Прасвятая Багародзіца побач

57-f

Жыццё жыхароў аграгарадк аАталезь і навакольных населеных пунктаў напоўнена радасцю ад таго, што стаў дзейнічаць праваслаўны храм. Можна на месцы адслужыць паніхіду, пахрысціць дзяцей, павянчацца, заказаць малебен. Хоць будаўніцтва царквы яшчэ працягваецца, аднак ужо праходзяць богаслужэнні – па суботах служыцца Літургія.

Храм гэты з’яўляецца пераемнікам былой царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Жукавым Барку. У хрушчоўскі час царква была разбурана. І многія гады ў гэтай мясцовасці не было храма, на богаслужэнні вернікі ездзілі ў Стоўбцы.

У Аталезі ж ніколі не было царквы. І калі стваралася праваслаўная абшчына, мясцовыя людзі вырашылі, што патрэбна пакінуць сябе пад святым Пакровам Прасвятой Багародзіцы, і аталезскі прыход быў зарэгістраваны як Свята-Пакроўскі.

Акармляць яго, а яшчэ – суседні прыход святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і іх маці Сафіі, які зарэгістраваны ў Апечках (раней на мясцовых могілках была царква ў гонар гэтых угоднікаў Божых), быў накіраваны свяшчэннік Сергій Бегіян. Мясцовая гаспадарка выдзеліла сям’і свяшчэнніка жылы дом. У нашым раёне айцец Сергій выконвае пастырскае служэнне і ў пасёлку Наваколасава – у Свята-Георгіеўскім храме. Разам са шматлікімі пастырскімі стараннямі па духоўным акармленні многіх вёсак нашага раёна на трох прыходах, на клопаты па будаўніцтве храма, айцец Сергій Бегіян з’яўляецца аўтарам кніг, выдадзеных у Выдавецтве Беларускага Экзархата, шмат увагі надае сваёй самаадукацыі. У гэтым годзе ён атрымаў дыплом са ступенню магістра багаслоўя у Мінскай духоўнай акадэміі і паспяхова паступіў у аспірантуру. Прыклады стараннай вучобы паказваюць і яго дочкі- выдатніцы Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Феўронія і Ганна. Дзяўчынкі паспяхова займаюцца на фартэпіянным і скрыпічным аддзяленнях Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, спяваюць у царкоўным хоры.

Што датычыць хору, то ён, як і многае пры будаўніцтве Аталезскай царквы, адбылося Промыслам Божым, склалася цудоўным чынам. Узначаліла царкоўны хор бухгалтар Апечкаўскага лясніцтва Ірына Бычко. Сама яна родам з Палесся. Гаворыць, што пад пакровам Святой Царквы Хрыстовай яна па малітвах бабулі, якая іх дзецьмі вадзіла да Святога Прычасця і пасеяла зярняткі веры, якія прараслі. З’яўляючыся прыхаджанкай кафедральнага сабора святой праведнай Ганны ў г. Стоўбцы, Ірына Пятроўна запісалася на заняткі царкоўных спеваў, якія вядзе пры саборы прафесіянальны рэгент Святлана Родчанкава. Ірына Пятроўна хацела быць падрыхтаванай удзельнічаць у народнай Літургіі, якая практыкуецца ў саборы, калі спяваць Бажэственную Літургію могуць усе прыхаджане. Потым яна атрымала благаславенне айца Аляксандра Марцінчыка падымацца на хор. А калі стала служыцца Літургія ў Аталезскім храме, яе благаславілі быць рэгентам мясцовага хора. Айцец Сергій запрасіў спяваць у хор і Ларысу Шапецька. Яна – прыхаджанка мінскага храма Опцінскіх старцаў. Мела навык чытання на клірасе, аднак у хоры не спявала, хоць марыла аб гэтым. Благаславенне спяваць у царкоўным хоры атрымала мясцовы паштальён Наталля Казлоўская, якая, як і многія вяскоўцы, мае цудоўны голас.

У ліку тых з мясцовых жыхароў, хто шмат папрацаваў і цяпер стараецца для ўзвядзення храма, моліцца ў ім – Святлана Санько, Наталля Казлоўская, Ніна Чайко, Яўгенія Паплаўская, сям’я Шапецька з Лапкоў. Акрамя пеўчай Ларысы і яе маці Марыі Аляксандраўны, гэтую набожную сям’ю прадстаўляюць сёстры Ларысы – Таццяна і Галіна, пляменнікі. У свой час Галіна Аляксандраўна на пасадзе старшыні Аталезскага сельвыканкама шмат зрабіла для таго, каб пачалося будаўніцтва храма і прымала ў гэтым актыўны ўдзел. Цяпер з сям’ёю яна жыве ў Капылі. Аднак калі прыязджае ў Аталезь, прыходзіць у храм, моліцца і спявае ў царкоўным хоры.

Святлана Санько нясе паслушанне ў свечным ларку. На маю просьбу сказаць, што значыць у яе жыцці вера, служэнне ў храме, вочы яе напаўняюцца слязамі:

– Не магу гаварыць, плакаць хочацца, ад радасці ці ад чаго яшчэ…

Прыхажанін Уладзімір – мінчанін, ён прыязджае са сталіцы ў бацькоўскі дом. Таксама расчулены: «Добра, што ёсць храм, не было б царквы, не было б саборнай малітвы». 86-гадовая Клаўдзія Кудзін помніць Жукаваборскую царкву, хадзіла туды на службы, яна дзеліцца сваімі перажываннямі: «Хіба мы думалі, што дачакаемся гэтага часу, што ў Аталезі будзе пабудаваны храм. Слава Богу за ўсё!»

Мне перадаецца стан іх чыстай веры, шчырасці, прастаты, удзячнасці Богу, іх прыгажосці. Прасвятая Багародзіца, пакрый нас святым Тваім амафорам!

Святлана ЖЫБУЛЬ

НА ЗДЫМКАХ: прыхаджанка Клаўдзія Кудзін; Святое Прычасце; пеўчыя Ларыса Шапецька і Ірына Бычко.

P. S. На заканчэнне будаўніцтва Свята-Пакроўскага храма ў аграгарадку Аталезь, на падвядзенне ацяплення да зімы, каб можна было праводзіць богаслужэнні, клір і прыхажане збіраюць сродкі. Хто мае жаданне і магчымасць ім дапамагчы, публікуем рэквізіты.

Прыход храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аг. Аталезь Стаўбцоўскага раёна Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. УНП 601066299. Разліковы рахунак BY42 АКВВ 3015 0624 0894 3600 0000 у ЦБУ № 624 філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ООТ «АСБ Беларусбанк», АК BВВY 21500.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>