Сумеснае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017″

Сумесная ваенная дзейнасць Беларусі і Расіі служыць выключна абароне нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Барысаўскім палігоне падчас агляду войскаў, якія ўдзельнічалі ў сумесным стратэгічным беларуска-расійскім вучэнні «Захад-2017″.

Прэзідэнт адзначыў, што сучасная ваенна-палітычная абстаноўка характарызуецца нарастаннем актыўнасці ў ваеннай дзейнасці па ўсім свеце.

У гэтых умовах Беларусь разам з брацкай Расіяй забяспечвае бяспеку Саюзнай дзяржавы, а таксама краін – удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.

«Мы ўсямерна падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не накіраваны супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, якія прысутнічалі на завяршальным этапе вучэння.

«Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых зямель не зыходзілі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэтую зямлю, заўсёды атрымліваў дастойны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў. Іншага няма і быць не павінна», – заявіў беларускі лідар.

А. Р. Лукашэнка ацаніў вынікі вучэння «Захад-2017″. «Вучэнне праведзена згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспецы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Праведзеныя манеўры далі магчымасць павысіць узровень зладжанасці органаў ваеннага кіравання і аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама баявую і, самае галоўнае, таварыскую ўзаемадапамогу беларусаў і расіян пры выкананні вучэбна-баявых задач.

«Камандзіры і штабы атрымалі добрую практыку ў планаванні дзеянняў войскаў. Паказаны высокі ўзровень і майстэрства ў палявой, паветранай вывучцы асабовага складу злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі», – адзначыў Прэзідэнт.

Вучэнне «Захад-2017″ таксама дало магчымасць апрабаваць на практыцы палажэнні новых статутных дакументаў, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці дзвюх дзяржаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў падзяку ўсяму асабоваму складу, які прыняў удзел у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017″ на беларускай тэрыторыі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым завяршэннем вучэння і пажадаў ім далейшых поспехаў у ратнай працы па надзейным забеспячэнні бяспекі і мірнай працы двух брацкіх народаў.

Прэзідэнт дадаў, што не першы раз прымае ўдзел у вучэнні «Захад». «У кожнага са старшых афіцэраў, генералаў у гэтых вучэннях нешта і асабістае. Мэты ў нас тыя ж – абараніць незалежнасць нашых дзяржаў, нашы нацыянальныя інтарэсы і проста абараніць нашы сем’і», – падкрэсліў Прэзідэнт.              

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>