Свята для «Уладароў Стаўбцоўшчыны»

Filed under: Нумары,Соцыум,Сям'я |

0909b

У мінулы нядзельны дзень на стадыёне «Юнацтва» ў Стоўбцах сабраліся сем’і, якія жывуць у вёсцы, каб у адкрытым спаборніцтве пазмагацца за званне «Уладара Стаўбцоўшчыны». Нягледзячы на тое, што званне атрымала толькі адна сям’я – Віталя і Вольгі Калдузавых з ААТ «Агранёманскі», – пераможаных у гэтым конкурсе не было.

Для ўдзелу ў раённым этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які праводзіцца пад эгідай БРСМ ужо дзясяты раз, прыехалі чатыры сям’і, і кожнай з іх у першую чаргу варта падзякаваць за смеласць, імкненне паказаць сваю здатнасць. Незалежна ад набраных балаў выступленне кожнай сям’і было дастойным. І ў гэтым, несумненна, вялікая заслуга старшыняў прафкамаў, ідэолагаў ААТ «Дзераўное», ААТ «Жацерава», ААТ «Агранёманскі», прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», якія знаходзіліся побач з сем’ямі з гаспадарак і падчас конкурсу, перажывалі за іх і падтрымлівалі.

З прывітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Загдай.

– Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, і мы хацелі б аздобіць яе такім святам, як конкурс «Уладар сяла». Таму і праводзім яго чарговы раз, – падкрэсліў Іван Міхайлавіч. Ён узначаліў журы, у складзе якога таксама працавалі старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Тамара Калошыч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, галоўны бухгалтар райкама ГА «БРСМ» Марына Сапега.

Пляцоўку ля стадыёна ўпрыгожылі чатыры імправізаваныя падворкі – адзін лепшы за другі. З выстаўкай тканых вырабаў і вышыванак, дамашнімі саленнямі ды марынаваннямі, духмянай выпечкай. Гаспадары падворкаў разам з дзецьмі ў прыгожых нацыянальных строях сустракалі гасцей з песнямі і караваямі.

Імправізацыю арганізавала на сваім падворку сям’я Калдузавых з Драздоў. Высветлілася, што раніца ў іх доме пачынаецца пад квактанне курэй, у бадзёрым тэмпе. Віталь спяшаецца на сваю вадзіцельскую працу, Вольга – у кантору ААТ «Агранёманскі», дзе працуе вядучым юрысконсультам, а іх сыну, пяцікласніку Станіславу, фактычна патрэбна паспець у дзве школы – агульнаадукацыйную і дзіцячую школу мастацтваў. Хлопчык вучыцца іграць на баяне, фартэпіяна, гітары, а яшчэ – прыглядаецца да хобі свайго бацькі, які з металу робіць дэкаратыўныя рэчы. Падчас конкурсу кампанію Станіславу склала яго стрыечная сястра Софія. Для сям’і Калдузавых Стаўбцоўшчына стала лёсам: Віталь родам з Ляхавіцкага раёна, яго жонка – з горада Тальяці Самарскай вобласці.

Ад усёй Дзераўной прывезлі прывітанне яе карэнныя жыхары Віталь і Алена Кутасы, іх дачушкі Надзея і Софія. Сям’я Кутасаў дружная, працавітая. Віталь – механізатар, Алена – памочнік брыгадзіра на МТК «Заброддзе». У ААТ «Дзераўное» шчыравалі і іх бацькі. «Мы ад іх перанялі эстафету», – заўважае Алена Аляксандраўна. На конкурс сям’я прыехала з важкім куфэркам і калі адчыніла яго, то ўсе ўбачылі прыгожы сюрпрыз – беласнежныя шары-сэрцайкі. «Ляці, ляці, наша любоў!», – з такімі словамі сям’я адправіла іх у падарожжа над Стоўбцамі. А дачушкі-пястушкі ўручылі гасцям арыгінальныя салодкія падарункі.

Дружным гуртам, адзін за адным, крочыла на сцэну шматдзетная сям’я Казлоўскіх са Слабады. Тата, мама і пяцёра дзетак. Самая маленькая, дачушка Софія, – яшчэ немаўля. Усе хораша расказвалі адзін пра аднаго. «Наша сям’я – нібыта вясёлка, кожны яе колер сябруе адзін з другім, адзін без другога не можа».

Аграгарадок Горкі прадставіла сям’я Міхаіла і Наталлі Саўген. «Мы – паляводы», – з гордасцю казалі муж і жонка, якія не баяцца ніякой работы. Гэта ведаюць і трое іх дзяцей – Вольга, Вікторыя і Арцём, якія дапамагаюць бацькам спраўляцца з дамашняй гаспадаркай. На іх падворку водзіцца разнастайная жывёла, птушка. Пра гэта мы даведаліся з іх галасістых прыпевак. А яшчэ пра тое, што Наталля Міхайлаўна захапляецца спортам, выступала ад ААТ «Жацерава» на раённых спаборніцтвах.  

Творчы і кулінарны конкурсы былі, так бы мовіць, дамашняй загатоўкай, а вось спартыўна-жартоўная эстафета, запраганне і распраганне каня, вязанне бярозавага веніка сталі для бацькоў экспромтам, для гледачоў – яркім відовішчам. Удзельнікі ў літаральным сэнсе падстаўлялі адзін аднаму плячо, падавалі ў патрэбны момант руку, а дзеці гучна падтрымлівалі іх. Вясёлае свята не сапсаваў нават дождж. Праўда, з-за надвор’я прыйшлося адмяніць адзін планавы конкурс, звязаны з нарыхтоўкай дроў.

Самым хвалюючым момантам свята стала падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне. Першымі былі заахвочаны салодкімі падарункамі самыя юныя яго ўдзельнікі – дзеці. Бацькам уручылі граматы і падарункі ад раённага камітэта БРСМ. Прыемна тое, што павіншавалі і адзначылі свае сем’і сельгаспрадпрыемствы. Выконваючы абавязкі дырэктара прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр» Мікалай Балабановіч асабіста прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання.

Па выніках конкурсу, як ужо было сказана вышэй, «Уладаром Стаўбцоўшчыны» названа сям’я Віталя і Вольгі Калдузавых з ААТ «Агранёманскі». Пераможцы атрымалі суперпрыз – падарункавы сертыфікат на атрыманне цяляці, а таксама права прадстаўляць наш раён у абласным этапе конкурсу, які пройдзе 14 верасня ў Капылі. У сваім першым інтэрв’ю сям’я Калдузавых звярнула ўвагу на тое, што гэты конкурс яшчэ больш аб’яднаў іх і пасля яго ў сям’і з’явіцца новая традыцыя, і гэта будзе ўдзел у розных іншых конкурсах.

За дапамогу ў правядзенні конкурсу першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская выказала падзяку дырэкцыі лясгаса, фізкультурнікам раёна Анатолю Галаўко, Юрыю Кручку і Мікалаю Мазуру, жыхару Старога Свержаня Міхаілу Васільевічу Печанко і, безумоўна, спонсарам – раённай арганізацыі Аграпрамысловага саюза, райкаму прафсаюза работнікаў АПК.

На здымках: сюрпрыз з куфэрка ад сям’і Кутасаў; сям’я Калдузавых – пераможца конкурсу; конкурс запрагання і распрагання каня; дамашнія прысмакі; чый венік лепшы; жартоўная эстафета.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>