Гаспадарам у Свержані рады

1309b

У цэнтры Новага Свержаня, побач з рэспубліканскай аўтадарогай Івянец–Пяршай–Нясвіж, тэрыторыя плошчай каля трох гектараў на вачах набывае новы імідж.

– Радасна назіраць, што нарэшце адшукаўся гаспадар у вялікай тэрыторыі, на якой раней знаходзіўся філіял ААТ «Маладзечналес». За шэсць гадоў адсутнасці ўсякай вытворчай дзейнасці яна прыйшла ў заняпад, пакрылася зараснікамі, хоць неаднаразова арганізоўваліся работы па навядзенні парадку. Знешне нешта змянялася, ды і толькі. Гаспадарскую руку ні з чым не зблытаеш, – заўважае старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль БОГДАН.

– Сёлета гэтую тэрыторыю выкупіла з аукцыёну прыватная фірма з Дзяржынска «У Міколы». У яе планах – пашырэнне бізнесу, звязанага з аптовым продажам будаўнічых матэрыялаў. На даны момант вядзецца будаўніцтва ангараў для іх захоўвання, адноўлена чыгуначная ветка. Але пачатак усяму напрыканцы вясны быў пакладзены менавіта з добраўпарадкавання.

Тэрыторыя ў першую чаргу была абкошана, выразаны аварыйныя дрэвы. Цяпер актыўнымі тэмпамі вядуцца работы па агароджванні. Далей, думаю, будзе яшчэ лепш. Пра новага гаспадара хочацца заўважыць, што ён не адмаўляе сельвыканкаму ў дапамозе з навядзеннем парадку і навокал, за межамі сваёй тэрыторыі.

– Праз дарогу ад тэрыторыі прыватнай фірмы размешчаны Навасвержанскі лесазавод, і ён таксама пачаў замену агароджы.

– Вакол лесазавода была бетонная агароджа, цяпер яе мяняюць на драўляную. Па агароджы адразу будзе бачна, што гэта – дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

– Анатоль Яўгенавіч, калі едзеш па Новым Свержані, бачыш шмат дамоў з таблічкамі «Прадаецца». Большасць іх – пустыя, без гаспадароў. Як уплывае гэта на навядзенне парадку ў вёсцы?

– Дамоў, якія спадчыннікі хацелі б прадаць, сапраўды шмат. І, калі цану не «заломваюць», то пакупнікі хутка знаходзяцца. Новы Свержань тут у выйгрышным становішчы: цэны на жыллё адносна невысокія, а з’яўляецца прыгарадам з добрай транспартнай інфраструктурай, інжынернымі камунікацыямі. Дзе дамы пустуюць, ушчыльную працуем са спадчыннікамі. У першую чаргу просім, каб абкошвалі прылеглую тэрыторыю. Абыходзілі вуліцы разам з участковым інспектарам міліцыі Андрэем Клочкам. Нядбайным гаспадарам выдадзены 12 прадпісанняў, складзены два адміністрацыйныя пратаколы.

Падзвіжкі прыкметныя. На цэнтральнай вуліцы многія вяскоўцы абнавілі свежай фарбай платы, з’явілася шмат новых платоў, варот. Напрыканцы мінулага года сельскі Савет набыў бензакасу для абкошвання пустыроў. Вакол могілак у сёлетнім сезоне ўжо абкошвалі чатыры разы.  

– Пафарбавана бетонная агароджа вакол могілак.

– Уручную не сталі гэтага рабіць з-за вялікага аб’ёму работы, а з дапамогай спецыяльнай машыны. Так хутка, і фарба добра кладзецца, эканомны расход яе. Гэтыя паслугі аказаў мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Анатоль Логвін.

Пасля дажджоў многія вуліцы, асабліва тыя, што размешчаны на ўзгорках, размыла. Іх трэба падсыпаць, грэйдзіраваць. Звярнуліся з хадайніцтвам у ДРБУ № 135. Раней гэтай арганізацыяй была капітальна адрамантавана частка вуліцы Трактарнай. Будзем спадзявацца, што ў далейшым удасца закальцаваць дарогу да школы асфальтабетонным пакрыццём. Безумоўна, на гэта трэба сродкі, і немалыя. Пакуль ёсць дамоўленасць з дарожнымі арганізацыямі аб падсыпцы пад’ездаў да школы і дзіцячага сада асфальтагранулятам. На восень плануем работы па спілоўванні аварыйных дрэў.

– Якія сродкі прадугледжаны на добраўпарадкаванне ў сельвыканкаме?

– Падспор’ем служаць сродкі, якія паступілі на рахунак сельвыканкама ад раённага суботніка. За кошт іх мы абкошваем пустыры, аплацілі фарбу і паслугі па пафарбоўцы агароджы могілак. Зрабілі яшчэ адну важную справу – хімічную «праполку» тэрыторый, занятых баршчэўнікам Сасноўскага. Апрацоўка вялася хімікатам, які не нясе небяспекі для жывой прыроды. У мінулыя гады мы настойліва змагаліся з баршчэўнікам метадам скошвання, прычым па 3-4 разы за сезон, але гэта аказалася не так эфектыўна. І, акрамя таго, вясною быў шырокі разліў Жацераўкі, і небяспечнае насенне разнеслася на значна большыя плошчы. Дамовіліся аб паўторнай хімічнай апрацоўцы гэтых тэрыторый вясной наступнага года.  

– Хто аказаў найбольшую дапамогу ў добраўпарадкаванні?

– Па выніках раённага суботніка і зробленых пералічэнняў лідзіруе ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (дырэктар – Сяргей Мельнік, які пры неабходнасці выдзяляе тэхніку і рабочых для вывазу смецця з могілак, дапамагае з абкосам пустыроў.

Дзякуй за пералічаныя сродкі райветстанцыі, цэнтру павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, Навасвержанскаму лесазаводу. Сярод індывідуальных прадпрымальнікаў значны ўклад зрабіў Віктар Гарбар. Ён выкупіў на тэрыторыі сельсавета будынак былой фермы райспажыўтаварыства, працуе над акультурваннем яе тэрыторыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>