Глянеш зблізку ці здалёку – Налібокі, Налібокі…

2009j

Дваццаць шостага жніўня Налібакам споўнілася 570 гадоў. Гэтае паселішча, сёння аграгарадок, за свой час існавання назапасіла вялікую і вельмі цікавую гісторыю. Першыя пісьмовыя звесткі пра Налібакі адносяцца да 1447 года. У 1451 годзе кашталян віленскі Пётр Сенька Гендыголдавіч запісаў у тэстаменце маёнтак Налібакі сваёй жонцы. У 1557 годзе валадаром Налібакаў стаў Мікалай Чорны Радзівіл. Маёнтак належаў Радзівілам ажно тры стагоддзі.

Адкуль у вёскі менавіта такая назва, існуе два меркаванні. Першае распавядае, што непадалёку ад мястэчка Налібакі, каля вёскі Кляцішча, быў завод. Тут здабывалі балотную руду і плавілі яе ў адмысловых печах. Вугаль рабілі з дрэва. Працаваць было цяжка: вакол пушчы – непраходныя балоты. Для прамывання руды патрэбна было шмат вады. Карысталіся балотнай, а чыстую на завод прывозілі ў баках. Кожную раніцу загадвалі каму-небудзь з мясцовага насельніцтва наліваць ваду: «Налі бакі!» Другое меркаванне гучыць так: «Сваёй назвай Налібакі абавязаны паганскаму імю Малібог, ці, дакладней, трансфармацыі множнага ліку гэтага слова: «Малібогі – Налібокі».

У пачатку XVIII ст. у Налібаках з’явілася адна з першых мануфактур – гута – прадпрыемства шкляных вырабаў. Яно было заснавана на сродкі жонкі канцлера Вялікага княства Літоўскага Ганны Радзівіл. Сюды былі запрошаны спецыялісты з Францыі, Італіі, Германіі. Зараз узоры гэтых вырабаў можна сустрэць у музеях Мінска, Варшавы, Вільнюса, Кракава. Гэта была вельмі якасная прадукцыя з новымі тэхналогіямі. У XIX ст. быў заснаваны другі від мануфактуры – металургічны. Асноўнымі відамі прадукцыі была выплаўка чыгуну з мясцовай балотнай руды, а таксама выпуск сартавога жалеза. Крыжы і іншыя вырабы пахавальнага рыштунку, датаваныя сярэдзінай мінулага стагоддзя, на могілках – таму сведчанне.

Варта зазначыць, што вялікую ролю ў развіцці роднага краю выконвалі і самі налібаччане. Гэта менавіта яны стваралі свайму паселішчу вядомасць. Быў сярод іх і Язэп Фарботка, беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, удзельнік грамадска-культурнага руху Беларусі XX ст., які тут нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады. Зараз побач з месцам, дзе стаяла яго хата, устаноўлены камень з шыльдай у гонар Я. Фарботкі.

У мінулую суботу жыхары вёскі сабраліся ўсе разам, каб ушанаваць гэтую знамянальную дату ў гісторыі і ўспомніць тых, хто ўнёс уклад у развіццё Налібак.

Праграма мерапрыемстваў пачалася са святочнай імшы ў касцёле. Затым было адкрыццё і асвятленне кальварыі на могілках, дзе ўстаноўлены 24 абразы з падсвечваннем. Яна знаходзіцца на самым высокім месцы налібацкай зямлі. Галоўным мерапрыемствам свята стала асвятленне крыжа, які ўзнімецца высока на галгофе і будзе сімвалам перамогі жыцця над смерцю. Далей усе прысутныя зноў накіраваліся да касцёла, дзе быў дадзены канцэрт духоўнай музыкі.

Пасля рэлігійнай працэсіі жыхароў чакалі святочны канцэрт, гульні, атракцыёны. Са сцэны гучалі віншаванні ад старшыні Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама Алены Суднік, сакратара Стаўбцоўскага раённага камітэта Камуністычнай партыіі Беларусі Ніны Дубовік.

Сёння вёска Налібакі – паказчык дабрабыту і гаспадарлівасці жыхараў. Да свята вяскоўцы пачалі рыхтавацца з вясны, таму што быў абвешчаны конкурс на лепшае кветкавае ўпрыгожванне сваіх падворкаў. Яго вынікі падведзены на свяце. Пераможцам уручаны каштоўныя падарункі, сувеніры і дыпломы.

У цяперашні час на тэрыторыі Налібацкага сельсавета паспяхова працуюць тры лясніцтвы Стаўбцоўскага лясгаса. Жывёлагадоўля таксама знаходзіцца ў першых радах раёна і вобласці. У гэтым годзе працаўнікі ААТ «Налібакі Агра» сабралі збожжа каля 37 цэнтнераў з гектара. Улічваючы, што землі тут не вельмі багатыя, гэта добры вынік. Налібакі ўвайшлі ў рэспубліканскую праграму «Здаровы аграгарадок», у сувязі з чым ужо складзены і зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў.    

Свята, прысвечанае 570-годдзю Налібак, сапраўды, узрадавала мясцовых жыхароў. Музыка гучала па ўсёй акрузе. Для прысутных выступалі ансамблі «Церніца», «Арнамент», тэатр гумару «Канкан» і іншыя. Вяскоўцы спявалі, танцавалі амаль да глыбокай ночы, а завяршыў гэтае цудоўнае свята салют у гонар аграгарадка Налібакі.

Ксенія РУБІН, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>