Да Дня настаўніка

Filed under: Адукацыя,Нумары |

3009a

ДЗВЕ СЯСТРЫ – ДВА КІРАЎНІКІ

Нашу ўвагу прыцягнуў такі адметны факт: у сферы дашкольнай адукацыі райцэнтра на пасадах кіраўнікоў працуюць дзве родныя сястры. Наталля Людкевіч ўзначальвае калектыў ясляў-сада № 5, Галіна Філіповіч – ясляў-сада № 1.

Яны – карэнныя стаўбчанкі, закончылі СШ № 2. НаталляАляксандраўна вучылася ў педкласе. Пасля заканчэння педуніверсітэта прыехала працаваць у свой раён. 14 гадоў яна ўзначальвае калектыў ясляў-сада № 5. На пытанне аб адметнасцях гэтай дашкольнай установы, першае, што яна адзначыла, – прафесіяналізм калектыву, згуртаванага і стабільнага, яго ўменне спраўляцца з пастаўленымі задачамі па выхаванні і навучанні дашкольнікаў. Гэтая дашкольная ўстанова ў нашым горадзе прыцягвае ўвагу надзвычай зялёнай і раскошна аздобленай клумбамі тэрыторыяй, якая ўпрыгожвае райцэнтр. Невыпадкова азеляненню надаецца такая ўвага – яслі-сад працуюць з экалагічным ухілам. І кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і бацькі даюць ацэнку гэтай установе як адной з лепшых. Пад кіраўніцтвам Наталлі Людкевіч з фінансавай дапамогай райвыканкама і гаспадарчым спосабам, пры падтрымцы бацькоў у апошні час праведзены вялікі аб’ём рамонтных работ з заменай камунікацый. Дзіцячы сад цяпер так жа прыгожа выглядае не толькі звонку, але і ўнутры. Створаны выдатныя ўмовы для знаходжання дзяцей і іх развіцця. Іх у гэтым навучальным годзе 172.

Выпускніцы Нясвіжскага педкаледжа і Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка Галіне Філіповіч перш чым заступіць на пасаду загадчыцы ясляў-сада № 1 давялося папрацаваць у розных навучальных установах раёна – Ліхачоўскай пачатковай школе, якая цяпер закрыта, у сваёй роднай школе, Акінчыцкім вучэбна-педагагічным комплексе, выхавацелем у яслях-садзе № 5 пад кіраўніцтвам сваёй малодшай сястры. Яе арганізатарскія здольнасці, прафесіяналізм педагога і адказныя адносіны да справы былі заўважаны кіраўніцтвам аддзела, і Галіна Аляксандраўна назначана кіраўніком дашкольнай установы.

Ёй дастаўся самы стары ў нашым горадзе дзіцячы сад на вакзале, узрост якога 75 гадоў. У дашкольную ўстанову прыходзіць ужо трэцяе пакаленне стаўбчан. У ліку 66 сем’яў, якія ў гэтым навучальным годзе прыводзяць сюды сваіх дзетак, 15 шматдзетных. Галіна Аляксандраўна рада, што дзіцячы сад мае добрую рэпутацыю. Гэтаму садзейнічае не толькі прафесіяналізм калектыву (за пяць гадоў яе работы на пасадзе кіраўніка не было цякучасці кадраў), але і праведзены ў апошнія гады капітальны рамонт. Пасля рэканструкцыі з’явіўся новы харчблок, выкананы вялікі аб’ём работ і ў астатніх памяшканнях. Уся арганізатарская работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лягла на плечы Галіны Філіповіч, і яна выканала яе адмыслова. Стары дзіцячы сад не пазнаць пасля рамонту. Дашкольная ўстанова на высокім узроўні аказвае ўсе зацверджаныя праграмай адукацыйныя паслугі дашкольнікам.

Роднасныя сувязі, прафесіянальныя інтарэсы вельмі збліжаюць гэтых кіраўнікоў у сферы адукацыі і абагачаюць узаемным вопытам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: (злева направа) Наталля Людкевіч і Галіна Філіповіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З ГЛЫБОКАЙ ПАВАГАЙ І ШЧЫРАЙ ЛЮБОЎЮ

У год твайго 55-годдзя мы вітаем цябе, наша родная другая школа, і з удзячнасцю, павагай, падзякай, любоўю, радасцю гаворым:

«Добры дзень, наша родная школа, добры дзень, наш любімы клас. Добры дзень, наша спартыўная зала, дзе штогод мы дабіваліся перамог па баскетболе, лёгкай атлетыцы і, нават, гімнастыцы. Добры дзень, шумлівыя калідоры, школьныя майстэрні, самая лепшая на той час у свеце школьная сталовая са смачнымі абедамі і любімымі намі залацістымі піражкамі, якія выпякалі тут клапатлівыя павары. Добры дзень, наша фоталабараторыя, дзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Іванавіча Маза, мы навучыліся не толькі фатаграфаваць, але і правільна друкаваць фотаздымкі.

Добры дзень, наша настаўніцкая і кабінет дырэктара, куды нас выклікалі не толькі, каб за нешта паўшчуваць, але і для таго, каб яшчэ раз абмеркаваць чарговае школьнае свята.

Добры дзень, нашы любімыя настаўнікі, у ліку якіх Любоў Давыдаўна Ткачова, Галіна Міхайлаўна Булынка і, абавязкова, Аляксандр Іванавіч Маз. На вялікі жаль, сёння многіх ужо няма, але мы іх помнім.

Мы – гэта група выпускнікоў СШ № 2 г. Стоўбцы 1966 года выпуску: Тамара Ваўчынская, Людміла Гапеева, Лізавета Жданко, Святлана Жыбуртовіч, Леанід Каспяровіч, Галіна Кужэльная, Мікалай Цэлюк і іншыя.

Кожны з нас, выпускнікоў, удзячны нашай школе, нашым настаўнікам не толькі за тое, што мы атрымалі трывалыя веды па ўсіх прадметах, дзякуючы М. Я. Лазуку, Л. І. Сіткевічу, У. Р. Разумкову, але і за тое, што мы і цяпер з лёгкасцю рашаем задачы па матэматыцы (аж да 10-га класа), добра ведаем хімію (можам запісаць складаныя формулы па арганічнай хіміі і хімічныя пераўтварэнні), можам патлумачыць сваім унукам, як прымяніць атрыманыя веды па фізіцы на практыцы.

У тыя 60-я гады наша школа жыла адной дружнай сям’ёй, калі настаўнікі і вучні сумесна вучылі і вучыліся, дапамагалі нам, вучням, слушнымі парадамі, калі было трэба – падтрымлівалі, навучалі, патрабавалі, але ніколі не крыўдзілі. Іх добрыя бацькоўскія вочы засмучаліся, калі ў нас не ўсё атрымлівалася, яны разам з намі шукалі выйсце з цяжкай сітуацыі. Гэта дзякуючы ім, нашым настаўнікам, нашай школе мы выбралі правільную сцяжынку ў вялікае жыццё, сталі сапраўды спецыялістамі кожны ў сваёй галіне. Сярод нас няма людзей з высокімі навуковымі званнямі, але ёсць сапраўдныя знаўцы сваёй справы.

У 60-70-я гады нашу СШ № 2 г. Стоўбцы, якую ўзначальваў Уладзімір Фёдаравіч Матрунчык, ведалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Нашу школу наведвалі дэлегацыі з Усходняй Еўропы, краін былога СССР і нават Індыі, вырабы юных гурткоўцаў выстаўляліся на ВДНГ.

І сёння, нягледзячы на тое, што большасць з нас ужо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, мы застаёмся ўсё тымі ж школьнікамі з гарэзлівымі вачыма, гарачымі сэрцамі, творчай душой, людзьмі з вялікай адказнасцю за даручаную справу.

Усяму гэтаму нас навучыла наша родная школа, творчы, дружны калектыў аднадумцаў гэтай навучальнай установы. Дзякуй вам вялікі за навуку, сапраўдныя ўрокі жыцця.

Творчых табе поспехаў, родная школа, здзяйснення запаветных мар, новых адкрыццяў!»

Па даручэнні выпускнікоў 11-х класаў 1966 года выпуску СШ № 2 г. Стоўбцы Лізавета ЖДАНКО, выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь

 

РОЗУМ, ЯСНАСЦЬ СПАЛУЧАЕ І ПРА ЎСЁ НА СВЕЦЕ ЗНАЕ

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў мы вырашылі даведацца, што думаюць аб школе і настаўніках тыя, хто ўжо пакінуў школьныя сцены і самастойна крочыць у дарослым жыцці.

Анастасія Шырвель, спецыяліст ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь):

Настаўнік – чалавек, які можа рабіць цяжкія рэчы лёгкімі. Да іх я адношу ўсіх-усіх настаўнікаў сваёй любімай і самай светлай Засульскай сярэдняй школы. Больш за ўсё мне запомніліся ўрокі беларускай мовы, грамадазнаўства і англійскай мовы. Акрамя ўкладзеных ведаў (няхай я і не была выдатніцай па гэтых прадметах) вы далі мне вялікую загартоўку характару, навучылі цярпенню і ўменню быць лепшай. Хачу вам сказаць вялікі дзякуй за вашу працу, якую вы выконваеце з любоўю і адказнасцю. Жадаю вам моцнага здароўя, вялікай вытрымкі і спакою.

Арсеній Арэшка, студэнт БДУІРа:

Прайшло ўсяго чатыры месяцы пасля апошняга званка, але пачуццё радасці і адначасова нейкага суму перапаўняе мяне. Нельга не адзначыць пачуццё ўдзячнасці да ўсіх настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў маім навучанні. Менавіта іх ўздзеянне і ўплыў у найбольшай ступені спрыялі фарміраванню ў мяне асабістых якасцяў характару і наяўнасці самастойнай жыццёвай пазіцыі.

Напярэдадні свята, прысвечанага настаўнікам, хочацца адрасаваць маёй любімай гімназіі № 1 г. Стоўбцы і ўсяму выкладчыцкаму калектыву цёплыя словы ўдзячнасці, павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць здароўя, радасці, шчаслівых і доўгіх гадоў жыцця, плённай працы і духоўнага камфорту.

Вераніка Анікейчык, студэнтка БДУ:

Школа – гэта месца, якое пакінула, несумненна, самыя яркія і светлыя ўспаміны ў маім жыцці. Бесклапотнасць і весялосць. Што можа быць лепш? Я вельмі ўдзячна школе за тое,што яна падарыла мне сяброў, якія знаходзяцца побач са мной. І, вядома, вялікі дзякуй настаўнікам СШ № 3 г. Стоўбцы за іх мудрасць, цярпенне і веру ў нас на працягу 11-ці гадоў. Хочацца пажадаць нашым любімым педагогам здароўя, натхнення і пазітыўнага настрою ў такой нялёгкай, але высакароднай працы!

Дар’я Райская, паставая медсястра хірургічнага аддзялення УАЗ «11 гарадская клінічная бальніца» г. Мінска:

Прайшло ўжо больш за пяць гадоў, як я скончыла другую гарадскую школу… За многія школьныя гады, вядома, як ва ўсіх, было шмат розных момантаў. І вясёлых, і не вельмі, а хутчэй – павучальных!

Цяпер я магу сказаць, што гады, праведзеныя ў школе, безумоўна, аказваюць уплыў на тваё далейшае жыццё. Тут цябе вучаць быць моцным, працавітым, добразычлівым – усім тым рэчам, якія спатрэбяцца табе ў будучыні. Менавіта асаблівае значэнне ў дапамозе пошуку гэтых рэчаў аказваюць педагогі, якія кожны дзень і год сочаць за стаўленнем цябе як асобы. Таму хочацца сказаць самыя цёплыя словы падзякі настаўнікам.

Ксенія РУБІН

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>