Дзень беларускага пісьменства

Filed under: Нумары,Тема недели |

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства адбылася 2 верасня ў Полацку.

Намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко зачытаў прывітанне гасцям Дня беларускага пісьменства, накіраванае Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Шырокія ўрачыстасці, прысвечаныя гэтай падзеі, год ад году набываюць усё больш глыбокі сэнс, – гаворыцца ў прывітанні. – Яны вяртаюць нас да сваіх вытокаў, выклікаюць пачуццё нацыянальнай годнасці. Свята стала сведчаннем адраджэння нашых лепшых традыцый, сапраўдным сімвалам незалежнасці Беларусі.

Углядаючыся ў яе шматвяковую гісторыю, мы пераконваемся ў тым, наколькі значны ўклад зрабілі нашы славутыя землякі – асветнікі, навукоўцы, літаратары, музыканты, мастакі – у сусветную духоўна-культурную скарбніцу.

На гэты раз сталіцай святкавання Дня пісьменства стаў старажытны Полацк – калыска нашай дзяржаўнасці. Сёлета горад адзначае 1155-годдзе. Менавіта тут нарадзіўся вялікі Францыск Скарына, які 500 гадоў таму надрукаваў першую беларускую кнігу.

Друкаванае слова, веды, любоў да роднай зямлі былі і застаюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, яго нястрымнага імкнення да свабоднага і справядлівага жыцця.

Прадстаўнікі больш чым 20 краін свету сабраліся ў Полацку на Дні пісьменства. Гэтую лічбу агучыла журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, якая прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах у Полацку.

Лілія Ананіч падкрэсліла значнасць скульптурнай кампазіцыі, якая ўрачыста адкрылася ў сталіцы Дня беларускага пісьменства. «Кампазіцыя «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» – велічны высокамастацкі твор», – адзначыла яна.

Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі стала адным з ключавых момантаў праграмы свята. Памятны знак у Полацку ўсталяваны на беразе Заходняй Дзвіны каля Сафійскага сабора. Кампазіцыя складаецца з дзвюх частак – бронзавай і гранітнай. У бронзе адліты шчыты з партрэтамі выбітных гістарычных асоб, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. У іх ліку князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая. На адваротным баку – важныя гістарычныя даты і культурныя каштоўнасці, такія як Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Крыж Ефрасінні Полацкай.

Унікальны мастацкі праект «Тры Сафіі» прэзентаваны на Дні пісьменства ў Полацку.

Праект, арганізаваны Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД, у Полацку прадставіў спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Сутнасць праекта ў тым, што маладыя мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны падчас сумесных пленэраў адлюстравалі на сваіх палотнах Сафійскія саборы ў Вялікім Ноўгарадзе (Расія), Полацку (Беларусь) і Кіеве (Украіна).

«Тры Сафіі» – гэта адно з мерапрыемстваў міжнароднага гуманітарнага праекта «Мінская ініцыятыва». Старт яму быў дадзены ў пачатку снежня 2014 года ў Мінску. Гэта была сустрэча дзеячаў культуры Беларусі, Украіны, Расіі. «Нягледзячы на ўсе складанасці, хацелася захаваць тое каштоўнае, што было ў нашых адносінах. Тры вялікія славянскія народы развіваліся разам, культуры іх пераклікаліся, былі цесна звязаны. Мудрасць Сафій павінна злучаць нашы народы, – перакананы Міхаіл Швыдкой. – Францыск Скарына быў асветнікам, які даў штуршок развіццю кнігадрукавання ў нашых краінах. І гэта вельмі важнае сведчанне таго, што кніга – гэта аб’яднальнік народаў».

Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» 2016 года ўшаноўвалі ў Полацку.

Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор прозы» стала пісьменніца Людміла Рублеўская – за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». У намінацыі «Лепшы твор паэзіі» перамог Анатоль Аўруцін за кнігу паэзіі «Прасвятленне», у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» – Міхаіл Пазнякоў за кнігу «Возера Дзіва». Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор драматургіі» стаў Васіль Ткачоў за зборнік п’ес «Характары». Аўтарам лепшага твору публіцыстыкі журы прызнала Зіновія Прыгодзіча за зборнік «Постаці». «Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій творчасці пісьменніка» Валерыя Назарава перамог у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Перамогу ў намінацыі «Лепшы дэбют» атрымала Маргарыта Латышкевіч са зборнікам «Яблыкі». Усім пераможцам уручаны дыпломы і сімвалы прэміі.

Лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі павіншавалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» закранулі самыя патаемныя пачуцці слухачоў і членаў журы. Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў.

Лілія Ананіч таксама выказала ўпэўненасць, што і ў наступным годзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці конкурс «Жывая класіка» стане такім жа яркім і запамінальным, як у Полацку.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>