Добрыя пачуцці з дзяцінства

Filed under: Адукацыя,Нумары |

Большую частку ўражанняў чалавек выносіць са свайго дзяцінства. Менавіта дашкольны ўзрост прадстаўляе спрыяльныя перспектывы фарміравання ў дзяцей патрыятычных пачуццяў.    

Педагогі нашага дзіцячага сада праводзяць мэтанакіраваную работу па выхаванні грамадзянскай культуры асобы кожнага выхаванца. Найважнейшым накірункам педагагічнай дзейнасці з’яўляецца выхаванне ў дашкольнікаў разумення і прыняцця сваёй роднай культуры, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці.

Далучэнне дашкольнікаў да народнай творчасці, гісторыі краіны вызначаецца ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі – раздзел «Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё», адукацыйная вобласць «Дзіця і грамадства». Сродкамі патрыятычнага выхавання дашкольнікаў з’яўляюцца гульнявая, пазнавальная, мастацкая дзейнасць.

Педагогі дзіцячага сада адукацыйны і выхаваўчы працэс ва ўсіх узроставых групах арганізуюць і праводзяць на роднай беларускай мове. Сярод разнастайных формаў работы варта выдзеліць пазнавальныя гутаркі ў вольнай форме «Я – беларус», «Родная матчына мова», «Усе работы добрыя, выбірай на густ», «Што значыць быць культурным чалавекам», эцюды «Любячыя бацькі», «Бабуліны далоні», «Мой лепшы сябар», «Падзякуем за падарунак» і іншыя, тэматычныя экскурсіі і прагулкі па вуліцах вёскі і ва ўстановы аграгарадка, сумесную дзейнасць педагога з дзецьмі, самастойную дзіцячую дзейнасць, назіранні, разглядванні тэматычных альбомаў «Прырода Беларусі», «Птушкі роднага краю», «Звяры беларускіх лясоў» і інш., набораў паштовак з відарысамі сталіцы «Агні Мінска» , «Гістарычныя помнікі Беларусі», альбомаў «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», «Белавежская пушча», «Народнае і прыкладное мастацтва Беларусі», сямейных альбомаў. На занятках па развіцці маўлення дзеці завучваюць хуткамоўкі, чыстагаворкі, вершы, вучацца адгадваць загадкі, самі спрабуюць скласці загадкі, дражнілкі. Мы далучаем іх да фальклору ва ўсіх яго праяўленнях (пацешкі, казкі, лічылкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі і інш.). Дзякуючы ім дзеці пачынаюць разумець прыгажосць беларускага слова, незвычайны каларыт беларускіх песень, хараство карагода. Свет казак, песень, карагодных гульняў зразумелы дзецям з маленства, таму што адпавядае іх светаўспрыманню, мысленню.

Дзеці з радасцю ўдзельнічаюць у народных святах «Багач», «Гуканне вясны», «Калядкі», «Масленіца», «Саракі». Праз удзел у іх у дзяцей фарміруюцца і выхоўваюцца пачуцці калектывізму, узбагачаецца эмацыянальны стан, забяспечваецца пазітыўнае эстэтычнае ўздзеянне, пашыраецца слоўнікавы запас, развіваецца маўленне.

Нельга не адзначыць станоўчую ролю кніжных куткоў, якія змяшчаюць дзіцячую мастацкую літаратуру. Выхавацелі арганізуюць тэматычныя выставы дзіцячай літаратуры па запланаванай тэме тыдня, да юбілеяў. Педагогі актыўна карыстаюцца такім прыёмам, як арганізацыя чытання мастацкіх твораў, навуковай літаратуры (энцыклапедый) і гутарак па прачытаным, прыдумвання гісторый па кніжных малюнках, фантазіраванне на этычныя тэмы.

Выхаванцам вельмі падабаюцца спартыўныя гульні, беларускія народныя гульні «Люстэрка», «Адгадай, чый галасок», «Пляцень»; гульні-карагоды «Грушка», «Маша»; гульні-забавы «Вожык», «А мы проса сеялі» і іншыя. Сюжэтна-ролевыя гульні спрыяюць сацыялізацыі дашкольнікаў. У кожнай узроставай групе ёсць атрыбуты для арганізацыі самастойных сюжэтна-ролевых гульняў «Сям’я», «Магазін», «Пошта», «Бібліятэка», «Атэлье» і інш. Вельмі падабаюцца дашкольнікам гульні-тэлеперадачы «Турыстычнае агенцтва», «Салон народных рамёстваў», творчыя гульні «Калі б я быў чараўніком», «Чароўныя пераўтварэнні ў маёй вёсцы» і інш. Нельга не адзначыць значнасць у выхаванні маленькага грамадзяніна такой формы работы, як спартыўная гульня «Смелыя, моцныя, лоўкія», якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. У гэтым спартыўным свяце заўсёды прымаюць удзел таты і будучыя абаронцы, хлопчыкі. Сумесная дзейнасць дарослых і дзяцей не толькі яднае сем’і, але і выхоўвае пачуццё гонару за блізкага чалавека, развівае пачуццё салідарнасці з роднымі і блізкімі, падымае эмацыянальны настрой як удзельнікам гульні, так і гледачам.

Шырока выкарыстоўваецца педагогамі бытавая і працоўная дзейнасць у працэсе грамадска-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў. Сталі звыклымі працоўныя акцыі – «Аб’яўляем вайну беспарадку», «Школа рамонту», «Кніжчына бальніца», «Самы прыгожы кветнік», «Зярнятка», «Чыста там, дзе не смецяць» і іншыя. Эфектыўна выкарыстоўваецца такі метад выхавання, як працоўнае даручэнне. З самага маленства ў дзяцей выхоўваюцца станоўчыя адносіны да працы, жаданне дапамагчы дарослым і аднагодкам, фарміруецца сацыяльна-псіхалагічная гатоўнасць да працоўнай дзейнасці. Практыкуецца выраб цацак, кніжак-самаробак, вырабаў на падарункі выхаванцам іншых груп, догляд пакаёвых раслін.

Сюрпрызныя моманты (прыход у групу казачнага героя, атрыманне ліста, бандэролі з пэўным заданнем і т. п.) , элементы навізны (новы наглядны матэрыял, перастаноўка мэблі, арганізацыя тэматычнай выставы, новыя цацкі, правядзенне заняткаў у іншым памяшканні і інш.) узмацняюць эмацыянальную настроенасць дзіцяці на пазнанне, у тым ліку – сацыяльнага свету.

Важным напрамкам у азнаямленні дзяцей з роднай краінай і выхаванні асноў патрыятызму з’яўляецца прырода. На тэрыторыі дашкольнай установы арганізавана экалагічная сцяжынка. Гаспадар сцяжынкі – Лесавічок – прапануе выхаванцам разнастайныя і абавязкова пазнавальныя гульні-заняткі. Дзеці праводзяць назіранні, доследы, выконваюць працоўныя дзеянні, гуляюць у рухомыя і развіваючыя гульні. Якую б дзейнасць дзяцей ні планаваў выхавальнік, заўсёды прысутнічае трыадзінства задач – развіваючай, адукацыйнай і выхаваўчай.

Валянціна ЕРМАКОВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Старасвержанскага дзіцячага сада                

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>