Край мой родны, край цудоўны!

55g

Cлова «вёска» вельмі   шматграннае, і не хопіць прыметнікаў, каб апісаць усю яе прыгажосць, чысціню, добразычлівасць. Нездарма столькі паэтаў прысвяціла ёй свае вершы. Тэма вёскі заўсёды заставалася адной з галоўных для беларускіх пісьменнікаў. Усе яны паказвалі нам яе па-рознаму, але часцей за ўсе яна для іх была аднолькава ў адным – яна іх Радзіма, родны куток, у які хочацца завітаць яшчэ і яшчэ.

Такім месцам для многіх стала вёска Мешычы, дзе сабраліся разам усе родныя з далёкіх і блізкіх краёў на свята вёскі.

Гледзячы на Мешычы, адразу нагадваюцца кадры з нейкага цудоўнага фільма з прыгожымі дэкарацыямі. Толькі тут усё гэта ўжывую. Дзе ні гляне вока, заўсёды ёсць чым яму парадавацца.

Свята вёскі стала для яе жыхароў яшчэ адной магчымасцю ўпрыгожыць свае дамы і ўсё навокал, каб ім не было роўных. Так і адбылося. Погляд цешылі прыбраныя сядзібы. Сям’я Анатоля Раманоўскага здзівіла ўсіх, бо такого творчага падыходу яшчэ, як адзначыў старшыня Стаўбцоўскага райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі, не было. Яны разыгралі паўнавартаснае тэатральнае дзейства з касцюмамі, дэкарацыямі, што не магло не звярнуць да сябе ўвагі.

Кожны падворак быў   варты называцца лепшым, таму і быў праведзены конкурс «Падворак – які радуе вока». Вынікі падвёў старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач: «Мы прайшлі па вёсцы, убачылі шмат прыгожых падворкаў. Вялікі дзякуй тым людзям, якія нарадзіліся тут і няхай жывуць у іншых месцах, выехалі, але падтрымліваюць сваю бацькоўскую хату. І тым новым жыхарам, якія купілі дамы ў вёсцы Мешычы. Усе стараюцца ўтрымліваць свае падворкі ў належным стане. Гэта вельмі прыемна. Таму лепшых з іх мы вырашылі адзначыць лістом падзякі». Сярод адзначаных былі падворкі Анатоля Ключніка, Аліны Садоўскай, Мар’яна Вярбіцкага, Івана Лісаўца, Эміліі Каласоўскай, Мар’яна Карніцкага, Анатоля Раманоўскага. Але, як і ў любым спаборніцтве, заўседы ёсць адзін пераможца, ім стала Вольга Садоўская.

Кожнай сям’і было што прадэманстраваць. Ад самых маленькіх да дарослых удзельнічалі ў свяце і прадстаўлялі свае падворкі. Нехта спяваў, хтосьці іграў на гітары, цымбалах. А сям’я Мар’яна Янушкевіча зачаравала ўсіх прысутных музеем старажытных рэчаў, які знаходзіцца на іх падворку. Акрамя творчых нумароў жыхары вёскі запрашалі гасцей да сваіх сталоў, якія ламіліся ад розных страў.

На працягу ўсяго свята ў адрас жыхароў і іх вескі гучалі самыя найлепшыя пажаданні. З прывітальнымі словамі да жыхароў звярталіся старшыня Стаўбцоўскага райсавета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі, старшыня Літвенскага сельвыканкама Т. Я. Галавач, старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Т. І. Босая, ксёндз Аляксандр, святар Рымска-каталіцкага прыхода Найсвяцейшага Сэрца Іісуса в. Хатава, дырэктар акцыянернага таварыства «Радзіма Дзяржынскага» В. В. Лаўрышчук. У гэты святочны дзень са сцэны былі ўзнагароджаны ветэраны працы, ганаровыя і заслужаныя працаўнікі вёскі. Таксама свае ўзнагароды атрымалі былы сакратар Хатаўскога сельвыканкама Эмілія Каласоўская і былая загадчыца Мешычскага клуба-бібліятэкі Браніслава Ліпніцкая. За плённую працу у ГУ «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» Наталлі Ключнік і Таццяне Каласоўскай, якія пражываюць у вёсцы Мешычы, падарункі уручыла старшыня прафсаюзнага камітэта І. І. Галіцкая.

Вяселы настрой на працягу ўсяго свята ствараў гурт «Валошкі» Дзераўнянскага цэнтра культуры. Таксама сваімі песнямі жыхароў парадавалі Марына Камароўская, Дзмітрый Дошчачка, Аляксандр Ліпніцкі.

Гэта свята дало магчымасць сабрацца ўсім разам, прадэманстраваць свае таленты і творчыя здольнасці, а таксама адчуць задавальненне ад таго, што ты знаходзішся ў такім маляўнічым кутку – роднай вёсцы.

Ксенія РУБІН,  

фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>