І будні, і святы

Старастам вёскі Мархачоўшчына мяне выбіраюць ужо некалькі скліканняў запар. Магчыма таму, што ніколі не была абыякавай да жыцця сваіх аднавяскоўцаў, да іх праблем і запытаў.

У вёсцы пражываюць 312 чалавек, з іх 96 чалавек, ці 30 працэнтаў, пенсійнага ўзросту, 174 чалавекі, ці 55 працэнтаў, – працаздольныя, 42 дзіцяці.

Сёння Мархачоўшчына жывая, дагледжаная, асабліва папрыгажэла пасля таго, як было праведзена свята вёскі. Усе аб’екты, што не выкарыстоўваліся, пустуючыя дамы былі знесены. Закінутыя зямельныя ўчасткі ачышчаны ад хмызняку, старых садоў і ўключаны ў абарот.

Нельга сказаць, што добраўпарадкаванне не рабілася раней. Але да свята была асабліва праведзена работа з насельніцтвам. На агульных сходах, якія праводзіў сельвыканкам, стараліся давесці, што такія святы, якія прайшлі на тэрыторыі сельсавета, патрэбны ў першую чаргу самім жыхарам. Гэта вымушае кожнага паглядзець на сваю сядзібу, штосьці перарабіць, паднавіць, замяніць, пафарбаваць. Ну і, вядома, той факт, што падчас свята кіраўнікі ўсіх устаноў, прадпрыемстваў, дзе працавалі нашы пенсіянеры, успамінаюць ветэранаў працы і дзякуюць за работу, надае ім жыццёвай сілы і ўпэўненасці.

Вёска газіфікаваная, таму ўсе дамы ў асноўным выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Калі застаецца дом пасля бацькоў, то цяпер ён ці выкарыстоўваецца спадчыннікамі для сезоннага пражывання, ці прадаецца. Сёння ў нас 21 такі дом. І прыемна, што дачнікі таксама стараюцца трымаць сваё жыллё і гаспадарку ў парадку, абнаўляюць, мяняюць платы. На заўвагі рэагуюць станоўча.

Усе гады ў якасці старасты працую ў цесным кантакце з сельвыканкамам. Таму ўся неабходная інфармацыя для насельніцтва ў поўнай меры і своечасова даносіцца да жыхароў вёскі. З’яўляюся членам аглядавай камісіі, хоць і знаю практычна кожнае домаўладанне і кватэру, ведаю, як там жывуць людзі. Але два разы на год сумесна з членамі камісіі наведваем сем’і рызыкі. На жаль, такія ў нас ёсць. Дзве сям’і стаяць на ўліку як нядобранадзейныя, дзве сям’і са схільнымі да ўжывання спіртнога пражываюць з састарэлымі бацькамі. Трое чалавек знаходзяцца на надомным абслугоўванні.

Пытанні добраўпарадкавання грамадзянскіх могілак стараемся вырашаць сіламі насельніцтва. Скошванне травы, уборку аварыйных дрэў правялі самі жыхары, аб’яднаўшыся ў групы, выклікалі і спецыяліста, сабраўшы грошы. Дапамогу тут аказвае і сельвыканкам, і мясцовае сельгаставарыства.

Са з’яўленнем урача ў Вішнявецкай амбулаторыі наладжана добрае медыцынскае абслугоўванне. Штотыднёва на наш ФАП прыязджаюць урач, акушэрка, лабарант, якія праводзяць абследаванні. Да тых, хто не можа прыйсці да медыкаў, гэтая брыгада едзе дадому. Адным словам, можна вырашыць неадкладныя праблемы на месцы.

Гандлёвае абслугоўванне забяспечваецца магазінамі райспажыўтаварыства і прыватніка. Першы названы ўступае другому ў асартыменце. Сувязь з райцэнтрам ажыццяўляецца чатырма рэйсамі аўтобуса Стоўбцы–Галавенчыцы. Пошта дастаўляецца штодзённа, ёсць магчымасць правесці ўсе неабходныя аплаты.

Але, зразумела, вёска не жыве без праблем. Цяпер у нас складанасці з вывазам аб’ёмных адходаў. Да смеццевых кантэйнераў часам выносяць буйнагабарытныя старыя рэчы – канапы, халадзільнікі, шафы. А вываз праводзіцца толькі раз у месяц.

У вёсцы водаправод, якому ўжо больш за 30 гадоў. За гэты час і вёска разбудавалася, і аб’ёмы спажывання вады павялічыліся. Даволі часта здараюцца парывы старых труб, не хапае ціску. Пакуль гаспадарка стараецца своечасова ліквідаваць няспраўнасці.

Часлава ДУШКЕВІЧ,стараста вёскі Мархачоўшчына Вішнявецкага сельсавета

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>