З восеньскім парадкам дня

На апошнім тыдні жніўня, які знамянуе сабою змену летняга сезона на асенні, прайшло пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Асноўным пытаннем на ім была падрыхтоўка суб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага перыяду 2017/2018 гадоў.

Старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака акцэнтаваў увагу, што да 1-га кастрычніка павінны быць падпісаны пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц. Для забеспячэння планамернасці і якасці гэтага працэсу энерганаглядам зацверджаны адпаведны графік. На пасяджэнне быў запрошаны кіраўнік групы энергаінспекцыі Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» Віктар Шлапкоў, які даў падрабязную інфармацыю адносна ходу выканання графіка.

– Напярэдадні энерганаглядам быў зроблены аб’езд. Сітуацыя ў цэлым не крытычная, але патрабуе актывізацыі тэмпаў атрымання пашпартоў гатоўнасці, – патлумачыў Віктар Шлапкоў і прайшоўся па кожнай з катэгорый спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц.

На цяперашні час у раёне пашпарты гатоўнасці атрымалі 42 спажыўцы са 145-ці, ці 29 працэнтаў, і 40 цеплакрыніц з 94-х, ці 42,5 працэнта. Не на ўсе цеплакрыніцы, як вядома, атрымана заключэнне Дзяржпрамнагляду адносна эксплуатацыі катлоў. Адставанне назіраецца з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму, дзе з 45-ці спажыўцоў пашпарт гатоўнасці зарэгістраваны ў 21, а таксама жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў, дзе з 24-х спажыўцоў з пашпартам пакуль толькі пяць. Асноўныя прычыны затрымак – адсутнасць гідраўлічных выпрабаванняў сістэм ацяплення і электрафізічных вымярэнняў электраправодак, непаверанасць прыбораў уліку і т. п.

Не ўкладваецца ў графік і аб’яднанне камунальных службаў. «Пашпартызавана» на даны момант 55 працэнтаў цеплакрыніц, якія знаходзяцца на балансе АКС, у той час як графік «патрабуе» не менш за 68 працэнтаў. У раёне, акрамя таго, ёсць яшчэ 54 уласныя цеплакрыніцы спажыўцоў (Стоўбцыгаз, ЦРБ, Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, вытворчы цэх № 9 ААТ «Мінск Крышталь» і іншыя). Пашпарты гатоўнасці сярод іх ужо могуць прадставіць 18, ці 33,3 працэнта. Праўда, гэты паказчык не выклікае заўваг, таму што даныя спажыўцы ідуць «у нагу» з графікам, і ў большасці выпадкаў рэгістрацыя імі пашпартоў гатоўнасці прызначана на верасень.

Такім чынам, для асобных суб’ектаў гаспадарання верасень выдасца «гарачым» месяцам у плане завяршэння падрыхтоўчых работ да асенне-зімовага перыяду. Да 1-га кастрычніка неабходна стварыць запас паліва ў кацельнях, заключыць дагаворы на пастаўку прыроднага газу. Як адзначыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, гэта ўключае і стварэнне рэзервовага запасу матэрыялаў і абсталявання на выпадак аварыйна-аднаўленчых работ. У бліжэйшы месяц райаддзел па надзвычайных сітуацыях плануе правесці маніторынг кацельняў па пажарнай бяспецы, а таксама трэніроўку па ўхіленні магчымых аварыйных сітуацый.

Раённай камісіяй па надзвычайных сітуацыях дадзена даручэнне кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый прадаставіць інфармацыю аб снегаўборачнай тэхніцы, яе тэхнічным стане, замацаваных за ёй вадзіцелях і графікі дзяжурстваў.  

Для камунальнікаў верасень – гэта яшчэ і аператыўнае выкананне ўсіх заявак, якія паступаюць ад насельніцтва і звязаны з правядзеннем работ па рамонце і падрыхтоўцы жыллёвага фонду да ацяпляльнага сезона. Важна данесці да домаўладальнікаў, што і яны самі не павінны стаяць убаку, а рыхтаваць свае жылыя памяшканні да эканомнага і беражлівага цепла- і энергаспажывання, а гэта значыць, уцяпляць вокны і дзверы, заладжваць шчыліны і т. п. Карыстальнікам газу ў быце нельга забываць пра бяспеку, для чаго напярэдадні ацяпляльнага сезона трэба прачысціць свае дымавыя і вентыляцыйныя каналы, абавязкова ажыццявіць іх праверку. Праверку выконваюць спецыялізаваныя арганізацыі, тэлефоны якіх вам падкажуць у Стоўбцыгазе, райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>