Першы настаўнік

Filed under: Нумары,Шлях Коласа |

2009c

Здавалася б, біяграфія народнага песняра вывучана падрабязна, дэталёва. А ўсё тое, нават нязначнае, што знаходзяць даследчыкі і біёграфы, што хоць крыху мае адносіны да жыццяпісу паэта, адразу ж унітоўваецца ў яго біяграфічныя весткі.

Так, сёння (даюць школьныя падручнікі і альбомы) лічыцца, што першым настаўнікам Якуба Коласа быў Іван Васільевіч Міцкевіч. Ды і аўтабіяграфія Канстанціна Міхайлавіча як быццам пацвярджае гэта: «Першая навука вялася дома. Я і два старэйшыя браты вучыліся дома дзве зімы ў аднаго «дарэктара» – вясковага хлопчыка, скончыўшага пачатковую школу, якога бацька наняў за тры рублі на зіму». Так І. В. Міцкевіч быў настаўнікам будучага паэта, але не першым, і не дзве зімы, а толькі адну. Памяць малога Кастуся захавала гэтую зіму і так прыгожа апаэтызавала яе ў паэме «Новая зямля». А хто ж быў першым настаўнікам Якуба Коласа?

Якуб Колас лічыў, што лепшай кнігай з’яўляецца жыццё, а вобразы для кожнага твора можна маляваць з тых людзей, якіх добра ведаў. Таму амаль за кожным прататыпам яго твораў стаіць канкрэтная асоба. Нават за Сымонам-музыкам стаіць сам паэт, які выдатна іграў на скрыпцы. Праўда, фантазія і мастацкі вымысел змянялі характар ці жыццёвыя абставіны героя.

Доктар філалагічных навук С. Александровіч у кнізе «Гісторыя і сучаснасць» пісаў: «Першым настаўнікам Я. Коласа быў «дарэктар» Фурсевіч з Галавенчыц, што знаходзілася непадалёку ад Мікалаеўшчыны. На жаль, захаваліся вельмі скупыя звесткі пра першага настаўніка. Вядома толькі, што Фурсевіч быў гадоў на чатыры-пяць старэйшы за свайго вучня, вучыўся пасля ў Нясвіжскай семінарыі, працаваў на Палессі настаўнікам, сустракаўся з Я. Коласам і стаў прататыпам Турсевіча – аднаго з вобразаў трылогіі «На ростанях». Даследчык грунтаваўся не толькі на ўспамінах сясцёр і брата Я. Коласа. Ведаючы пісьменніцкую дакладнасць апісання жыццёвых фактаў, такую выснову можна зрабіць, чытаючы радкі з трылогіі «На ростанях»: Лабановіч у хаце падлоўчага гаворыць: «Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, аднае воласці. Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў. Ён не толькі вядзе добра справу ў школе, але і многа працуе над самім сабою; чалавек многа чытаў і многа думаў. Гэта адзін з тых маіх сяброў, якіх я вельмі шаную і паважаю… Ён старэйшы ад мяне гадоў на чатыры. Калі ён скончыў першую школку, то я яшчэ пачынаў толькі вучыцца. Ён цэлую зіму быў маім дарэктарам, маім і маіх братоў». Хто ж ён, «дарэктар» Фурсевіч?

Аляксандр Юстынавіч Фурсевіч нарадзіўся 22 кастрычніка 1877 года ў в. Галавенчыцы Мінскага павета. Яго бацька Юстын Дамінікавіч, малазямельны селянін, памёр ад сухот, калі сыну было два гады. Маці, Соф’я Вікенцьеўна праз два гады выйшла замуж, а малы Саша выхоўваўся ў бабулі па маці, якая жыла недалёка, у мястэчку Новы Свержань. З сямі год хлопчык летам пасвіў каровы, а зімой вучыўся ў пачатковым вучылішчы.

У 1890 годзе сям’я Міхала Міцкевіча пераехала ў Альбуць. Бацька імкнуўся даць адукацыю сваім дзецям. Але як гэта зрабіць? Леснічоўка ад Мікалаеўшчыны – кіламетраў сем. Хто згодзіцца суровай зімой цягнуцца сюды, у такую глухамань? Хіба што знайсці каго з Новага Свержаня? Мястэчка ад Альбуці, калі ісці прамком праз Нёман, знаходзіцца за кіламетры чатыры. Напытаў знаёмых, і лесніку падказалі, што ёсць хлопчык, які закончыў пачатковую школу. Здольны як да граматы, так і да арыфметыкі. Угаворваць Сашу не давялося: як-ніяк, а ўсё ж нейкія заробкі, ды і харч бясплатны. Так, зіму 1890-1891 года Аляксандр Фурсевіч вучыў дзяцей Міхала грамаце. І сярод іх быў Костусь, будучы народны паэт.

На другую зіму Аляксандр не змог працягваць навучанне дзяцей Міхала: захварэла бабуля, і гаспадарка лягла на плечы хлапчука.

Калі споўнілася 13 гадоў, Саша Фурсевіч пайшоў у заробкі на сплаў плытоў па Нёмане ў Гродню і Коўна. Але цяга да вучобы не гасла, і ў 1894 годзе ён паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова закончыў. Затым па накіраванні пачаў працаваць у Лагішынскім народным вучылішчы Пінскага павета. Летам 1898 года, выкарыстаўшы перапынак у занятках, Аляксандр Юстынавіч закончыў курсы па тэарэтычным і практычным садоўніцтве і агародніцтве пры Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школе, а з восені зноў вучыў у Лагішына. У 1900 годзе Фурсевіча пераводзяць у Люсінскае народнае вучылішча, у якім ён працуе два гады. За добрую работу загадам Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў яму была аб’яўлена падзяка. А ў Люсінскае народнае вучылішча пасля Фурсевіча прыходзіць працаваць Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.

Далей Аляксандр Фурсевіч працуе ў Любашаўскім народным вучылішчы Слуцкага павета, а з лютага 1906 года ён загадчык двухкласнага земскага вучылішча ў Рэчыцы.

Вось тут і разышліся, відаць, ідэйныя погляды Фурсевіча і Коласа (Максіма Юстынавіча Турсевіча і Андрэя Пятровіча Лабановіча). Канстанцін Міхайлавіч, так, як і астатнія ўдзельнікі першага настаўніцкага з’езда 1906 года, лічыў, што з існуючым ладам трэба змагацца шляхам рэвалюцыйнай барацьбы, аб чым і было запісана ў адным з пунктаў пратакола з’езда. Фурсевіча не было сярод удзельнікаў з’езда: ён лічыў, што просты народ трэба весці да шчаслівай долі шляхам адукацыі. Напэўна, Якуб Колас і зыходзіў з гэтага, калі ў трылогіі падкрэсліў імкненне Турсевіча да спакою і ўласнага дабрабыту. Але не будзем забываць, што Турсевіч – усё ж мастацкі вобраз, а Фурсевіч – жывы чалавек. І калі ў рамане разышліся «іхнія дарогі ў розныя бакі», то ў жыцці было інакш.

У 1906 годзе Аляксандр Фурсевіч паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, які закончыў у 1909 годзе з адзнакай, і Я. Колас, бываючы ў Вільні ў 1906 і 1907 гадах, сустракаўся з Фурсевічам.

Нейкі час Аляксандр Юстынавіч працуе настаўнікам чатырохкласнага гарадскога вучылішча ў Гродне, інспектарам Васількаўскага вышэйшага пачатковага вучылішча недалёка ад Беластока, загадчыкам Буйскага двухкласнага вучылішча Вяцкай губерні, а пасля чаго зноўку прыехаў у родную Беларусь. Спачатку настаўнічаў у Койданаўскай школе, а пасля загадваў Самахвалавіцкай сямігадовай школай, што непадалёк ад Мінска. У канцы 1923 года Фурсевіч быў накіраваны ў Мінск на вышэйшыя курсы беларусазнаўства. Пасля заканчэння курсаў назначаецца выкладчыкам прадметаў беларусазнаўства ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Адначасна да 1932 года працуе загадчыкам першай сямігодкі ў Мсціслаўі. Вось тут зноў блізка сыходзяцца шляхі Я. Коласа і Фурсевіча.

Летам 1925 года Фурсевіч, падымаючы цяжар, надарваўся і злёг у бальніцу. Аперацыя прайшла не вельмі ўдала. Канстанцін Міхайлавіч, уведаўшы пра гэта, выклікаў з Мінска лепшых дактароў, дапамог з лекамі. Паўторная аперацыя была паспяховай. «Ён мяне выратаваў ад смерці», – успамінаў пазней Аляксандр Юстынавіч. А ў снежні ў школе, дзе працаваў Фурсевіч, была наладжана сустрэча з Якубам Коласам.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. А. Ю. Фурсевіч працуе рахункаводам калгаса «Ударнік палёў» Уржумскага раёна, пасля – бухгалтарам дзіцячага дома, настаўнікам матэматыкі Пустапольскай СШ недалёка ад Уржума.

Ішоў восьмы дзясятак гадоў. Здароўе пагоршылася, і Аляксандр Юстынавіч вымушаны быў пайсці на пенсію. Да апошняга часу ён займаўся гаспадаркай, часта выступаў перад вучнямі. Памёр А. Ю. Фурсевіч 18 сакавіка 1965 года.

Пошукі слядоў першага настаўніка Я. Коласа прывялі мяне ў г. Уржум, на радзіму С. М. Кірава. Тут я і сустрэўся са сваячкай Аляксандра Юстынавіча Нінай Канстанцінаўнай Вішнеўскай (дзявочае прозвішча Фурсевіч ). Яна захавала не толькі дакументы жыцця і дзейнасці А. С. Фурсевіча, але і той факт, што ён перапісваўся з Я. Коласам. Ці чытаў Аляксандр Юстынавіч трылогію «На ростанях»? Вядома, чытаў. І некаторы час крыўдзіўся на свайго вучня за тое, што вывеў Турсевіча ў рамане такім. Пасля прымірыўся, бо Колас пісьмова растлумачыў яму, што Турсевіч – мастацкі вобраз. Пісем народнага паэта ў яе няма. Магчыма, яны захаваліся ў дачкі А. Ю. Фурсевіча, а можа, і прапалі…

Вось такія звесткі пра чалавека, які быў першым настаўнікам народнага песняра.

На здымку з фотаальбома Фурсевічаў — Аляксандр Юстынавіч з жонкай і дзецьмі.

Алесь КАМАРОЎСКІ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>