Удалыя выступленні

Filed under: Нумары,Спорт |

2009a

ПРЫЗАВЫ ПАЛЁТ «СКУРАНОГА МЯЧА»

Каманда «Нёман» са Стоўбцаў сваім юніёрскім саставам з рабят 2007-2008 гадоў нараджэння стала прызёрам рэспубліканскага турніру па футболе «Скураны мяч».

Гэтыя футбольныя спаборніцтвы маюць доўгую і слаўную гісторыю. Сярод тых, хто падаў ідэю заснавання масавага турніру дзіцячых дваровых камандаў, былі славутыя футбалісты, чэмпіёны Еўропы 1960 года Леў Яшын, Ігар Нета, Віктар Панядзельнік. А першым чэмпіёнам «Скуранога мяча» стала каманда «Чайка» з Мінска. Гэта быў значны поспех – у розыгрышах турніраў юных футбалістаў Савецкага Саюза ўдзельнічалі штогод больш за 100 камандаў.

З 1997 года турнір «Скураны мяч» стаў праводзіцца ў незалежнай Беларусі. У 2003 годзе стаўбцоўскі «Нёман» заняў у фінале гэтага турніру трэцяе месца. А ў 2005-м стаўбцоўскія хлопцы на чале з трэнерам, светлай памяці, Андрэем Мікалаевічам заваявалі галоўны трафей – кубак «Скуранога мяча».

Гэта было таленавітае пакаленне з творчым, самаадданым у працы настаўнікам. Рабяты падраслі, і каманда «Нёман», аснову якой складалі менавіта гэтыя лаўрэаты «Скуранога мяча», два гады запар, у 2010-м і 2011-м, заваёўвае званне чэмпіёна Мінскай вобласці. Далі б аб сабе ведаць і на рэспубліцы, але тады спартыўнаму кіраўніцтву раёна не хапіла рашучасці падаць заяўку на ўдзел у спаборніцвах вышэйшага маштабу.

Сёлетні поспех дзевяці-дзесяцігадовых хлопчыкаў у рэспубліканскім турніры – добры знак. Узмужнеюць, набяруцца сіл, а любоў да спорту, здольнасці ў іх ёсць. І трэнерскі вопыт надзейны. Арцём Сукала, сённяшні ігрок каманды «Нёман-Агра», трэнер гэтага маладзенькага «Нёмана», быў якраз сярод пераможцаў турніру «Скураны мяч» той, дванаццацігадовай даўніны.

Ахвотна даваў трэнер інтэрв’ю карэспандэнтам, якіх зацікавіў поспех стаўбцоўскіх футбалістаў у малодшай групе рэспубліканскага турніру. Але і рабіў агаворку: «Мы ж не чэмпіёны». У фінале «Нёман», які прадстаўляў сярэднюю школу № 3 г. Стоўбцы, уступіў мінскай «Фартуне» з лікам 2:6. Праўда, была і аб’ектыўная таму прычына. Выступалі ў фінале няпоўным саставам, дапусцілі арганізацыйны пралік. Не ўсім юным футбалістам паспелі аформіць пашпарты, што патрабавалася ўмовамі спаборніцтваў.

Але ж да гэтай прызавой прыступкі быў даволі доўгі турнірны шлях. Пачаўся ён няпроста: на папярэднім этапе, згуляўшы ў асноўны час унічыю – 4:4, толькі па пенальці перамаглі каманду Уздзенскага раёна. Затым быў абласны турнір. І тут перавага юных стаўбчан выглядала бясспрэчнай. З аднолькавым лікам – 6:2 – адолелі каманды Мінскага і Смалявіцкага раёнаў. 5:2 – такі лік на карысць стаўбчан у матчы з камандай Валожынскага раёна, 3:1 – Салігорскага. Лепшым бамбардзірам турніру быў прызнаны Глеб Прыгодскі, на рахунку якога 12 мячоў, лепшым іграком – Дзмітрый Грыгарцэвіч, лепшым абаронцам – Кірыл Калпак.

І вось сталічныя арэны рэспубліканскага фіналу. Тут таксама юныя стаўбчане заслужылі дружныя апладысменты гледачоў. 6:0 – з такім лікам разгромлена каманда «Лёзна», якая прадстаўляла Віцебскую вобласць, 4:1 – рашучая перавага над «Зменай» з Брэсцкай вобласці, 3:0 – над мінскай «Алімпіяй». «У фінале з «Фартунай» фартуна была не на нашым баку, але нічога, усё наперадзе», – такі аптымістычны настрой і ў членаў каманды.

Урачыстым стаў момант уручэння рабятам кубкаў, медалёў, грамат, сувеніраў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Федэрацыі футбола Беларусі. А яшчэ асабістых прызоў, якіх удастоены капітан каманды Глеб Прыгодскі як лепшы нападаючы турніру і прызёр спаборніцтва па элементах тэхнікі гульні. У згаданым конкурсе па тэхніцы другое месца сярод усіх удзельнікаў у Назара Клімовіча. За гонар каманды таксама змагаліся Іван Дзядзейка, Кірыл Калпак, Дзмітрый Грыгарцэвіч, Ян Язвінскі, Захар Пявец, Арцём Сямёнаў, Мікіта Фенька, Ілья Лабушаў. Сярод юных рыцараў – і дзяўчынка, што таксама дапускаецца рэгламентам турніру, – Агнія Сукала. Вось яны, усе шчаслівыя, на здымку разам з трэнерам Арцёмам Сукалам. Поспехаў вам, юная спартыўная змена!

Трэнеры выказваюць удзячнасць за дапамогу ў арганізацыі каманды дырэктару ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы» Жанне Лысай і дырэктару ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» Раману Кузняцову.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

У АБЛАСНЫМ ПЕРШЫНСТВЕ

Даволі ўдала ў чэмпіянаце Мінскай вобласці выступае стаўбцоўская каманда «Нёман-ДЮСШ». У апошнім туры спаборніцтваў нашы футбалісты перамаглі ФК «Старыя Дарогі» з лікам 3:2.

Старадарожцы – даўнія сапернікі стаўбцоўскіх футбалістаў. І яны паспыталі шчасця ў чэмпіянаце рэспублікі, але ў асноўным удзельнічаюць у першынстве вобласці. Сёлета іх пазіцыі ў турнірнай табліцы побач з нашымі.

Гульня ў згаданай сустрэчы ішла з перавагай стаўбчан. Нёманцы забілі тры мячы, іх аўтарамі сталі Даўбейка, Язвінскі і Шпадарук. У адказ Емяльянаў правёў два мячы. Цяпер «Нёман-ДЮСШ» займае пятае месца з актывам 20 ачкоў. А барацьбу за выхад у другую лігу чэмпіянату рэспублікі вядуць дзяржынская «Лівадзя-Юні» і «Хімік-Беларуськалій» з Салігорска. На рахунку гэтых камандаў адпаведна 37 і 36 ачкоў. Канкурэнцыю ім можа саставіць хіба што «Фалько» з Дзяржынскага раёна – 33 ачкі.

Наступную сустрэчу «Нёман-Агра» праводзіць з ФК «Беразіно», камандай, якая займае пасля пятнаццаці тураў перадапошняе месца.

 

ЗАЎСЁДЫ Ў ФОРМЕ МАРЫНА

Аматары спорту Стаўбцоўшчыны цікавяцца і выступленнямі нашых землякоў, якія вызначаюцца і на міжнароднай арэне. Сярод іх Марына Даманцэвіч, выхаванка Дзераўнянскай ДЮСШ, якая ў свой час пад дзявочым прозвішчам Карніцкая ўзначальвала спіс лепшых спартсменаў раёна, які штогод абнародуецца ў «Прамені».

Удзельніца Алімпійскіх гульняў, у тым ліку і апошніх у Бразіліі, знакамітая сярод мацнейшых марафонцаў свету. З задавальненнем прымае яна ўдзел і ў традыцыйным мінскім паўмарафоне. Сёлетні, прысвечаны 950-годдзю заснавання нашай сталіцы, сабраў каля 30 тысяч удзельнікаў з 50 краін свету.

У забегу мацнейшых сярод жанчын увесь прызавы п’едэстал занялі прадстаўніцы Беларусі. На фінішы дыстанцыі адлегласцю 21,097 км за перамогу змагаліся Людміла Ляховіч, Ніна Савіна і Марына Даманцэвіч. У такім парадку яны і закончылі паўмарафон. Такім чынам, у Марыны – бронзавы медаль. Адзначым, што беларускія спартсменкі апярэдзілі ўдзельніц з Кеніі і Эфіопіі, традыцыйна моцных у гэтым відзе лёгкаатлетычнай праграмы, які патрабуе і майстэрства, і выключнай вынослівасці.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>