Завітайце ў Ручын, ды прыедзьце ў Даўнары!

59-f

Не прадавайце дом бацькоў,

Вы без яго не пражывеце:

Ён будзе сніцца зноў і зноў,

Пакуль вы ёсць на гэтым свеце.

Павел Саковіч

Вёскі Ручын і Даўнары размешчаны ў цудоўным, маляўнічым кутку. Вакол прыгажосць: спяваюць птушкі, буслы збіраюцца да адлёту, шуміць калоссе на палях, а прырода тутэйшых мясцін заварожвае. Зусім маленькія гэтыя вёсачкі, але ў іх, сапраўды, жывуць людзі з вялікім сэрцам і шырокай душою. Падцверджэннем гэтаму стала традыцыйнае свята вёскі, якое зараз прыйшло і ў гэтыя мясціны.

Святкаванне пачалося ў вёсцы Ручын. Жыхары віталі гасцей смачным караваем і распавядалі пра гісторыю свайго кутка: «Да 1949 года гэта вёсачка-фальварак называлася Няшота. Адметнае месца гэтае тым, што тут нарадзілася маці Янкі Купалы – Бянігна Валасевіч. Потым яна цішком выйшла замуж за Дамініка Луцэвіча. Яе бацькі былі супраць гэтага шлюбу, але з часам змірыліся. На тым месцы, дзе стаяў іх дом, з дапамогай сям’і Сабалеўскіх зараз устаноўлены мемарыяльны знак. Так гэта мястэчка стала гучаць нават у энцыклапедыях. Яно хоць маленькае, але вядомае».

Далей жыхары і госці крочаць да дома Таццяны Бунчук, старасты вёскі, дзе і пачынаецца гулянне. Голасна спяваюць песні ўдзельнікі вакальнай групы «Надзея» Рубяжэвіцкага дома культуры разам з жыхарамі. А вось і сама гаспадыня падворка, Таццяна Бунчук закружылася ў танцы, і іншыя не змаглі ўстаяць. І маленькія жыхары дэманструюць свае таленты: нехта чытае вершы, а для кагосьці гэта свята стала магчымасцю правесці першую ў сваім жыцці асабістую выставу малюнкаў.

Пасля, усе задаволеныя і вяселыя, едуць у суседнюю вёску Даўнары. Яна таксама невялікая, у ёй зарэгістравана 25 жыхароў, а ў 1940 было 150. Гэта ўладанні Радзівілаў, але потым гэта месца арэндаваў Ліхадзіеўскі. Вёска з савецкага часу ўваходзіць у склад Рубяжэвіцкага сельсавета. Большасць насельніцтва працуе у сельскай гаспадарцы.

Першымі сустракае гасцей сямейства Сабалеўскіх на чале з Раманам Сабалеўскім, мясцовым паэтам, знаёмым ва ўсіх навакольных вёсках. З прысутнымі ён дзеліцца сваёй творчасцю і запрашае ў вёску: «…Сёння ў нашай вёсцы свята, сустракаюць з хлебам хаты. Яны хораша прыбраны, вісяць вышыўкі, дываны. Ажыла, запела вёска. Пахне хлебам, пахне воскам. Ідуць радасныя людзі…».

Ужо па добрай традыцыі ні адна хата не абыходзіцца без песень, танцаў, пачастункаў. Ад падворка да падворка гучыць святочная музыка, а жыхары чакаюць, калі менавіта дойдуць да іх. Каля кожнай хаты гасцей сустракаюць іх жыхары з дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Цудоўна, што гэта свята аб’ядноўвае ўсіх іх і дае магчымасць сабрацца разам і прадэманстраваць свае здольнасці.

Тут сабе набываюць хаты для дач і гараджане. Напрыклад, Аляксандр Пухараў з Мінска – мастак, член Саюза мастакоў, 12 гадоў таму назад набыў тут сабе дачу. Ён працуе ў касцёлах, распісвае алтары. На свяце вёскі ён таксама прадставіў свае карціны.

Крочачы далей, завіталі і ў сям’ю Матусевічаў, якія з нацыянальным каларытам падыйшлі да запрашэння гасцей: і віталі, і частавалі, і букеты крэатыўныя ўручалі. Далей усе накіраваліся на хутар «Сабалінка», дзе гаспадары сустрэлі прысутных песнямі і частаваннямі.

Чалавеку, які ўпершыню прысутнічае ў гэтым адметным месцы, найперш за ўсё хочацца аглядзецца і ўдыхнуць гэта чыстае летняе паветра,і зразумець, што ты шчаслівы. Гледзячы на іншых, на іх радасныя ўсмешкі, іскрынкі ў вачах, хочацца спыніць час і атрымаць асалоду ад гэтага моманту. Наваколле так і кліча цябе ўзляцець, быццам буслы, якіх тут не пералічыць. Уся атмасфера чысціні, прыгажосці, добразычлівасці жыхароў вабіць сюды зноў і зноў.

Тым часам пачынаецца святочны канцэрт. Да жыхароў у госці завіталі вакальная група «Надзея» Рубяжэвіцкага дома культуры, народны ансамбль народнай песні «Баравічанка» з Дзяржынска. У гонар свята завітаў і дзяржынскі сямейны дуэт Таццяны і Сяргея Протасаў.

Старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама А. А. Стралкоўская і старшыня Стаўбцоўскага райсавета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі звярнуліся да жыхароў з прывітальнымі словамі. Былі ўзнагароджаны лепшыя працаўнікі і ветэраны працы ААТ «Рубяжэвічы» і рубяжэвіцкай бальніцы, у адрас якіх гучалі шчырыя словы ўдзячнасці. Са сцэны таксама віталі юбіляраў вёсак.

Усе жыхары спявалі, танцавалі пад мелодыі гарманіста і прыезжых артыстаў. І, здаецца, гэта свята для ўсіх стала магчымасцю паказаць сябе, бо няма тут такога чалавека, у якога не былі б залатыя рукі, шчырае сэрца, багатая фантазія, душа, пявучая і шчодрая. Таму хочацца верыць, што гэтыя маляўнічыя вёсачкі будуць і далей развівацца, будуць для кагосьці маленькай радзімай.

Ксенія РУБІН, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>