«Вёсачка мая, мая чараўніца…»

3009e

Наваколле паціху пачынае мяняць сваё аблічча, сонейка ўжо так моцна не грэе, а людзі на падворках збіраюць свой ураджай і адчуваюць набліжэнне халадоў. Аднак святу, якое стала ўжо добрай традыцыяй у нашым раёне, гэта не перашкода.

Чарговы раз на свята вёскі мы завіталі ў маляўнічы куточак Мясёнкаўшчына. На сёння ў вёсцы налічваецца 29 гаспадарак з колькасцю насельніцтва 52 чалавекі.

За час свайго існавання Мясёнкаўшчына знаходзілася ў Мінскім павеце Мінскага ваяводства, у складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе належала князю Радзівілу. У другой палове ІХ – пачатку Х стагоддзя была ў Свержанскай воласці Мінскага павета. У 1863 годзе тут адкрылася школа граматы.

З лютага па снежань 1918 года вёска была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. З 1919 года яна ў складзе БССР, а з канца ліпеня 1919 года па верасень 1939-га была пад уладай Польшчы. У Вялікую Айчынную вайну на фронце загінуў адзін жыхар Мясёнкаўшчыны.

У 1949 годзе жыхары вёскі аб’ядналіся ў калгас. З 1964 года Мясёнкаўшчына ўваходзіць у калгас «Радзіма Якуба Коласа». У 1972 годзе там была пабудавана васьмігадовая школа. У 2001 годзе яна перайшла ў разрад пачатковай, у будынку якой размясціўся сацыяльны прытулак. На тэрыторыі вёскі таксама знаходзяцца збожжасховішча і піларама.

Вёска і яе жыхары з радасцю былі гатовы пачаць святкаванне. Вяскоўцы ўсіх сустракалі ветліва і запрашалі да сябе ў госці. Яны частавалі і дэманстравалі вырабы, зробленыя сваімі рукамі, танцавалі і з задавальненнем пазіравалі перад камерамі. Кожны з іх трапятліва адносіцца да сваёй хаты, да роднай вёскі. Пад гукі гармоніка і спевы артыстаў нехта пускаўся ў танцы, а іншы пускаў слязіну, пэўна, ад цудоўных успамінаў аб маладым жыцці.

Свята вёскі ўжо стала тым знакавым момантам, які займае асаблівае месца ў памяці кожнага жыхара. Гэтае свята – не толькі магчымасць сябе паказаць, але і ўспомніць тых, хто працаваў, кахаў і пражыў усё сваё жыццё менавіта тут. Амаль каля кожнага падворка і са сцэны гучалі імёны старэйшын вёскі, юбіляраў і шчырыя віншаванні ў іх адрас. З. М. Горка, 1925 года нараджэння, З. У. Хамутоўская, 1927 г. н. (яна ў гэтым годзе адзначыла свой 90-гадовы юбілей), Л. У. Горка, 1928 г. н., В. В. Доўнар, 1929 г. н. – усіх гэтых прыгожых жанчын, шчырых матуль і ласкавых бабуль і прабабуль віталі і ўспаміналі на свяце не раз. І нездарма, бо яны, як карані, што перажылі з вёскаю і голад, і нястачу, і ваеннае ліхалецце. Разам з вёскай станавіліся на ногі, разам будавалі сённяшняе жыццё.

Сярод юбіляраў асаблівае месца займаюць і тыя, хто адзначае ў гэтым годзе юбілей сямейнага жыцця. Сям’я Міхаіла Адамавіча і Ірыны Аляксандраўны Ярмаковічаў у гэтым годзе святкуе 50-гадовы юбілей, а Станіслаў Віктаравіч і Алена Міхайлаўна Бушмы – 30-гадовы. Увесь гэты час яны прайшлі адно з адным і на працягу многіх гадоў іх каханне толькі ўзрастала і станавілася мацнейшым, як камень, які нельга зрушыць.

Як і заўседы, на традыцыйным свяце вёскі былі вызначаны сем’і, якія ўдастоіліся звання лепшых гаспадароў, іх падворкі былі сапраўды лепшымі. Сям’я Баляслава Баляслававіча і Алены Раманаўны Цвіркаў заняла першае месца, Станіслаў Віктаравіч і Алена Міхайлаўна Бушмы атрымалі другое месца, а Уладзімір Уладзіміравіч і Алена Вітальеўна Ермаковічы – трэцяе.

Гэтым днём уся вёска спявала, танцавала і прымала віншаванні. Старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь таксама звярнуўся да жыхароў вескі: «Сёння ў вас вельмі цудоўнае свята – свята роднай вёскі. Я з радасцю віншую вас з гэтай нагоды. Жадаю здароўя, росквіту, дабрабыту вам і вашым сем’ям. Няхай родныя і блізкія вас заўсёды радуюць, а беды і нягоды абыходзяць вашы хаты бокам. Няхай заўсёды над вамі будзе мірнае неба, а вёска Мясёнкаўшчына напаўняецца дзіцячымі галасамі. Няхай да вас прыязджаюць госці, дзеці, унукі, праўнукі і на вашых падворках заўсёды будзе свята. А родная вёска каб далей квітнела».

Свята ў Мясёнкаўшчыне стала чарговым прыкладам таго, як прыемна сабрацца разам, успомніць былое і атрымаць асалоду ад таго, што бачыш вакол сябе. Гэта вясёлыя ўсмешкі, прыветныя позіркі, гучныя песні і іскрамётныя танцы.

Вельмі прыемна, што ў нашым раёне праводзяцца такія мерапрыемствы, калі ўсе, ад малодшага да старэйшага, могуць адчуць сябе на адной хвалі. Таму што, каб быць шчаслівым, патрэбна няшмат: родны дом, блізкія людзі, усмешкі і музыка не толькі ў магнітафоне, але і ў душы. І здаецца, што ўсё гэта было і ў жыхароў вёскі Мясёнкаўшчына.

Ксенія РУБІН, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>