З наказам сенатараў

0609d

У сонечны прыгожы першы дзень восені ва ўсіх школах нашага раёна адбыліся ўрачыстыя першавераснёўскія лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года.

Надзвычай урачыста прайшло свята першага школьнага званка ў Дзераўнянскай сярэдняй школе. У гэтым годзе яно было адметнае тым, што павіншаваць вучнёўскі і настаўніцкі калектывы прыехалі госці са сталіцы – дэпутаты беларускага парламента – намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Сірэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Герасімовіч. У ліку шаноўных гасцей былі таксама першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч, старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька. Сярод прадстаўнікоў грамадскасці на ўрачыстасці прысутнічалі кіраўнікі сельвыканкама, мясцовых арганізацый, члены папячыцельскага савета.

Самым ранкам вучні з бацькамі адправіліся ў касцёл на імшу. Такая нязменная традыцыя ў гэтай навучальнай установе – пачынаць навучальны год богаслужэннем у храме. Потым разам са свяшчэннікам Сяргеем Лянгам усе прыйшлі на першавераснёўскую лінейку, якая адбылася на тэрыторыі школы – дагледжанай, акружанай багатымі клумбамі і зялёнымі насаджэннямі.

З прывітальным словам да вучняў, педагогаў, настаўнікаў звярнуліся Святлана Герасімовіч, Юрый Горлаў, дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы Марыя Шумчык. Усе яны нагадалі вучням, што атрыманне моцных ведаў для іх на сучасны момант – самая важная справа. А дзяржава дапаможа ім стварэннем выдатных умоў для вучобы, для ажыццяўлення іх мар, прадастаўленнем магчымасці атрымаць любімую прафесію і стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй Айчыны. Святлана Герасімовіч зрабіла акцэнт на тым, што, бываючы ў навучальных установах, дэпутаты парламента імкнуцца выслухаць думкі і выказванні як настаўнікаў, так і вучняў адносна ўдасканалення сістэмы адукацыі, і рыхтуючы заканадаўчыя дакументы на подпіс Прэзідэнту краіны, улічваюць гэтыя прапановы. Віктар Сірэнка ўручыў навучальнай установе падарунак ад Савета Рэспублікі беларускага парламента – ноўтбук і набор мячоў для розных відаў спорту.

Затым першы школьны званок, які далі першакласнік Іван Пупко і выдатнікі вучобы Надзея Трасцянка і Юлія Пугач, паклікаў вучняў, бацькоў, гасцей на першы ўрок «Беларусь – мая Айчына».

Віктар Сірэнка, Святлана Герасімовіч, Юрый Горлаў наведалі першы клас. У ім у гэтым годзе 20 вучняў. Віктар Іванавіч з любоўю ўручыў ім падарункі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – кнігі «Беларусь – наша Радзіма». У сваім прывітальным слове ён сказаў, што першае верасня – сапраўды ўсенароднае свята, да яго маюць адносіны кожная сям’я, кожны чалавек, што аб’ядноўвае ўсіх грамадзян нашай краіны. І падзяліўся асабістай радасцю: у свой першы калектыў – дзіцячы сад – пайшоў яго ўнук. Віктар Іванавіч пажадаў вучням і іх бацькам, настаўнікам паспяховага навучальнага года, здароўя і радасці.

Патрэбныя словы Віктар Сірэнка знайшоў у сваім наказе для вучняў выпускнога класа, з якімі ён меў гутарку падчас наведвання першага ўрока. Звярнуўся да іх, як да дарослых людзей, якія стаяць на парозе школы, на якіх можна ўскласці адказнасць за будучае нашай краіны. Сенатары выступілі з прапановай арганізаваць для вучняў выпускнога класа экскурсію ў парламент, што было прыязна ўспрынята імі.

Госці пазнаёміліся з класнымі пакоямі, літаратурным музеем, тэрыторыяй школы з алеяй памяці з туй, садам выпускнікоў. Марыя Шумчык паведаміла аб накірунках работы школы, адметнасцях, напрацоўках, інавацыях.

Мы просім Віктара Сірэнку падзяліцца ўражаннямі ад наведвання навучальнай установы:

–             У Дзень ведаў у гэтым навучальным годзе ў Мінскай вобласці селі за парты 15 тысяч першакласнікаў. І гэта радуе, усяляе надзею на наша будучае – у хуткім часе яны стануць дарослымі, дастойнымі людзьмі Рэспублікі Беларусь, якія атрымаюць веды, будуць жыць і працаваць на карысць нашай Радзімы. У сённяшніх урачыстасцях у навучальных установах прымаюць удзел не толькі кіраўніцтва нашай краіны, дзяржаўных органаў, але і дэпутаты Савета Рэспублікі беларускага парламента. Мы выбралі не якую-небудзь перадавую школу сталіцы, ці праслаўленую гімназію, а накіраваліся ў сельскую школу аграгарадка. Для мяне асабіста гэта цікава ў плане пазнання развіцця сістэмы адукацыі ў сельскай мясцовасці, так як па абавязку службы я курырую гэтыя пытанні. Нас прыемна ўразіла гэтая навучальная ўстанова – адрамантаваная, дагледжаная, у якой створаны выдатныя ўмовы для навучання. Адчуваецца прафесіяналізм педагогаў, усяляюць надзею пытлівыя, нераўнадушныя вочы вучняў, якія гатовы атрымліваць веды, рыхтаваць сябе да жыцця – і ў гэтым перспектыва, у гэтым будучае нашай краіны. Уразіў такі ўнікальны факт: з 32 педагогаў школы 21 – выпускнік гэтай школы. Гэта гаворыць аб аўтарытэце навучальнай установы сярод мясцовага насельніцтва, сведчыць аб глыбокіх ведах, якія дае школа, што пацвярджае штогадовы высокі працэнт паступленняў яе выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выпускнікі школы вяртаюцца сюды на працу, каб вучыць наступныя і наступныя пакаленні.

У Дзераўнянскай школе, адной з самых вялікіх сельскіх школ у нашым раёне, за парты селі 208 вучняў. Плённага ім навучальнага года!

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>