Рэспубліканскі педсавет: сучасны стан і будучыня беларускай адукацыі

Filed under: Нумары,Тема недели |

Галоўныя прынцыпы развіцця сферы адукацыі акрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета.

«Нас чакае вялікая работа па развіцці чалавечага патэнцыялу. Таму неабходна аб’ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яе ўдасканалення. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым напрамку, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Галоўнае – мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яе дастойны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы».

Усе магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі задуманага ёсць, падкрэсліў Прэзідэнт. «Створана неабходная інфраструктура ўстаноў адукацыі і выхавання. Тут працуе дастаткова кваліфікаваных кадраў. На выхаванне, навучанне і сацыяльную падтрымку моладзі дзяржава штогод выдзяляе значную частку рэспубліканскага бюджэту. Таму мы маем права чакаць ад педагагічнай грамадскасці адпаведных вынікаў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, недзе рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова сістэмы адукацыі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я заўсёды выступаў і выступаю за ўдасканаленне таго ці іншага працэсу. Трэба ісці ад жыцця, трэба вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё».

«Ці вырашаны ўсе пытанні, якія перашкаджалі педагогу ўкладваць душу ў сваіх выхаванцаў? Раней было шмат нараканняў на высокую загружанасць настаўнікаў неўласцівымі функцыямі. Мне дакладваюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэтую праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка – вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў міністра адукацыі, губернатараў, старшынь рай- і гарвыканкамаў: у школы павінны паступаць дакументы, якія датычаць толькі адукацыі і выхавання. «Давайце канчаткова паставім кропку ў гэтым пытанні. Я намякаю на тое, што той хлам, які раней ішоў у школы, розныя адпіскі, гэта нікому не трэба. Справа нават не ў залішняй нагрузцы для настаўніка. Справа ў прыніжэнні самога настаўніка, якому даводзіцца рабіць непатрэбныя рэчы.

«Сёння часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Навучэнцы перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольны лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як вынік, з аднаго боку, мы бачым няхватку прафесіяналаў, з іншага – незадаволенасць работадаўца супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што сёння сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога кардынальна змяніліся. «У сучасным інфармацыйным асяроддзі расце так званае пакаленне Сеткі. Для маладых людзей інтэрнэт – гэта асяроддзе пражывання. Яны не бачаць сябе без электронных устройстваў. Абсалютна згодны: гэтыя ўстройствы патрэбныя, цікавыя, карысныя. Але яшчэ важней навучыць людзей думаць», – перакананы кіраўнік дзяржавы.

«З дзіцячага сада, з першага класа школы дзецям трэба прывіваць гонар за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць усе – і ўлада, і школа, і сям’я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні. Наша задача – даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння – мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць цаніць гэта», – сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны ўрок або дадатковы занятак павінны мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. І не толькі ў школе, але і ў тэатры, музеі, на спартыўных пляцоўках і стадыёнах.

«Трэба адраджаць паўнацэнную сістэму пазакласнай работы. Мы з вамі добра разумеем яе каштоўнасць. Мной неаднаразова даваліся даручэнні: напоўніць шосты школьны дзень, узмацніць работу з сям’ёй, далучыць дзяцей да працы, актыўней прыцягваць іх да заняткаў спортам».

Кіраўнік дзяржавы паскардзіўся на недахоп гадзін працоўнага навучання. «Я ўжо гаварыў, што цяперашні малады чалавек, падлетак не разумее, што такое электрычная разетка, электрычная лямпачка. Дзяўчынка-падлетак не ўмее гузік прышыць. А ў наш час гэтаму ж навучалі. Чаму вы цяпер не вучыце гэтаму дзяцей?», – задаў пытанне Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на фізічнай форме вучняў. «Нам у хуткім часе не будзе каго ў армію прызываць па стане здароўя. Або дыстрофікі, або вагой большыя, чым я. У 17-18 гадоў – гэта ненармальна. Таму пачынайце ў гэтым плане працаваць», – даручыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў педсавета.

«Аснова школьнага навучання – добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне – змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальны па аб’ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі. Не значыць, што яны будуць ідэальнымі, і, можа, не будуць адпавядаць узроўню патрабаванняў у 2019 годзе. Падручнікі – гэта пастаянная творчасць. Мы пастаянна будзем штосьці дапаўняць, мяняць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, рэпетытарства. «Дайшло да таго, што паслугамі рэпетытара карыстаюцца нават у пачатковай школе, не кажучы аб падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. А калі і з’яўляюцца новыя методыкі, то яны арыентаваны на фінальную падрыхтоўку выпускнікоў, або, як кажуць у народзе, на вымуштроўванне школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання», – адзначыў Прэзідэнт.

«Многія мяне за гэта крытыкавалі, калі я гаварыў, што школьная праграма павінна быць школьнай, не вузаўскай. Павінна быць магчымасць яе асваення без усялякага вымуштроўвання. Цэнтралізаваныя тэсты павінны адпавядаць школьнай праграме, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Нямала зроблена да гэтага года. Да будучага года, да 1 верасня 2018 года, усе тэсты будуць дапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Гэты працэс павінен быць закончаны з улікам вопыту паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе».

«Трэба скараціць колькасць спецыяльнасцяў, якія не з’яўляюцца профільнымі для той ці і іншай ВНУ. Сёння ў нас практычна кожная ВНУ выпускае сотні спецыялістаў самага шырокага профілю – юрыстаў, эканамістаў, палітолагаў. А потым яны беспаспяхова шукаюць работу па спецыяльнасці і вінавацяць у сваёй незапатрабаванасці дзяржаву. Відаць, пара вярнуцца да вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрэбны аналіз аптымальнай колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі з улікам дэмаграфічных працэсаў і прагнозаў прыросту насельніцтва.

Прэзідэнт адзначыў, што да сістэмы ацэнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прывыкла да пяцібальнай, і цяпер яму даводзіцца пераводзіць ацэнкі на стары лад, а моладзь ужо даўно вучыцца па дзесяцібальнай, і для яе тут няма праблем. «Шмат бацькоў за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Але большасць, я так адчуваю, усё ж такі схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці той ці іншай сістэмы. Таму я лічу, што пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы або пытанне захавання дзесяцібальнай сістэмы крыху перабольшана ў гэтым выпадку і не мае крытычнай масы, каб было патрэбна прымаць рашэнне. Пажывём – убачым. Думаю, гэта не вельмі ўплывае на імкненне нашых дзяцей мець добрыя веды», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Сёння нам трэба будзе вырашыць яшчэ адну задачу – укамплектаваць дзіцячыя сады кваліфікаванымі спецыялістамі. Накіроўваючы маладых спецыялістаў, трэба зрабіць усё, каб, адпрацаваўшы па размеркаванні, яны захацелі там застацца. Таксама неабходна ўдасканальваць праграмы і методыкі работы з выхаванцамі дзіцячых садоў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я вам шчыра скажу: настаўнік настаўніку не роўны. Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Тады чаму мы стварылі ўраўнілаўку і настаўнікі ў нас заработную плату практычна ўсе атрымліваюць аднолькавую?» –задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нельга дапусціць значнай розніцы ў зарплаце ў настаўніка са стажам і маладога спецыяліста пры ўмове, што выпускнік ВНУ валодае ўсімі неабходнымі кампетэнцыямі. «Калі малады чалавек, прыйшоўшы з ВНУ, выкладае не горш, чым настаўнік-выкладчык, які адстаяў каля станка 25 гадоў, чаму мы яму плацім капейкі? Трэба вызначыць крытэрыі, па якіх мы павінны плаціць зарплату настаўніку-наватару, выкладчыку – дасведчанаму, талковаму, сучаснаму, які авалодаў усім неабходным для выкладання», – рэзюмаваў Прэзідэнт.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што настаўнік і ўрач – ідэалагічная, маральная аснова беларускага грамадства. «Аснову маладзёжных арганізацый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, якія сёння існуюць, складаюць настаўнікі, урачы. Асабліва мясцовую інтэлігенцыю, якая працуе з народам. Калі нам трэба штосьці данесці да народа, мы гэта робім праз вас. Вы галоўная апора ў дзяржаве», – звярнуўся ён да педагогаў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабліва гэтае пытанне датычыць работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, паколькі кожны разумее, што такое быць выхавальнікам у дзіцячым садзе. «Катастрафічна несправядліва мы ставімся да тых, хто працуе, перш за ўсё, у яслях і дзіцячых садах. Любымі спосабамі і любымі шляхамі нам трэба амаль падвойваць у наступным годзе іх даходы», – паставіў задачу Прэзідэнт.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>