Быць прыкметным на вуліцы

З мэтай прафілактыкі ДТЗ з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту ў цёмны час сутак, 29 верасня 2017 года Дзяржаўтаінспекцыя правяла адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Будзь яркім! Стань прыкметным!».

Асноўнай мэтай мерапрыемства з’яўляюцца зніжэнне ДТЗ, прапаганда бяспекі дарожнага руху, растлумачэнне заканадаўства і прававых нормаў, якія рэгламентуюць паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху, папулярызацыя выкарыстання насельніцтвам святлоадбівальных элементаў.

Па-ранейшаму наезды на пешаходаў застаюцца пераважным відам дарожна-транспартных здарэнняў. У гэтым годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна адбылося 13 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі і 19 траўміраваны. Паводле абласной статыстыкі, толькі ў верасні ў аўтааварыях загінулі восем пешаходаў, па віне пешаходаў адбылося практычна кожнае другое ДТЗ. Усе гэтыя аварыі адбыліся ў цёмны час сутак, прытым ніводзін з загінуўшых пешаходаў не быў пазначаны святлоадбівальнымі элементамі.

22 верасня каля 23 гадзін на трэцім кіламетры аўтадарогі Буцькавічы – Юркавічы – Путчына, на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна, жыхар вёскі Рочавічы, не пазначаны святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак, у стане алкагольнага ап’янення заснуў на праезджай частцы дарогі. У выніку на яго быў зроблены наезд, пацярпелы атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця.

Для папярэджання такіх ДТЗ рэгулярна праводзяцца рэйды і іншыя прафілактычныя акцыі. Нясенне службы супрацоўнікамі міліцыі ажыццяўляецца сумесна з членамі добраахвотных дружын, іншых грамадскіх фарміраванняў паблізу месцаў масавага руху пешаходаў. Гэта прыпынкі грамадскага транспарту, нерэгулюемыя пешаходныя пераходы, магазіны, навучальныя ўстановы і г. д.

Найбольшы ўзровень пешаходнага траўматызму адзначаецца ў асенне-зімовы перыяд, і доля аварый з удзелам пешаходаў дасягае 60-70% ад усіх ДТЗ. Такое становішча абумоўлена тым, што ў гэты час кароткі светлавы дзень. Пры руху ў цемры па неасветленых дарогах вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля. Пры гэтым успрыняцце вачыма светлавых кантрастаў становіцца горшым, чым пры дзённым святле, і цяжэй заўважыць пешаходаў, веласіпедыстаў і гужавы транспарт. Ужо пры вячэрнім змроку прадметы, што выразна бачны днём, блякнуць, а пасля заходу сонца становяцца ледзьве бачнымі. А ва ўмовах туману ці дажджу невыразная фігура чалавека поўнасцю зліваецца з цемрай і з месца вадзіцеля становіцца практычна нябачнай.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пешаходы звычайна думаюць, што той, хто за рулём, іх ужо заўважыў. Следчы эксперымент, які праводзіла Дзяржаўтаінспекцыя, дазволіў устанавіць, што ў цемры з салона аўтамабіля чалавека ў цёмным адзенні пры бліжнім святле фар можна выразна ўбачыць толькі на адлегласці 25-30 м. Пры хуткасці 60 км/гадз. за адну секунду аўтамабіль праязджае каля 17 метраў. За гэты час вадзіцель толькі паспявае ўсведаміць, што ці хто перад ім. Затармазіць ці ўдала зманеўраваць не заўсёды бывае магчымым, у тым ліку з-за хуткасці, стану дарожнага пакрыцця, наяўнасці іншых перашкод. Таму ўзнікае істотная неабходнасць зрабіць так, каб пешаходы, веласіпедысты сталі больш прыкметнымі. Для гэтай мэты шырока выкарыстоўваюцца спецыяльныя святлоадбівальныя аксесуары – значкі, падвескі, стужкі. Пешаходаў пры руху па краі праезджай часткі дарогі ў цёмны час сутак абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі абавязваюць Правілы дарожнага руху. Між тым толькі ў Стаўбцоўскім раёне да адміністрацыйнай адказнасці за такое парушэнне сёлета прыцягнута 848 пешаходаў.

Што датычыць адказнасці пешаходаў, то яна акрэслена Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У адносінах да пешахода, які ў цёмны час сутак ідзе па праезджай частцы і не пазначыў сябе флікерам, прымяняюцца штрафныя санкцыі ад адной да трох базавых велічынь ці папярэджанне. Калі парушэнне ім Правілаў дарожнага руху выклікала стварэнне аварыйнай абстаноўкі, то памер штрафу складае ад трох да васьмі базавых велічынь. На суму ад трох да пяці базавых велічынь штрафуецца пешаход, калі знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення. У выпадку, калі парушэнне Правілаў дарожнага руху выклікала прычыненне пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, ці пашкоджанне транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця, ці іншай маёмасці, вінаваты падвяргаецца штрафу ад пяці да дваццаці базавых велічынь.

Месцам, якое патрабуе выключнай увагі, з’яўляецца пешаходны пераход, асабліва нерэгулюемы. З-за парушэння вадзіцелямі правілаў праезду пешаходных пераходаў нярэдка адбываюцца ДТЗ. І пешаход тут павінен быць уважлівым, сваімі дзеяннямі не ствараць перашкод для руху транспартных сродкаў.

З удзелам веласіпедыстаў сёлета на тэрыторыі Мінскай вобласці адбылося 44 ДТЗ, у якіх шэсць чалавек загінулі, 39 – атрымалі траўмы. Напамінаем, веласіпедыстам неабходна абсталяваць свае веласіпеды фарамі, што выпраменьваюць наперадзе белае святло, ззаду – чырвонае, і памятаць, што па праезджай частцы дарогі веласіпедысту можна рухацца не далей як метр ад яе правага краю.

Асаблівы зварот да бацькоў. Паклапаціцеся аб бяспецы вашых дзяцей. У абавязковым парадку да ранца або курткі неабходна прышпіліць святлоадбівальны значок. І не забудзьцеся нагадаць юным удзельнікам дарожнага руху аб Правілах бяспечных паводзін на дарозе.

Аддзел ДАІ Стаўбцоўскага РАУС

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>