Ахова гісторыка-культурнай спадчыны

З 3 лютага бягучага года ўступіў у сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. У сувязі з гэтым звяртаем увагу на некаторыя моманты, якія датычаць уладальнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Ахоўныя абавязацельствы

У адпаведнасці з заканадаўствам для кожнай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь вызначаюцца індывідуальныя ўмовы ўтрымання і выкарыстання, усталёўваецца парадак выканання работ, іншыя абмежаванні дзейнасці іх уладальнікаў (уласнікаў) або карыстальнікаў, а таксама патрабаванні па забеспячэнні іх захаванасці. Гэтыя патрабаванні фіксуюцца ў ахоўным абавязацельстве, складзеным па форме, зацверджанай Міністэрствам культуры, і падлягаюць выкананню ўсімі юрыдычнымі, фізічнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, уласнікамі (карыстальнікамі) будынкаў, памяшканняў.

Ахоўныя абавязацельствы ўваходзяць у пакет дакументаў пры афармленні завяшчанняў, дагавораў куплі-продажу, дарэння, прыватызацыі і іншых здзелак з нерухомасцю. Пры набыцці права ўласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць новы ўласнік абавязаны на працягу аднаго месяца падпісаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтых умоў цягне за сабой прызнанне такой здзелкі несапраўднай.

Ахоўнае абавязацельства афармляецца на кожную гісторыка-культурную каштоўнасць (арт. 75 Кодэкса).

Аформіць данае абавязацельства можна ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама па адрасе: 222666, г. Стоўбцы, вул. Багінскага, 2, трэці паверх, тэл. 7-16-71 (Радомская Наталля Васільеўна).

Прыём дакументаў і афармленне ахоўных абавязацельстваў ажыццяўляецца з аўторка па суботу з 09.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00

Ахоўнае абавязацельства афармляецца ў двух экзэмплярах.

Пералік дакументаў для афармлення ахоўнага абавязацельства з уласнікамі і балансатрымальнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцяў (арганізацыямі): копія дакумента, які засвядчае права ўласнасці (рэгістрацыйнае пасведчанне); копія тэхнічнага пашпарта аб’екта; копія пасведчання (ліцэнзіі) рэгістрацыі юрыдычнай асобы; копія статута арганізацыі.

Пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці

На гісторыка-культурную каштоўнасць афармляецца пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці адзінай формы, зацверджанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. У пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасці ўказваюцца поўныя навуковыя i фактычныя звесткі аб ёй (гісторыя, тэхнічны стан, месцазнаходжанне, уліковыя даныя, ацэнка гістарычнага, навуковага, культурнага або іншага значэння, звесткі аб уласніку (карыстальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, дата i нумар ахоўнага абавязацельства, звесткі аб зонах аховы нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці, навукова-праектнай дакументацыі, а таксама дадатковыя звесткі аб падзеях і асобах, звязаных з гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы).

Уласніку матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца адчужаць або іншым чынам перадаваць права ўласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць без узгаднення з абласным выканаўчым і распарадчым органам у парадку, устаноўленым Міністэрствам культуры.

Зоны аховы

У адпаведнасці з артыкулам 105 Кодэкса для забеспячэння захавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстанаўліваюцца зоны аховы гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх рэжымы ўтрымання і выкарыстання вызначаюцца праектам зон аховы, які распрацоўваецца для гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці i зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Праектам устанаўліваюцца межы, вызначаецца плошча паблізу помніка архітэктуры, у межах якой або цалкам абмежавана будаўніцтва, ці абмежаваная паверхавасць новых збудаванняў. Праект зон аховы распрацоўваецца за сродкі ўласнікаў (карыстальнікаў) гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якой можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў або без іх устанаўлення забараняецца.

Правядзенне работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны

Навукова-даследчыя, праектныя і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў могуць выконвацца пры наяўнасці дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (арт. 115), якое выдаецца ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі па адрасе: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, тэл. (8-017) 200-14-16.

Работы па падтрыманні належнага тэхнічнага і санітарнага стану аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны (акрамя работ на фасадах), у тым ліку работы па іх рамонце ў межах ахоўнага абавязацельства, а таксама работы па пераўладкаванні і (або) перапланіроўцы жылых памяшканняў, размешчаных у будынках, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі (акрамя работ па замене запаўненняў дзвярных і аконных праёмаў, па шкленні лоджый і балконаў), могуць выконвацца без атрымання дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Да бягучага рамонту ставіцца дзейнасць, якая ажыццяўляецца з мэтай прадухілення далейшага інтэнсіўнага зносу, аднаўлення няспраўнасці і ліквідацыі пашкоджанняў канструкцый і інжынернага абсталявання збудаванняў. Такія работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях мяркуюць выкарыстанне натуральнага матэрыялу (аналагічнага першапачатковаму). У выпадку, калі зыходны матэрыял невядомы, неабходна накіраваць заяву ў Міністэрства культуры аб дазволе на вытворчасць работ з указаннем меркаванага матэрыялу.

У ліку абавязковых умоў з’яўляецца ўстаноўка ахоўнай дошкі, на якой размяшчаецца інфармацыя аб прыналежнасці гэтай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці да гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Адказнасць за невыкананне заканадаўства

Кодэксам Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» прадугледжаны наступныя меры за парушэнне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны: арт. 19.2. «Невыкананне патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў у адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцяў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 8 да 25 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 8 да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 200 базавых велічынь»; арт. 19.3. «Парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях або здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу знішчэння, пашкоджання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь».

Адказнасць за парушэнне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжана і Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь: арт. 344. «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі і што адпавядаюць аднаму з крытэрыяў адбору матэрыяльных аб’ектаў для прысваення ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін»; арт. 345. «Знішчэнне, пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі, учыненыя па неасцярожнасці, або іх страта з прычыны нядбайнага захоўвання, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры, караюцца грамадскімі работамі, або штрафам ці папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да аднаго года».

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>