Жыць – завяршаць і пачынаць справы

13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас. Апошні раз пабываў ён на сваёй радзіме за месяцы чатыры, парой веснавога разводдзя.

У Мікалаеўшчыне дзядзька Якуб наведаў пляменніка Канстанціна Міхайлавіча, настаўніка мясцовай школы, над пабудовай якой добра пашчыраваў. Гутарыў з ім і з сястрой Міхалінай. Была ў родным куце ў яго і практычная мэта: набраць лекавай гразі з наднёманскай лугавіны, якая, як раілі, здыме боль у суставах.

Гэты момант, тое, як мясцовыя жыхары гутараць са славутым земляком, дапамагаюць выцягваць з каляіны з дапамогай ладнага каня аўтамабіль, адлюстраваны і на малюнках у філіяле Коласавага музея ў Смольні.

Далейшы шлях ляжаў якраз у тадышнюю Смольню, дзе жыў брат Язэп Міхайлавіч. Як прыводзіць сведчанне з успамінаў Коласа пісьменнік Максім Лужанін, сказаў ён малодшаму брату: «Я да цябе, Юзік, паміраць прыеду. Сяду тут, у цяньку, на Нёман буду пазіраць…» Амаль так і выйшла…

Выходзіць, развітаўся і з бацькамі, калі, спыніўшы машыну, пайшоў на могілкі. Падняўся на засаджаны бярозамі грудок, павярнуўся тварам да плыні Нёмана. І пасля згадваў, што раней быў ён пастаянна такім шырокім, як і падчас гэтага прыезду, у разводдзе.

Потым доўжыліся летнія дні. Коласа не адпускала хвароба, але ён напружана працаваў. Планаваў закончыць да зімы паэму «На шляхах волі», узяцца далей за прозу. Пісаў лісты ў ЦК з прапановамі аб «упарадкаванні непажаданых з’яў у нашым жыцці». І асабліва трывожны – аб лёсе роднай мовы. Апошні ліст…

«Жывіце даўжэй, хлопцы! Дагледзьце на свае вочы ўсё, чаго не давялося мне, і заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы». Такі наказ Коласа сябрам і ўсім нам.

14 жніўня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа абвясцілі Днём памяці народнага паэта. У сталіцы праводзілася аўтобусна-пешаходная экскурсія «Мінскія адрасы Якуба Коласа», каб глыбей пазнаць жыццё беларускага песняра праз падарожжа па мясцінах, якія звязаны з яго імем. Гэта Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзе Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. БДУ, дзе з 1923 па 1926 гг. выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч. Плошча Якуба Коласа з размешчаным на ёй помнікам народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура. Дом на Старажоўцы, які сям’я паэта арэндавала з 1921 па 1927 гг. і дзе пісьменнік закончыў работу над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», напісаў аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», «На прасторах жыцця». Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, які знаёміць з даваенным жыццём сям’і Якуба Коласа. І з рэвалюцыйным пачаткам жыццёвага шляху – Мінскім астрогам, дзе на працягу трох гадоў адбываў пакаранне за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе.

Апошнім пунктам наведвання сталі Вайсковыя могілкі. Там адбыліся памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы песняра, у якім прынялі ўдзел члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага песняра Беларусі.

Ф. ФЯДОТАЎ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>