З просьбай быць законапаслухмянымі

Нагодай для інтэрв’ю з начальнікам аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Іванам Мамайкам сталі змяненні ў заканадаўчых дакументах. З гэтага мы і пачынаем гутарку.

–             З 6 верасня, – расказвае Іван Андрэевіч, – уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь»Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь». Закцэнтую ўвагу на некаторых важных момантах, якія напрамую закранаюць інтарэсы грамадзян. У кодэкс унесены змяненні, якія прадастаўляюць магчымасць у дазнанні не выносіць, як раней, пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, калі не сабраны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны патрэбныя матэрыялы, звязаныя, напрыклад, з правядзенем экспертызы, а прыпыняць тэрмін у дазнанні на патрэбны час. Да атрымання вынікаў экспертызы следчыя органы паведамляюць чалавеку аб гэтым, і яму становіцца зразумелым, чаму справа адкладзена да прыняцця рашэння. Цяпер заканадаўства прадастаўляе заяўніку, а таксама таму, у адносінах да каго прынята рашэнне ў адмове аб узбуджэнні крымінальнай справы, па іх заяве права азнаямлення з матэрыяламі следства, акрамя канфідэнцыяльных звестак. Гэтым жа заканадаўчым дакументам унесены змяненні, якія абавязваюць органы дазнання накіроўваць паведамленне заяўніку і таму, у адносінах да каго праводзілася праверка, аб прыпыненні, аднаўленні ці спыненні праверкі па ўзбуджэнні крымінальнай справы з указаннем прычыны.

–             Іван Андрэевіч, скарыстоўваючы трыбуну газеты, прапаноўваем вам данесці да жыхароў раёна звесткі аб аператыўнай крымінальнай абстаноўцы ў раёне.

–             Коратка гэта можна вызначыць у лічбах. З пачатку бягучага года крымінальная абстаноўка ў нашым раёне, звязаная з учыненнем правапарушэнняў і злачынстваў, стабільная і мае тэндэнцыю да паляпшэння. Па-ранейшаму ў структуры злачынстваў пераважаюць крадзяжы маёмаснага характару. На тры працэнты зменшылася колькасць агульнай злачыннасці з адначасовым яе павелічэннем па лініі крымінальнага вышуку, аднак павялічыўся працэнт раскрывальнасці цяжкіх злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку з 56,2 працэнта ў мінулым годзе да 64,3 – у бягучым. Непакоіць тое, што ў гэтым годзе ў нашым раёне зафіксаваны чатыры забойствы, у мінулым годзе такой статыстыкі не было.

–             Якія асноўныя прычыны таго, што людзі пазбавілі іншага жыцця?

–             Гэта не заказныя забойствы, не звязаныя з карыслівымі мэтамі, а так званыя сацыяльна-бытавыя, і ўчынены яны ў стане алкагольнага ап’янення. Таму варта яшчэ і яшчэ раз гаварыць аб прафілактыцы правапарушэнняў, звязаных з ужываннем спіртных напіткаў. Органы правапарадку прапагандуюць некалькі накірункаў для аздараўлення сітуацыі. У заканадаўчым парадку прапаноўваем устанавіць пэўныя месцы рэалізацыі спіртных напіткаў. Мы лічым, што алкаголь павінен стаяць у закрытых спецыялізаваных вітрынах, а не разам з прадуктамі харчавання. Каму патрэбна, той мэтанакіравана прыйдзе і купіць яго. Ідэальна было б дазволіць гандляваць ім толькі спецыялізаваным магазінам з выдачай пэўнай ліцэнзіі, як гэта практыкуецца ў многіх краінах Еўропы. Актыўна змагаемся з несанкцыянаваным продажам алкаголю. Кантроль за вырабам самагону ў раёне дастаткова стабільны, што мае станоўчыя вынікі. Найбольш востра стаіць пытанне з пастаўкай з Расійскай Федэрацыі і Казахстана спірту, які не адпавядае належнай якасці і прыводзіць да цяжкіх атручэнняў нават са смяротным зыходам. На сучасны момант гэта праблема. Таму звяртаемся да ўсіх жыхароў раёна не заставацца раўнадушнымі да падпольных гандляроў атрутай. Калі вам вядомы выпадкі і адрасы несанкцыянаванага гандлю спіртным, званіце па тэлефонах даверу міліцыі: 5-19-15 ці 5-01-72. Аператыўна будуць праведзены праверачныя мерапрыемствы. Хацелася б закрануць і такое пытанне, як накіраванне залежных людзей на прымусовае лячэнне. Зразумела, што пытанне аб кардынальным вылечванні не стаіць, аднак на гэты час яны могуць быць ізаляваны ад сям’і і грамадства, каб людзі, якія іх акружаюць, маглі адпачыць. Ды і гэты чалавек будзе мець час падумаць аб сваім стане. Раўнадушша грамадства да такіх людзей можа прывесці да цяжкіх злачынстваў, нават да забойстваў. Практыка сведчыць, што самыя страшныя злачынствы здараюцца з маўклівага раўнадушша акружаючых. Прашу ўсіх паведамляць аб злосных фактах парушэння грамадскага парадку, мой службовы тэлефон 5-01-62 у зоне доступу ў рабочы час.

–             Якія яшчэ пытанні ў адносінах да захавання правапарадку вы лічыце патрэбным данесці да жыхароў раёна?

–             Пачынаюцца цёмныя вечары перадзімовага перыяду. Гэта вельмі небяспечны час, калі павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў. Распачынаем серыю акцый па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў. Нагадваем пешаходам, што па-ранейшаму застаюцца цвёрдымі патрабаванні аб выкарыстанні на адзенні святлоадбівальных элементаў. Ёсць патрэба сказаць аб неабходнасці захавання правілаў руху на чыгунцы ў сувязі з тым, што пачасціліся выпадкі траўміравання. Супрацоўнікі нашага аддзела пачынаюць актыўна праводзіць мерапрыемствы па кантролі за выкананнем правілаў пераходу чыгуначных пуцей. Раней чыгунку абслугоўвала аддзяленне транспартнай міліцыі. З нядаўняга часу функцыі захавання правапарадку на чыгунцы перададзены РАУС. Выклікае вялікую заклапочанасць тое, што ў нашым райцэнтры пешаходы прызвычаіліся пераходзіць чыгунку ў неўстаноўленых месцах. Нам, напрыклад, гавораць, што гістарычна склалася, што каля аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства заўсёды людзі перасякалі пуці. З аднаго боку, мы разумеем іх. І таму звярнуліся да кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі з прапановай абсталяваць у гэтым месцы рэгулюемы пешаходны пераход. Ёсць сэнс устанавіць святлафоры і т. п. Аднак пакуль гэты ўчастак дарогі ніяк не абазначаны, да пешаходаў будуць прымяняцца ўстаноўленыя меры пакарання для забеспячэння бяспекі на чыгунцы і прадухілення страшных трагедый. Хочам, каб пешаходы аднесліся да гэтага з разуменнем. Наш горад абсталяваны вялікім транспартным вузлом: праходзіць шмат хуткіх і таварных цягнікоў. Укладзены немалыя фінансавыя сродкі, каб устанавіць пешаходныя пераходы на пуцях. Магчыма, для кагосьці нязвыкла прайсці метраў 200 да санкцыянаванага пераходу, аднак патрэбна прывучаць сябе да дысцыпліны. Хачу заклікаць усіх не супрацьстаяць органам правапарадку, а аб’яднацца для таго, каб зрабіць наша жыццё абароненым і гарантавана бяспечным.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>