Паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу

Filed under: Нумары,Тема недели |

Праверкі прадпрымальнікаў будуць значна скарочаны, а вядзенне сваёй справы стане максімальна простым. На гэта накіраваны пакет дакументаў па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, прыняцце якога чакаецца ў самы бліжэйшы час.

Ключавы дакумент па лібералізацыі ў эканоміцы Беларусі – праект дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва» вынесены на разгляд Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падчас рабочай сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім.

«Мы прадаўжаем весці размову аб дакументах, нарматыўна-прававых актах, якія будуць садзейнічаць лібералізацыі нашай эканомікі», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя праекта дэкрэта, увазе кіраўніка дзяржавы таксама прадстаўлены праект указа, накіраваны на ўдасканаленне парадку ліцэнзавання.

Па выніках рабочай сустрэчы і дэталёвага абмеркавання шэрагу момантаў Аляксандр Лукашэнка падтрымаў усе прапанаваныя нормы, і прадстаўленыя дакументы ў хуткім часе будуць падпісаны.

У прыватнасці, праектам дэкрэта прадугледжваецца зацвярджэнне адзіных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, а таксама ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны, паколькі цяпер дзеючыя нормы, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «вельмі аб’ёмныя і ў большасці непатрэбныя». «Яны вельмі напружваюць бізнес і адцягваюць ад вырашэння канкрэтных задач. Таму гэтымі дакументамі мы зацвярджаем пералік патрабаванняў – і санітарныя ўмовы, і іншае. І ўсялякія адміністрацыйныя перашкоды скарачаюцца», – сказаў ён.

Прадугледжаны праектам дэкрэта пералік патрабаванняў будзе абавязковым для выканання ў ходзе ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў разглядаемай сферы, да іх адмены будуць мець для суб’ектаў гаспадарання рэкамендацыйны характар.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць стабільнай і прадказальнай сітуацыі ў падатковай сферы. Плануецца ўвесці забарону да 2020 года на ўвядзенне новых падаткаў і павышэнне падатковых ставак. «Думаю, на гэта трэба пайсці. Паглядзім, што ў нас з гэтага атрымаецца», – сказаў ён.

«І іншыя патрабаванні, у тым ліку ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар’ераў. Каб тыя, хто хочуць адкрыць бізнес, маглі зрабіць гэта не за год-паўтара, а літаральна адразу або на працягу месяца, каб не было ніякіх бюракратычных затрымак. Мы таксама замацоўваем гэта ў такіх дакументах», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым праект дэкрэта з’яўляецца ключавым з падрыхтаванага пакета дакументаў і прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржавы і бізнесу. Мінімізуецца ўмяшанне дзяржавы ў работу суб’ектаў гаспадарання, узмацняюцца механізмы самарэгулявання бізнесу і яго адказнасць за сваю дзейнасць перад грамадствам пры захаванні неабходнага ўзроўню кантролю з боку дзяржавы.

Акрамя ўжо названых нормаў плануецца ўвядзенне паведамляльнага парадку ажыццяўлення асобных найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. У адпаведны пералік увойдуць бытавыя, турыстычныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць сельгаспрадукцыі, будматэрыялаў і іншая дзейнасць. Паводле даных Міністэрства эканомікі, менавіта ў гэтых сферах сканцэнтравана каля 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу.

Для заняцця гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу «адно акно» (таксама магчыма накіраванне паштовага адпраўлення з паведамленнем аб уручэнні) або з дапамогай партала электронных паслуг, і на наступны дзень асоба будзе мець права ажыццяўляць заяўлены від эканамічнай дзейнасці. Пры гэтым, падаючы такое паведамленне, суб’ект гаспадарання аўтаматычна бярэ на сябе адказнасць за адпаведнасць сваёй дзейнасці заканадаўству.

Чакаецца таксама максімальнае зняцце адміністрацыйных бар’ераў, звязаных з наяўнасцю складаных і доўгіх працэдур атрымання даведак, узгадненняў і іншых відаў дазвольнай дакументацыі.

Разам з гэтым будзе ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай работы прадпрыемства. Такім чынам, у дакуменце рэалізаваны адзін з ключавых падыходаў, абазначаных Прэзідэнтам, аб мінімальным умяшанні дзяржавы ў эканамічную дзейнасць суб’екта гаспадарання пры павышэнні асабістай адказнасці яго кіраўніка.

«У нас і так, я лічу, у гэтым плане нядрэнны парадак, мы вельмі шмат у гэтым напрамку зрабілі. Але бізнес хацеў бы большай свабоды ў гэтым плане і зняцця некаторых адміністрацыйных працэдур. Я таксама згодны з тым, што калі жыццё паказвае, што мы недзе можам зрабіць крокі ў гэтым напрамку, іх трэба рабіць своечасова. Не думаю, што мы адстаём тут, але тым не менш», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

З улікам прынцыпу, у адпаведнасці з якім ліцэнзаванню падлягаюць толькі тыя віды дзейнасці, ажыццяўленне якіх спалучана непасрэдна з наяўнасцю пагроз нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, навакольнаму асяроддзю, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян, праектам указа прадугледжваецца адмена 3 з 36 ліцэнзуемых цяпер відаў дзейнасці і 20 работ, паслуг, што складаюць віды дзейнасці.

У прыватнасці, суб’ектам гаспадарання не спатрэбіцца атрыманне ліцэнзіі пры ажыццяўленні аўтамабільных перавозак пасажыраў (за выключэннем міжнародных), паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па аказанні псіхалагічнай дапамогі, а таксама звязанай з аказаннем юрыдычных паслуг (за выключэннем рыэлтарскіх), кантролем радыеактыўнага забруджвання, аховай юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, што належыць ёй.

Замацоўваецца выключнае права суда сваім рашэннем спыніць дзеянне ліцэнзіі або ануляваць яе. Аляксандр Лукашэнка заслухаў падрабязны даклад наконт гэтага, адзначыўшы, што з іншага боку недапушчальна перагружаць судовую сістэму, перакідваючы на яе функцыі іншых органаў улады. Адзначаецца, што ў мэтах абароны жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, навакольнага асяроддзя, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ліцэнзуючыя органы па-ранейшаму будуць мець права прыпыніць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання да ўстаранення імі дапушчаных парушэнняў ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў або да разгляду справы судом.

Васіль Мацюшэўскі растлумачыў, што, як правіла, у выпадку адклікання ліцэнзіі канкрэтны бізнес спыняе сваё існаванне. «Таму гэта вельмі важнае пытанне як для самога прадпрымальніка, так і для наёмных работнікаў, грамадства ў цэлым. Для таго каб гэтую істотную рызыку нейкім чынам нівеліраваць, павінен быць спаборны працэс, калі ліцэнзуючы орган павінен у судовым працэсе даказаць тыя ці іншыя істотныя фактары, якія патрабуюць менавіта адклікання ліцэнзіі», – сказаў ён.

Прадугледжана, што з 1 ліпеня 2018 года выдача ліцэнзій будзе ажыццяўляцца выключна ў электронным выглядзе. Тым самым адмяняецца папяровая форма ліцэнзіі. Праектам указа прадугледжваецца фарміраванне і вядзенне адзінага рэестра ліцэнзій, які змяшчае даныя аб выдадзеных ліцэнзіях, унясенні ў іх змяненняў. Доступ да даных гэтага рэестра будзе адкрыты ўсім зацікаўленым і забяспечвацца кругласутачна пры дапамозе сеткі Інтэрнэт на бязвыплатнай аснове.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месцаў для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, муроўцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп’ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр’ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.

Такім чынам, у пераліку легалізаваны віды эканамічнай дзейнасці, якія сёння фактычна ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі ў дамашніх умовах (напрыклад, цырульніцкія паслугі) або могуць ажыццяўляцца ў такіх умовах без пагрозы прычынення шкоды як асобна ўзятым грамадзянам, так і грамадству ў цэлым.

Выданне ўказа створыць дадатковыя ўмовы для павышэння самазанятасці насельніцтва, уключэння яго ў эканамічную дзейнасць і, такім чынам, будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.

На Нацыянальным прававым партале апублікаваны ўказ нумар 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» ад 19 верасня 2017 года. Ва ўказе таксама прапісаны памеры базавых ставак адзінага падатку для фізічных асоб, якія будуць займацца эканамічнай дзейнасцю без рэгістрацыі ў якасці ІП.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>