Завітайце ў «Чайку»

З прыходам цеплыні і летняга паветра настае час адпачынку і аздараўлення. Для дзіцячага правядзення часу ў нашым раёне існуюць аздараўленчыя лагеры. Адным з іх з’ўляецца лагер імя Я. М. Чайкі УП «Мінскаблгаз», куды я завітала.

У гэтым годзе ён працуе ў тры змены. Працягласць адпачынку кожнай змены 21 дзень. У лагеры адпачываюць дзеці з усёй рэспублікі, але кіраўніцтва заўсёды імкнецца ў першую чаргу прадаставіць месца стаўбцоўскім навучэнцам. Як адзначае начальнік лагера Таццяна Мікалаеўна Шпілеўская, у лагеры створаны ўсе ўмовы.

Штогод тэрыторыя лагера абнаўляецца. У гэтым годзе з’явілася экалагічная сцежка, дзе знаходзіцца цікавая інфармацыя пра грыбы, і нават Баравік, які выконвае пажаданні. Другі год запар лагер працуе па праграме «Экалагічны дапаможнік». У лагеры на сродкі, якія выдзяліў «Мінскаблгаз», былі закуплены кантэйнеры для раздзельнага збору смецця і ўстаноўлены спецыяльныя стэнды. Аздараўленчы лагер таксама працуе з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Стоўбцы, з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў. Сумесна праводзяцца мерапрыемствы згодна з планам.

У лагеры адпачываюць і трэніруюцца ўдзельнікі цыркавой студыі «ШарЛен». Адна з навучэнцаў, Ганна Цімашэнка, дзеліцца ўражаннямі аб адпачынку: «Мы прыехалі сюды ўпершыню, але нам ужо вельмі падабаецца. Для нас гэта не толькі адпачынак, а яшчэ і штодзённыя трэніроўкі. Але, калі займаешся любімай справай, то яна заўсёды ў радасць. Я з задавальненнем прыехала б сюды і на наступны год». Разам з дзяўчынкамі прыехалі і іх трэнеры Алена Шарапава і Ганна Плешчанкова.

План кожнай змены старанна прапрацаваны, на кожны лагерны дзень запланаваны па два мерапрыемствы. Умовы для добрага адпачынку дзяцей дапамагаюць ствараць старшы выхавацель Наталля Навіцкая, педагог-арганізатар Надзея Макарэвіч, педагог-псіхолаг Наталля Туміловіч. Таксама вялікую ролю выконваюць і выхавацелі. Начальнік лагера адзначае тых, хто ўжо з года ў год прыязджае сюды працаваць. Гэта Аксана Дешчыц, Віта Рэкіць, Іван Негарожын, Аляксандр Леановіч.

Другая лагерная змена прайшла пад назвай «На крылах даўніны». Напрамкам гэтай праграмы стала прывіццё любові да роднага краю. Таму дзяцей актыўна знаёмілі са Стаўбцоўшчынай. Быў арганізаваны экскурсійны маршрут «Па шляхах Коласа», таксама ў Нясвіж і Мір. Адзін з дзён быў прысвечаны знаёмству з беларускай культурай.

Мая сустрэча з дзіцячым лагерам адбылася як раз у «Бацькоўскі дзень». Таму я наглядна пераканалася ў дбайнай падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства. Для бацькоў быў арганізаваны святочны канцэрт дзецьмі і выхавацелямі, які зрабілі ў выглядзе тэлеперадачы. Дзеці спявалі, танцавалі, разыгрывалі сцэнкі, паказвалі розныя віды цыркавога мастацтва. Актыўна ўдзельнічаючы ў мерапрыемствах, бацькі і дзеці зараблялі «чайкаўскія грошы», за якія маглі набыць смачныя бліны і чай у кафэ. Таксама ў холе актавага зала праходзіла выстава прац навучэнцаў тэрытарыяльнага центра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія можна было набыць. Пасля прысутных чакаў канцэрт артыстаў Беларускага цырка.

Каб даведацца, як знаходзяць новыя таленты сярод дзяцей, я звярнулася да педагога-арганізатара Надзеі Макарэвіч. І яна распавядала: «Многія дзеці самі праяўляюць ініцыятыву, а для іншых патрэбен яшчэ час, каб яны разняволіліся. Праводзім шматлікія мерапрыемствы. Быў конкурс «Алё, мы шукаем таленты». Дзякуючы яму, мы адшукалі шмат дзяцей, якія могуць выступіць і ім ёсць што прадэманстраваць».

А чым запомніўся гэты адпачынак дзецям, я спытала у Глеба Васькіна. Хлопец адказаў: «У нас на кожны дзень запланаваны мерапрыемствы, у першай палове – спартыўныя, у другой – агульналагерныя. У вольны час у нас праходзяць гульні на свежым паветры. Гуляем у футбол, валейбол. Пасля вячэры праводзяцца дыскатэкі альбо глядзім фільм. Кожны дзень прысвечаны пэўнай тэме. Напрыклад, вельмі запомніўся дзень самакіравання. Першы і другі атрад працавалі важатымі, прыдумвалі нумары і рыхтавалі канцэрт. Традыцыйны Дзень Нептуна таксама падабаецца, ён заўседы праходзіць весела. Шмат падарожнічаем. Спадабалася экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны і музей Якуба Коласа». Глеб адпачывае ў лагеры ўжо чацвёрты год і з радасцю прыедзе і на наступны.

     Ксенія РУБІН

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>