чалавека, бачачы ў ім вобраз Божы.

Для працаўнікоў службы аховы дзяцінства такія надзейныя прыёмныя сем’і – радасць, вялікая падтрымка. Мы частуемся ўсе разам апетытным дамашнім пірагом з тварагом, які Ларыса Уладзіміраўна спякла разам з хлопчыкамі, яны вельмі любяць гэтую справу. Сярод дзяцей няма толькі Руфіны – яна гасціла ў бабулі ў Столінскім раёне. Адтуль родам Ларыса Уладзіміраўна. Прыехала яна ў Стоўбцы па размеркаванні, пасля заканчэння педагагічнай навучальнай установы. Думала – на некалькі гадоў, а атрымалася – назаўсёды. Мы саграваемся цяплом гэтага дома, у якім так утульна і камфортна ўсім – і тым, хто прыняты, і тым, хто прымае.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>