Па брукаванцы, гравійцы, пушчанскай дарожцы

0410e

Каля 30-ці кіламетраў намецілі і праехалі па адмысловым маршруце ўдзельнікі ІVраённага велапрабегу. Прысвечаны Сусветнаму дню турызма, ён пралягаў па экалагічнай веласцяжыне, пракладзенай стаўбцоўскімі лесаводамі сярод Налібацкай пушчы.

Маршрут вельмі ўдалы, багаты на маляўнічыя пейзажы, вартыя пэндзля ці хоць бы фотакамеры. Гэта заўважылі ўсе ўдзельнікі велапрабегу і, безумоўна, у думках не раз выказалі ўдзячнасць адкрывальніку такой прыгажосці – Стаўбцоўскаму лясгасу. Прадпрыемства ў 2016 годзе распрацавала гэты маршрут на тэрыторыі Хатаўскога і Кульскога лясніцтваў для велатурыстаў рэспублікі і замежжа, аздобіла яго малымі архітэктурнымі формамі ў выглядзе альтанак і лавак, напоўніла інфармацыйнымі стэндамі пра кожны з унікальных аб’ектаў ландшафту і помнікаў прыроды. А гэта крыніца Чырвоная і ручай Казелец, «каскад трох азёр», рака Уса з колішнім вадзяным млыном, брукаванка ў Пільніцы. Кароткі экскурс у мінулае зрабіў і краязнавец Міхаіл Міхно, пастаянны ўдзельнік усіх ранейшых раённых велапрабегаў.

На маршруце нельга было не заўважыць і іншых актыўных веласіпедыстаў, такіх як Віталь Рачок з сынам, муж і жонка Супруны. Сярод пастаянных удзельнікаў велапрабегаў – вучні Старасвержанскай школы на чале з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Анатолем Галаўко, Дзераўнянскай школы на чале з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Генадзем Канановічам. Ад школьнікаў не адстае і працоўная моладзь. Многія выйшлі на старт поўнасцю экіпіраванымі, што пацвярджае іх неаматарскія адносіны да велатурызму.

Сапраўднымі гаспадарамі гэтага велапрабегу былі лесаводы, якія паўсюдна сустракалі і суправаджалі на этапах. Акрамя таго, Вольга Драчова з сынам Мікітам была сярод удзельнікаў, а наперадзе калоны па праву знаўцы гэтых мясцін рухаўся адзін з самых маладых прадстаўнікоў лясгаса – памочнік ляснічага Хатаўскога лясніцтва Вадзім Чэмка. На старце ля паляўнічага комплексу віталі ўдзельнікаў велапрабегу галоўны ляснічы лясгаса Сцяпан Явід, ляснічы Хатаўскога лясніцтва Анатоль Бычкевіч. Лясгас, дарэчы, дапамог арганізатарам з грузавой тэхнікай для дастаўкі веласіпедаў удзельнікаў велапрабегу са Стоўбцаў у Хатаву. Старасвержанскай школай быў выдзелены аўтобус для падвозу саміх удзельнікаў.  

У межах маршруту знаходзіцца і знакаміты музей-сядзіба «Дзяржынава», дзе ўдзельнікі велапрабегу змаглі пабываць на экскурсіі. На беразе ракі Уса (гэта прыкладна сярэдзіна маршруту) іх частавалі смачным абедам работнікі сталовай ААТ «Радзіма Дзяржынскага».        

– Кампанія падабралася дружная, хоць у большасці ўдзельнікі былі незнаёмыя паміж сабою. І восеньскае надвор’е паспрыяла, – аналізуе галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская. У ліку арганізатараў велапрабегу значацца таксама раённы камітэт БРСМ і аддзел адукацыі, спорту і турызму. Аддзел ДАІ райаддзела міліцыі і цэнтральная раённая бальніца забяспечылі суправаджэнне, неабходны інструктаж адносна выканання правілаў дарожнага руху.

Калі пачытаць водгукі ў інтэрнэце, то рэзананс у велапрабегу добры, перспектыўны. Ніхто з яго ўдзельнікаў не збіраецца спыняцца. Ужо складаюцца планы на будучы год. Сярод прапаноў – новыя цікавыя маршруты па Налібацкай пушчы, іншых мясцінах Стаўбцоўскага краю.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>